Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саюз пісьменьнікаў атрымаў другое папярэджаньне Мінюсту


Валянціна Аксак, Менск Пісьмовае папярэджаньне вынесьлі за тое, што Берасьцейскае абласное аддзяленьне пісьменьніцкай арганізацыі з чэрвеня 2001 году не прадстаўляе ў падатковую інспэкцыю штомесячнай справаздачнасьці, чым парушае адпаведнае заканадаўства. Ніякае камэрцыйнае дзейнасьці ні гэтае аддзяленьне, ні іншыя пісьменьніцкія суполкі не вядуць.

Атрыманае папярэджаньне супала па часе з фактычнаю забаронаю пісьменьнікам выкарыстоўваць вялікую залю Дому літаратара для сваіх імпрэзаў і пагрозаю высяленьня з гэтага будынку сакратарыяту Саюзу пісьменьнікаў.

Намесьнік старшыні Саюзу пісьменьнікаў Барыс Пятровіч гаворыць, што парушэньне, за якое атрыманае папярэджаньне Мінюсту, дробнае й можа быць хутка выпраўленае. Якім чынам, гэта вырашыць 6 сьнежня нечарговая рада арганізацыі.

Праблема, аднак, у тым, што гэта ўжо другое на працягу году папярэджаньне Саюзу пісьменьнікаў:

(Пятровіч: ) “Першае папярэджаньне ў нас было за тое, што ў нас вісіць шыльда з гербам “Пагоня”, і за тое, што ў нас пячатка няправільная была. А трэці пункт там быў, што ў нас у арганізацыі ёсьць сябры, якія жывуць за межамі Беларусі. Мы на гэта тады адказалі, але нам таго папярэджаньня не зьнялі. А па трэцім папярэджаньні арганізацыя можа быць па заканадаўстве проста закрытая”.

У Міністэрстве юстыцыі камэнтаваць сытуацыю адмовіліся. Начальнік упраўленьня Міхаіл Сухінін сказаў:

(Сухінін: ) “Як гавораць, без камэнтарыяў”.

Між тым намесьнік старшыні Саюзу Барыс Пятровіч сказаў, што мінюстаўскае папярэджаньне супала па часе зь іншымі нэгатыўнымі падзеямі.

(Пятровіч: ) “Цяпер нас прымушаюць падпісаць дамову аб тым, што мы перадаем усе памяшканьні, якія маем, галоўнаму гаспадарчаму ўпраўленьню адміністрацыі прэзыдэнта. Вось цяпер прыйшоў дырэктар гэтага дому і сказаў, што з панядзелка апячатае нашыя памяшканьні... Забаранілі выкарыстоўваць залю галоўную…Учорашняя вечарына, якая была, вечарына Генадзя Бураўкіна, можа быць апошняй”.
XS
SM
MD
LG