Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты іншых партыяў пераходзяць у фракцыю Юшчанкі


Валер Каліноўскі, Кіеў Пакуль Вярхоўны суд рыхтаваўся да вынясеньня рашэньня па скарзе даверанай асобы Юшчанкі аб непрызнаньні вынікаў другога выбараў, апазыцыйныя фракцыі ў Вярхоўнай радзе працягвалі перацягваць на свой бок новых прыхільнікаў у парлямэнце з мэтай фармаваньня большасьці, якая магла б сфармаваць урад народнага даверу.

Працэс выхаду дэпутатаў з пракучмаўскіх фракцыяў ідзе ўжо некалькі дзён, прыхільнік Януковіча дэпутат Нестар Шуфрыч назваў гэты працэс “перабежкай пацукоў з карабля на карабель.”

Сёньня гэты перабег працягваўся асабліва інтэнсіўна. Фактычна раскалолася фракцыя партыі Сяргея Цігіпкі “Працоўная Ўкраіна”, зь яе выйшла 10 сябраў разам зь лідэрам Ігарам Шаровым. Спадар Шароў заявіў пра распад ранейшай урадва-парлямэнцкай кааліцыі, паколькі час прэзыдэнцтва Кучмы завяршаецца. Адначасова фармуецца большасьць вакол “Нашай Украіны” Віктара Юшчанкі.

Нягледзячы на супраціў камуністаў і “Рэгіёнаў Украіны” Вярхоўная рада сёньня змагла падоўжыць сэсію на суботу і нядзелю, каб разгледзець пытаньні аб зьменах у Законе аб выбарах прэзыдэнта Ўкраіны, адносна даты перагаласаваньня, фармаваньня новага складу Цэнтарвыбаркаму, праект палітычнай рэформы, якая патрабуе зьменаў у Канстытуцыі. Апошні пункт неабходны для кампрамісу ў Радзе, таксама як і сёньняшняе прыняцьце пастановы парлямэнту з прапановай Леаніду Кучме вывесьці ўкраінскі міратворчы кантынгент з Ірака, што адпавядае палажэньням перадвыбарчай праграмы Юшчанкі.

Апазыцыя па-ранейшаму рашуча адмаўляецца ад прапановы новых выбараў, якая навязваецца Кучмам і Крамлём, і настойвае на перагаласаваньні другога туру выбараў праз два тыдні. Пра гэта заявіў на Майдане незалежнасьці адзін зь лідэраў Сацпартыі Юрый Луцэнка:

(Луцэнка: ) “Мы пераходзім з акопных дзеяньняў учарашняга дня да наступу. Заклікаю вас быць сьведкамі фармаваньня ў Вярхоўнай радзе новага кааліцыйнага ўраду народнага даверу”.

Паводле Юрыя Луцэнкі, кіраўніком гэтага ўраду можа стаць лідэр Сацпартыі Аляксандар Мароз.

Леанід Кучма дагэтуль не выканаў наўпростае прадпісаньне Канстытуцыі, не накіраваў ў адстаўку ўрад Януковіча, аднак міністры і так ня могуць патрапіць на працу з-за блякады маніфэстантамі будынку Кабміну.

Сёньня праблемы выхаду з крызыснай сытуацыі абмяркоўваліся на сустрэчы Леаніда Кучмы зь міністрамі й лідэрамі парлямэнцкіх фракцыяў у ягонай загараднай рэзыдэнцыі. Леанід Кучма пацьвердзіў сваю прыхільнасьць падпісанаму на круглым стале з удзелам міжнароднай грамадзкасьці мэмарандуму.
XS
SM
MD
LG