Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатырохразовы алімпійскі чэмпіён Віктар Сідзяк заяўляе аб неабходнасьці прыняцьця закону “Аб алімпійскім чэмпіёне”


Ігар Карней, Менск Беларускія алімпійцы аб’ядноўваюцца ў Клюб алімпійскіх чэмпіёнаў, ініцыятарам стварэньня якога выступіў чатырохразовы алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні на шаблях Віктар Сідзяк. Галоўнай задачай Клюбу – адаптацыя і працаўладкаваньне спартоўцаў пасьля завяршэньня кар’еры. Але дзеля гэтага, паводле спадара Сідзяка, неабходна прыняць Закон “Аб алімпійскім чэмпіёне”.

Пакуль ў складзе патэнцыйных сябраў Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў 20 чалавек – усе яны чэмпіёны Алімпіядаў розных гадоў. Што да неабходнасьці аб’яднаньня намаганьняў выбітных людзей адзін з найбольш славутых беларускіх спартоўцаў, Віктар Сідзяк, тлумачыць гэта наступным чынам:

(Сідзяк: ) “Нас параўноўваюць з навукоўцамі, іншымі… Мы зусім іншая катэгорыя. У нас разьвіцьцё ідзе да 30-35 гадоў. Я пакуль іду да вяршыняў, адкідваю ўсе свае жаданьні. Што ў мяне застаецца? Я падыходжу да 30-гадовай мяжы толькі з шабляй... Галіновае міністэрства павінна стварыць базу для такіх, як мы, алімпійскіх чэмпіёнаў. Базу пасадаў, базу заробкаў. Выйграў – калі ласка, працуй у галіне. Як у іншы краінах гэта робіцца – у Вугоршчыне, Італіі, Нямеччыне”.

Пакуль што, як мяркуе спадар Сідзяк, у Беларусі пануе заганная традыцыя. Дзяржава цікавіцца спартоўцам толькі тады, калі ён прыносіць краіне славу ды мэдалі. Аднак пасьля завяршэньня кар’еры гэты, малады яшчэ чалавек, больш нікога не цікавіць, і шляхі спартоўцаў і чыноўнікаў упарта разыходзяцца. У выніку спартоўцы, якія “выйшлі ў наклад”, часта існуюць на ўзроўні жабракоў, без пастаяннай працы, без жытла. Каб зьмяніць сытуацыю, Сідзяк мае намер ініцыяваць прыняцьцё закону “Аб алімпійскім чэмпіёне”:

(Сідзяк: ) “Нашая задача – дапамагчы самім сабе, прыблізіць паралелі, якімі ідуць спартоўцы і чыноўнікі. Гэтыя паралелі ўвесь час разыходзяцца, і іх трэба звузіць. Гэта задача Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў – зрабіць так, што калі вялікі спорт завяршаецца, парашутаваньне з той вышыні павінна адбывацца мякка. І Беларусь, дарэчы, будзе першай краінай, калі мы заканадаўча правядзём закон “Аб алімпійскім чэмпіёне”. Цяпер жа мы цалкам залежым ад добрага (ці нядобрага) “дзядзькі”, чыноўніка”.

Цягам некалькіх апошніх гадоў спадар Сідзяк жыў і працаваў у Італіі, дзе падрыхтаваў чэмпіёна нядаўніх Алімпійскіх гульняў у Грэцыі. Ён канстатуе: мала дзе ў сьвеце так ставяцца да алімпійцаў, як у Беларусі. І расказвае пра ўласны досьвед:

(Сідзяк: ) “Я бегаю ўжо тры гады па ўсіх інстанцыях. Я – маэстра, прафэсар вышэйшай катэгорыі. Я скончыў у Нэапалі акадэмію, і ў мяне прымалі іспыты на італьянскай мове. Я падрыхтаваў алімпійскага чэмпіёна, італьянца Мантану. А тут я не знаходжу сабе месца. Ды мяне павінны запрасіць і сказаць: вось табе заля, абсталяваньне – наперад!”

Дакумэнты на рэгістрацыю Клюбу алімпійскіх чэмпіёнаў знаходзяцца на разглядзе ў міністэрстве юстыцыі. Віктар Сідзяк спадзяецца, што цягнуць з рэгістрацыяй міністэрства моцна ня будзе, і неўзабаве пра Клюб можна будзе казаць як пра рэальны факт. А вось наколькі алімпійскае аб’яднаньне сапраўды будзе дзейным – пакажа бліжэйшы час.
XS
SM
MD
LG