Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 сьнежня 1520 году ў Нясьвіжы нарадзілася Барбара Радзівіл


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 5 і 6 сьнежня

Сьпярша – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

5 сьнежня 1931 году ў Маскве быў узарваны Храм Хрыста Збаўцы, які стаў адным з сымбаляў перабудовы ў СССР. Бальшавікі зьнішчылі гэты збудаваны на народныя грошы сабор і зрабілі на ягоным месцы басэйн “Масква”. Пасьля распаду СССР на месцы басэйна быў адноўлены храм.

Сярод славутых людзей, якія 5 сьнежня ў розныя гады пакінулі гэты сьвет, згадаем аўстрыйскага кампазытара Вольфганга Амадэя Моцарта, францускага пісьменьніка Аляксандра Дзюма-бацьку, польскага празаіка Ўладыслава Рэйманта й францускага мастака, пачынальніка імпрэсіянізму Клёда Манэ.

5 сьнежня ў 1992 годзе ня стала Мікалая Ігнатовіча – першага генэральнага пракурора незалежнай Рэспублікі Беларусь. Ігнатовіч падтрымаў дэмакратычны рух у краіне ў часы перабудовы і сам быў падтрыманы БНФ на выбарах у апошні Вярхоўны Савет СССР.

5 сьнежня ў розныя гады нарадзіліся начальнік польскай дзяржавы Юзэф Пілсудзкі, амэрыканскі мультыплікатар Ўолт Дыснэй і беларускі паэт Алесь Разанаў, якому ўчора споўнілася 57 гадоў.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

6 сьнежня нацыянальнае сьвята Фінляндыі – Дзень незалежнасьці, якую фіны прыдбалі ў 1917 годзе ў выніку бальшавіцкага перавароту ў Расеі. Фінляндыя была адной з краінаў, што афіцыйна прызналі БНР у 1918 годзе, а ў 1992-м стала адной зь першых заходніх дзяржаваў, што ўсталявалі дыпляматычныя дачыненьні зь Беларусяй.

6 сьнежня 1520 году ў Нясьвіжы нарадзілася Барбара Радзівіл. Кажуць, што яна была адзінай каралевай у Эўрапейскай гісторыі, якая выйшла замуж па каханьні. Першай дзяржаўнай асобай у нашых краях яна прабыла толькі год, загінула ад атруты – цалкам у духу шэксьпіраўскіх трагедыяў.

6 сьнежня 1800 году нарадзіўся Язэп Ходзька, геадэзіст і тапограф. Ходзька праводзіў градусныя вымярэньні на тэрыторыі Беларусі. Быў ён сябрам Парыскага геаграфічнага таварыства й ганаровым сябрам Расейскага геаграфічнага таварыства.
XS
SM
MD
LG