Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віктар Юшчанка быў атручаны дыяксынамі?


Кастусь Бандарук, Прага У сёньняшнім выпуску перадачы “Навіны сучаснай мэдыцыны”: брытанскі таксыколяг Джон Генры лічыць, што Віктар Юшчанка напэўна быў атручаны дыяксынамі.

“Я ведаю, што было пададзена Віктару Юшчанку. Існуе ўсяго некалькі субстанцыяў, якія могуць ў такі кароткі час выклікаць такую зьмену выгляду чалавека. На маю думку, гэты былі дыяксыны, найбольш атрутныя субстанцыі, якія дагэтуль вырабіў чалавек”, – заявіў Джон Генры ў артыкуле, што быў апублікаваны на вэбсайце навуковага часопісу “Nature”.

Генры працуе на пасадзе клінічнага таксыколяга ў лёнданскім шпіталі Сьв. Марыі і зьяўляецца кансультантам ў Нацыянальным інфармацыйным цэнтры атручэньняў Вялікай Брытаніі.

***

Яшчэ ў жніўні сёлета лідэр ўкраінскай апазыцыі нагадваў зорку кіно. Са сваім здаровым колерам твару, густымі валасамі і стройнай фігурай ён нават не выглядаў на свае 49 гадоў.

Нагадаем, што ўначы з 5 на 6 верасьня ён адчуў сябе вельмі дрэнна, скардзіўся на боль галавы і жывата. Паколькі ягоны стан рэзка пагаршаўся, Юшчанка быў перавезены ў прыватную клініку ў Вене –“Рудольфінэргаўз”.

Аўстрыйскія лекары пацьвердзілі, што хвароба Юшчанкі магла прывесьці да паралічу і сьмерці.

Лекары выратавалі Юшчанку ад сьмерці, аднак прычынаў таямнічай хваробы так і адназначна не выясьнілі. На іхную думку, прайшло за шмат часу з моманту магчымага атручэньня, і ўжо немагчыма выявіць у арганізьме сьляды атрутнай субстанцыі.

У адмысловай заяве аўстрыйскія лекары напісалі, што хвароба Юшчанкі не нагадвае “ніякай хваробы вядомай сучаснай мэдыцыне” і можа быць наступствам ужытай біялягічнай зброі.

Дырэктар венскай клінікі Міхаэль Цымпфэр папрасіў паставіць дыягназ вайсковых спэцыялістаў ў галіне біялягічнай зброі. Яны таксама не далі яснага адказу, але лічаць, што поўнае вылячэньне Юшчанкі – магчымае.

Лідэр украінскай апазыцыі вярнуўся зь Вены зьменены, з частковым паралічам твару і шэрагам іншых недамаганьняў. Выступаючы ў Вярхоўнай Радзе ён заявіў, што яго атруцілі агенты ўкраінскай службы бясьпекі, і гледзячы на яго большасьць дэпутатаў палічылі гэта вельмі праўдападобным.

Дарэчы, аўстрыйскі спэцыяліст, Лётар Вікэ, які цягам 12 дзён непасрэдна займаўся Юшчанкам у венскай клініцы атрымліваў ананімы з пагрозамі фізычнай расправы і папрасіў паліцыю забясьпечыць асабістую ахову.

Палітычныя апанэнты Юшчанкі тым часам распаўсюджвалі чуткі, што ён проста атруціўся японскім прысмакам – сырой рыбай “сусі”, якую запіваў вялікай колькасьцю каньяку.

***

Што такое дыяксыны? Дыяксыны – гэта кляс арганічных высока таксычных злучэньняў. Вядомыя каля 200 відаў дыяксынаў, якія ўзьнікаюць ў выніку размаітых формаў прамысловай вытворчасьці, у прыватнасьці ў выніку спальваньня таксычных адкідаў, сьмецьця, вугля і нафтавых прадуктаў, пры вытворчасьці паперы і пэстыцыдаў.

Дыяксыны зьяўляюцца тады, калі хлёр спалучаецца зь іншымі хімічнымі субстанцыямі пры высокай тэмпэратуры. Дыяксыны называюць “супэр-эка-таксынам”, паколькі яны пранікаюць паўсюль: у паветра, ваду, расьліны і целы жывых істотаў. Дыяксыны распушчаюцца ў тлушчы, і таму гэтая атрута лёгка адкладаецца і назапашваецца ў печані і тлушчавых клетках.У чалавечы арганізм яны пранікаюць разам з прадуктамі харчаваньня ды паветрам, і не выводзяцца зь яго, паколькі не раствараюцца ў вадзе. Пэрыяд гэтак званага паўраспаду дыяксынаў складае ад аднаго да 20 гадоў. Шмат дыяксынаў у прэснаводнай рыбе (адсюль тэорыю палітычных праціўнікаў Юшчанкі можна лічыць небеспадстаўнай).

Каварнасьць дыяксынаў палягае ў тым, што яны ня маюць ні смаку, ні паху, і іх адносна лёгка вырабіць у лябараторных умовах.

Дыяксыны ў дзесяць тысяч разоў болей атрутныя, чым цыяністы калій. Яны памалу, але пасьлядоўна разбураюць імунную сыстэму, пашкоджваюць унутраныя органы: печань, лёгкія, ныркі, сьпінны мозг і мазгавую кару. Яны выклікаюць рак і бясплоднасьць, паколькі зьнішчаюць такія гармоны, як інсулін і тэстастэрон.

Паводле Ўсясьветнай арганізацыі здароўя, дапушчальная доза дыяксынаў – ад 1 да 4 пікаграмаў. Пікаграм, гэта мільённая частка міліграму. У выніку звычайнага харчаваньня немагчымае перадазаваньне дыяксынамі.

Італьянскі экспэрт з унівэрсытэту ў Падуі Марчэліё Лоці лічыць, што каб выклікаць такія зьмены на твары Юшчанкі трэба было б цягам некалькіх дзён спажываць вялікую колькасьць найбольш шкодных прадуктаў.

Чалавек сярэдняй вагі, напрыклад мужчына, вага якога 80 кіляграмаў, памірае пасьля аднаразовага прыняцьця ў любым выглядзе 1,8 міліграма гэтай атруты. У выпадку меншай дозы ён выжыве, але са шматлікімі прыкрымі наступствамі, найперш прышчамі і вуграмі на твары і руках.

“Тое, што бачна на твары ў Віктара Юшчанкі, зеленаватае адценьне прышчоў, гэта амаль напэўна “хлёракна” (хлёрныя вугры), сымптом атручэньня дыяксынамі”, – кажа Джон Генры.

“Юшчанку ня было патрэбы падтручваць цягам некалькіх тыдняў. Дастаткова было адной вялікай дозы атруты пададзенай зь ежай” , – заяўляе Джон Генры. Ён мяркуе, што Юшчанка прыняў каля аднаго міліграма дыяксынаў.
XS
SM
MD
LG