Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма блякуе выкананьне рашэньня Вярхоўнай рады аб адстаўцы ўраду Януковіча й фармаваньні новага складу ЦВК


Валер Каліноўскі, Кіеў 4 сьнежня Вярхоўная рада Ўкраіны з-за нязгодаў між парлямэнцкімі фракцыямі ня здолела прыняць меркаванае рашэньне аб зьменах выбарчага заканадаўства. На галоўным пляцы Кіева працягваецца бестэрміновы мітынг апазыцыі з удзелам дзясяткаў тысячаў людзей.

Асноўная падзея сёньняшняга дня – тое, што Вярхоўная рада не змагла прыняць зьмены ў закон аб выбарах прэзыдэнта і ўхваліць палітычную рэформу, якая прадугледжвае канстытуцыйныя зьмены, што абмяжоўваюць паўнамоцтвы прэзыдэнта – гэтыя два дакумэнты прапаноўваліся ў адным пакеце. Пракучмаўскія фракцыі Вярхоўнай рады, камуністы й нават сацыялісты Аляксандра Мароза абвінавацілі ў зрыве дамоўленасьці “Нашу Ўкраіну” Віктара Юшчанкі й блёк Юліі Цімашэнкі.

Наступнае, чарговае паседжаньне парлямэнту адбудзецца 14 сьнежня. Такім чынам, у гэтых умовах малаверагоднай выглядае зьмена закону аб выбарах прэзыдэнта да дня перагаласаваньня 26 сьнежня. Гэтая дата сёньня была афіцыйна зацьверджаная Цэнтравыбаркамам Украіны згодна з учорашнім рашэньнем Вярхоўнага суду, які скасаваў вынікі галасаваньня 21 лістапада.

Віктар Януковіч сёньня праз свайго прэсавага сакратара Ганну Герман заявіў пра сваю згоду ўдзельнічаць у перагаласаваньні і пра надзею на перамогу. Нягледзячы на тое, што ён лічыць рашэньне Вярхоўнага суду неканстытуцыйным і палітычна матываваным. Януковіч таксама не зьбіраецца выконваць рашэньне парлямэнту аб ягонай адстаўцы да таго часу, пакуль адпаведны ўказ не падпіша Леанід Кучма.

Тым часам у Харкаве прайшоў зьезд прадстаўнікоў мясцовага самакіраваньня рэгіёнаў усходу і поўдня Ўкраіны. Яны заклікалі і Віктара Януковіча, і Віктара Юшчанку зьняць свае кандыдатуры з прэзыдэнцкіх выбараў.

Такім чынам, палітычная сытуацыя ва Ўкраіне ўскладняецца, але пазыцыя каманды Віктара Юшчанкі тлумачыцца тым, што дзейны прэзыдэнт Леанід Кучма фактычна блякуе выкананьне рашэньня Вярхоўнай рады аб адстаўцы ўраду Януковіча й аб фармаваньні новага складу Цэнтравыбаркаму. І ніякіх гарантыяў таго, што Кучма зьменіць сваю жорсткую пазыцыю, няма.

Прадстаўнік Віктара Юшчанкі Мікола Таменка на майдане Незалежнасьці заклікаў усіх удзельнікаў акцыі пратэсту ў Кіеве да далейшага ціску на прэзыдэнта Кучму з мэтай фармаваньня новых умоваў для выбараў 26 сьнежня і выкананьня ўсіх рашэньняў парлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG