Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 2 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 2 сьнежня.

“Беларуская крыніца”, 1934 год:

“Беларускі Календар-кніжка на 1935 год пад назовам “Беларускі Народна-Гаспадарскі Календар” выйшаў з друку і прадаецца. Мае 136 стар. друку і малюнкі… У сёлетнім календары-кніжыцы ёсьць стары й новы стыль, праваслаўныя і каталіцкія сьвяты, усход і заход сонца, зьмены месяца і інш. Ёсьць у ім уважна й добра апрацаваныя гэтакія аддзелы: 1. Гісторыя беларускага народу, 2. Географія Беларусі, 3. Патрэбы беларускага народу, 4. Аддзел літаратурны (цікавыя й харошыя апавяданьні й вершы), 5. Гігіена (аб жыцьці, ядзе, вопратцы й лячэньні), 6. Вельмі багаты гаспадарскі аддзел… Цана календара 65 грашоў”.

“Вечерний Минск”, 1974 год:

“Вытанчаныя жаночыя сумкі, прыгожыя й практычныя валізы, партфэлі, школьныя ранцы, партманэты, раменчыкі для гадзіньнікаў і дзясяткі іншых вырабаў выпускае Менская скурна-галянтарэйная фабрыка імя В.Куйбышава… 30 лістапада ў гонар залатога юбілею фабрыкі адбыўся ўрачысты сход яе калектыву. Пад бурныя аплядысмэнты быў абраны ганаровы прэзыдыюм урачыстага сходу ў складзе Палітбюро ЦК КПСС на чале з Генэральным сакратаром ЦК КПСС тав. Л.І.Брэжневым”.

“Знамя юности”, 1984 год:

“Дзяржаўны камітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі й кніжнага гандлю, ЦК ЛКСМБ і Саюз пісьменьнікаў БССР аб’явілі конкурс на найлепшы літаратурны твор для дзяцей і юнацтва, прысьвечаны 70-годзьдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі… Тэматыка можа быць самая разнастайная — выдатнае мінулае Краіны Саветаў, подзьвіг народу ў Вялікай Айчыннай вайне, героіка мірнай стваральнай працы савецкіх людзей. У канкрэтных творах павінны таксама ярка адбіцца роля школы і сям’і, камсамольскіх і піянэрскіх арганізацыяў у выхаваньні падрастаючага пакаленьня ў духу адданасьці сваёй Айчыне, Камуністычнай партыі, сьветлым ідэалам камунізму і міру”.
XS
SM
MD
LG