Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбігнеў Бжэзіньскі: “Эўразьвяз мае перагледзець сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі”


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні на штогадовай міжнароднай канфэрэнцыі эўрапейскіх і амэрыканскіх парлямэнтароў, дыпляматаў і палітолягаў найбольш увагі надавалася сёлета Беларусі і Ўкраіне.

3-4 сьнежня ў Вільні адбывалася міжнародная канфэрэнцыя на высокім узроўні эўрапейскіх і амэрыканскіх парлямэнтароў, дыпляматаў, палітолягаў, на якой абмяркоўваліся шляхі супрацоўніцтва краінаў Эўразьвязу й ЗША зь Беларусьсю, Украінай, Малдовай і краінамі Паўдзённага Каўказа.

Гэта так званая “Віленская канфэрэнцыя”, якая ўпершыню адбылася ў 1997 годзе ў выніку агульных высілкаў лідэраў краін Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, якія імкнуліся далучыцца да НАТО. Ад таго часу такая канфэрэнцыя на высокім узроўні ладзіцца штогод– гэта дыскусія аб важнейшых пытаньнях замежнай палітыкі стратэгічных партнэраў з абодвух бакоў Атлянтыкі.

Сёлетняя дыскусія найбольш увагі надавала сытуацыі ў Беларусі й ва Ўкраіне. Паводле міністра замежных справаў Літвы Антанаса Валёніса, які прадставіў вынікі дыскусіяў на канфэрэнцыі, Літва і надалей мяркуе выконваць актыўную ролю ў спрыяньні дэмакратычным працэсам Беларусі й будзе і надалей імкнуцца ня толькі падтрымліваць беларускую дэмакратычную апазыцыю, але і супрацоўнічаць зь беларускімі парлямэнтарамі – паводле міністра, супрацоўніцтва не азначае легітымізацыю беларускага парлямэнту.

У ліку ўдзельнікаў канфэрэнцыі быў вядомы палітоляг, дарадчык цэнтра стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў ЗША Зьбігнеў Бжэзіньскі. Паводле З.Бжэзіньскага, цяпер ва Ўсходняй Эўропе адбываюцца працэсы постімпэрыялістычнай кансалідацыі, і краіны стаяць перад выбарам – альбо вяртаньня да мінулага, альбо трансфармацыі. Надзвычай важным ёсьць разьвіцьцё падзеяў ва Ўкраіне, што вызначыць далейшае разьвіцьцё падзеяў у Беларусі. З. Бжэзіньскі сказаў:

(Бжэзіньскі: ) “Я аптыміст адносна Беларусі, таму што я жыў зь беларусамі 4 гады. Я меў дачыненьні зь людзьмі з былога СССР ад 1957 году, больш паловы стагодзьдзя. І калі параўнаць стан думак афіцыйных асобаў нават колішняй Савецкай Беларусі з тым, што ёсьць цяпер, напачатку ХХІ стагодзьдзя, нельга не пагадзіцца з тым, што велізарныя зьмены адбыліся. Таму што Эўразьвяз – гэта не тэарэтычная мадэль жыцьця, але супольныя каштоўнасьці, стан мысьленьня. І калі цяпер не далі вынікаў тыя шляхі, якімі Эўразьвяз спрабаваў спрыяць дэмакратычным зьменам у Беларусі, гэта не азначае, што Эўразьвяз не павінен быў спрабаваць гэта рабіць. Так, пакуль няма посьпехаў, і нават, выглядае, страчаная вера ў грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, але менавіта таму зараз Эўразьвяз мае перагледзець сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Я аптымістычна гляджу на тое, што нешта істотнае зьявіцца ў выніку гэтай пераацэнкі”.

Усяго ўдзельнікаў сёлетняй канфэрэнцыі было блізу паўсотні, у тым ліку – прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус, (часовы) міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс, кангрэсмэн ЗША, старшыня парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Элсі Гастынгс, парлямэнтары Латвіі і Швэцыі, дыпляматы зь Нямеччыны, Даніі, Францыі, Бэльгіі, Славакіі, Латвіі, Швэцыі, Вугоршчыны, у тым ліку – нямецкі дыплямат, былы кіраўнік місіі АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік, афіцыйныя прадстаўнікі Эўразьвязу і НАТО, экспэрты ў міжнародных дачыненьнях з Польшчы, Славакіі, Францыі й ЗША.
XS
SM
MD
LG