Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФПБ дасьледуе захаванасьць правоў працоўных на недзяржаўных прадпрыемствах


Галіна Абакунчык, Менск Абласныя аб’яднаньні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі распачалі дасьледаваньні ў справе захаваньня правоў працоўных на недзяржаўных прадпрыемствах краіны. Гэтая праца скіраваная на выкананьне адпаведнага распараджэньня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Як тлумачаць мэту гэтай акцыі кіраўніцтва ФПБ і як праводзіць такія дасьледаваньні прафсаюз, які ёсьць грамадзкай арганізацыяй? Мэтай дасьледаваньня захаванасьці правоў працоўных у недзяржаўных структурах ёсьць падрыхтоўка ўмоваў для стварэньня на гэтых прадпрыемствах і арганізацыях першасных прафсаюзных суполак. Як вядома, з такой ініцыятывай выступіла кіраўніцтва ФПБ, і цяпер распрацоўваюцца адпаведныя папраўкі ў дзейнае заканадаўства.

Паводле кіраўніцы прэсавай службы фэдэрацыі Ірыны Каганец, падставай для гэтага нібыта сталіся шматлікія звароты працаўнікоў прыватных прадпрыемстваў, якія цікавіліся, ці не парушаюцца іхныя правы, калі ім выдаюцца заробкі ў канвэртах, ці правільна ўсталёўваюцца памеры заробкаў, працягласьць працоўнага дня й гэтак далей. Але яна запэўніла, што і маніторынг, і прафсаюзныя суполкі будуць праводзіцца выключна са згоды кіраўнікоў недзяржаўных структураў, а таксама супрацоўнікаў гэтых арганізацыяў. Вось што спадарыня Каганец сказала ў інтэрвію Свабодзе:

(Каганец: ) “Мы будзем праводзіць тлумачальную працу ў калектывах. Калі яны гэтага ня хочуць – ніхто гэтага рабіць ня будзе. Але там, дзе гэта неабходна, і ў адпаведнасьці са зваротамі, якія да нас паступілі, так, мы будзем праводзіць такую работу”.

Намаганьне замацаваць на заканадаўчым узроўні абавязак для кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў пералічваць на рахунак ФПБ 3% з фонду аплаты працы, калі прафсаюзныя суполкі на іхных прадпрыемствах ня будуць створаныя, у ФПБ тлумачаць, канечне ж, як жаданьне стымуляваць ці не перашкаджаць стварэньню такіх суполак.

Лідэры незалежных прафсаюзаў Беларусі камэнтуюць гэта інакш. Яны пагаджаюцца, што праблема парушэньня правоў працоўных на прыватных прадпрыемствах актуальная гэтак жа, як і на дзяржаўных, што прафсаюзы там мусяць працаваць. Але ў гэтай сувязі адзін зь лідэраў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Мікалай Кінах згадаў нядаўнюю гісторыю, калі да іх па юрыдычную дапамогу аб стварэньні прафсаюзнай суполкі зьвярнуліся кіроўцы маршрутных таксовак аднаго з прыватных прадпрыемстваў. Як толькі пра гэта даведаўся гаспадар прадпрыемства, то адразу ж звольніў усіх 15 чалавек, якія спрабавалі гэта зрабіць, згадвае спадар Кінах.

Гэткім чынам, ён робіць выснову, што кіраўніцтва фэдэрацыі цудоўна разумее, што без адміністрацыйнага рэсурсу, які парушае прынцыпы свабоды прафсаюзаў, ніякія першасныя суполкі там створаныя ня будуць. Мажліва, ФПБ перасьледуе іншыя мэты – кажа Мікалай Кінах:

(Кінах: ) “Наймальніку будзе дадзеная каманда стварыць прафсаюз. І ён будзе выбіраць, што яму лепш: ці мець першасную арганізацыю, якая будзе яго турбаваць, ці плаціць фэдэрацыі 3%. Таму, я думаю, прадпрымальнікі будуць плаціць фэдэрацыі 3%, але не дазволяць ніякіх прафсаюзаў. Праблема – яна й застанецца. Фэдэрацыя – яна ня ставіць мэтай абараніць правы працоўных, а папоўніць сваю казну”.

Паводле адмыслоўцаў, калі ўлічыць, што кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, то ёсьць вялікая верагоднасьць, што ўсе ініцыятывы й задумкі ФПБ хутка набудуць форму заканадаўчага акту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG