Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На вуліцах Кіева – сьвяточны настрой і шлюбы


Валер Каліноўскі, Кіеў Цэнтрвыбаркам Украіны выканаў рашэньне Вярхоўнага суда Ўкраіны й прызначыў перагаласаваньне другога туру выбараў на 26 сьнежня. Як сустрэлі гэтае рашэньне на кіеўскіх вуліцах, на якіх працягваецца мірная аранжавая рэвалюцыя? Па ўсім Кіеве на розных пляцоўках працягваюцца мітынгі і самадзейныя канцэрты, другія суткі людзі сьвяткуюць перамогу каманды Юшчанкі ў Вярхоўным судзе.

Добраму настрою спрыяе й надвор’е. Усе перакананыя, што 26 сьнежня пад час перагаласаваньня другога туру выбараў іх лідэр Віктар Юшчанка пераможа зь вялікім адрывам, але чакаюць калі Вярхоўная Рада прыме, а Леанід Кучма падпіша закон пра дэмакратызацыю выбарчага працэсу, а Віктар Януковіч пойдзе ў адстаўку.

(Дэманстрант: ) “Мы паказалі ўсяму сьвету, як мірна можна ўзяць ўладу ў свае рукі”.

Блякада будынкаў Кабінэта міністраў і Адміністрацыі прэзыдэнта працягваецца. Пра тэрміны аблогі гаворыць адзін з кіраўнікоў блякаваньня будынку ўраду, львоўскі рабочы:

(Рабочы: ) “Да перамогі, да нашай перамогі. Каб тут сядзеў Кабінэт міністраў народнага даверу. Каб наш прэзыдэнт тут знаходзіўся. І каб мы бачылі вынікі нашай працы”.

Пад вокнамі будынку ўраду маніфэстанты працягваюць барабаніць у жалезныя бочкі, што ягоныя супрацоўнікі ўспрымаюць як “псыхічную атаку”.

У намётавым гарадку на Храшчаціку кажуць, што разыдуцца толькі тады, калі іх аб гэтым папросіць Віктар Юшчанка.

(Маніфэстант: ) “Я перакананы, што адсюль ніхто ня пойдзе без перамогі, тут людзі вельмі цьвёрда наладжаныя, усе хочуць жыць нармальна, усе хочуць жыць у прававой дзяржаве”.

Пасьля абеду ў намётавым гарадку на Храшчаціку прайшло вясельле дзьвюх параў удзельнікаў акцыі пратэсту. Нявеста Галя была ўся аранжавых стужках: яна з Данецка і выходзіла замуж за хлопца Колю з Роўна, што адпавядала актуальнаму цяпер лёзунгу “Ўсход і Захад разам”. Яшчэ з адной парай удалося пагаварыць:

(Нявеста: ) “Я – Рыта, з Луганска.”

(Карэспандэнт: ) “А хто ваш абраньнік?”

(Нявеста: ) “Паша”.

(Карэспандэнт: ) “А адкуль ён?”

(Нявеста: ) “З Кіева”.

(Карэспандэнт: ) “Усход і Захад разам атрымліваецца”.

(Нявеста: ) “Канешне”.

(Жаніх: ) “Усход і Цэнтар. Але жыла б яна на Захадзе, альбо я на Усходзе, гэта нічога б не зьмяніла”.

(Карэспандэнт: ) “А дзе вы пазнаёміліся?”

(Жаніх: ) “Па інтэрнэту, у чаце. А тут сустрэліся, я прыйшоў сюды ўдзельнічаць у акцыі, і яна самавольна прыехала. І вось прыйшлося яе знайсьці, каб не згубілася тут. І цяпер увесь час мы кожны дзень разам”.

Жаніх Паша сказаў, што шлюбную ноч зьбіраецца праводзіць у асобным намёце на Храшчаціку.

Мінае час першых эмацыйных ацэнак украінскіх падзеяў, людзі пачалі разважаць больш глябальна. Гаворыць лекар з жытомірскай вобласьці Мікола Міхайлавіч, які больш за 10 дзён утрымліваў мэдычны намёт на блякаванай адміністрацыі прэзыдэнта:

(Лекар: ) Кожная нацыя павінна пасьля таталітарнага рэжыму, гэта думка шараговага байца рэвалюцыі, павінна перажыць працэс высьпяваньня. Народ мае дарасьці да паняцьця сваёй самасьвядомасьці, што кожны чалавек – гэта асоба, што ёю нельга маніпуляваць”.
XS
SM
MD
LG