Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрыян Сэвэрын у Вільні абмеркаваў беларускае пытаньне зь літоўскімі дэпутатамі


Тацяна Поклад, Вільня Сёньня ў Літоўскім парлямэнце адбылася сустрэча і дыскусія са спэцыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека у Беларусі Адрыянам Сэвэрынам. Абмяркоўвалася праблема ізаляванасьці Беларусі і шляхі яе вырашэньня.

Адрыян Сэвэрын, спэцыяльны дакладчык ААН па становішчы з правамі чалавека у Беларусі, сёньня сустракаўся з чальцамі літоўскага парлямэнцкага камітэту замежных справаў.

У часе сустрэчы абмяркоўваліся зьнешнія і ўнутраныя прычыны ізаляванасьці Беларусі. Літоўскія парлямэнтары і прадстаўнік ААН у часе дыскусіі шукалі адказу на пытаньне – якімі шляхамі можна паскорыць разьвіцьцё Беларусі у кірунку дэмакратыі, як наблізіць Беларусь да яе суседзяў.

Сябра камітэту замежных справаў літоўскага парлямэнту Вацлаў Станкевіч, дакладчык па Беларусі ад літоўскай дэлегацыі у Парлямэнцкай асамблеі Эўропы, адзначае, што нелегітымнасьць беларускага парлямэнту значна ўскладняе шляхі дэмакратызацыі Беларусі.

(Станкевіч: ) “Калі мы гаворым, – і марым, – каб Беларусь павярнула на дэмакратычны шлях разьвіцьця, і чакаем гэтакіх зьменаў, то дазвольце спытацца – ад каго? Апазыцыя ня мае магчымасьці працаваць у парлямэнце Беларусі, яна ня мае гэтай трыбуны. Мы знаходзімся у замкнёным коле, – размаўляем з апазыцыяй і паміж сабой. А парлямэнтары Беларусі – не прызнаныя, ня абраныя дэмакратычна, – ня маюць кантактаў з намі. І таму мы ня маем вынікаў. Я лічу, што мы знойдзем шляхі, будуць у нас і магчымасьці, і час, каб сказаць сваім калегам дэпутатам (Беларусі), што, ўсё ж такі, вы абраныя недэмакратычна, і трэба мяняць законы у вашай краіне. Я буду прыкладаць намаганьні, каб гэта атрымалася. Становішча ў Беларусі павінна зьмяніцца, калі Беларусь зьменіць свае законы і падцягне гэтыя законы да стандартаў Эўропы, асабліва па выбарах, па сродках масавай інфармацыі. Так лепей мы будзем для іх (беларускіх парлямэнтароў) тлумачыць, што такое дэмакратыя, чым адмяжоўвацца, у выніку чаго яны кантактуюць толькі у сваім коле і ня маюць кантактаў з дэмакратычнай супольнасьцю”.

У выніку сустрэчы у парлямэнцкім камітэце замежных справаў Літвы са спэцыяльным дакладчыкам ААН па правах чалавека у Беларусі Адрыянам Сэвэрынам зробленая выснова, што, – як гаворыцца у афіцыйным паведамленьні, – “ключ да вырашэньня праблемаў з сытуацыяй у Беларусі” знаходзіцца ня толькі і ня столькі у Эўрапейскім Зьвязе альбо Расеі, але найперш, ў самой Беларусі – у яе здольнасьці адкрыцца сьвету, прызнаць агульныя міжнародныя нормы, прыняць сяброўскую руку, працягнутую суседзямі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG