Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Магілёве: “Ці аб''ектыўна асьвятляюць падзеі ва Ўкраіне беларускія і расейскія тэлеканалы?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Наколькі аб’ектыўна, на думку людзей, асьвятляюць украінскія падзеі беларускія і расейскія тэлеканалы? Ці давяраюць беларусы інфармацыі, якую яны падаюць? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Магілёва.

(Спадарыня: ) “Маё суб’ектыўнае меркаваньне, што рэальная карціна не паказваецца”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што расейскія больш аб’ектыўныя. Беларускія — не”.

(Спадар: ) “Беларускія неаб’ектыўныя. Яны з аналёгіі, што ў нас апазыцыя ў няміласьці, і там апазыцыю душаць. Паказваюць, што апазыцыя ўсюды выступае ў ролі сілы, якая вядзе да ўсякага роду беспарадку, а ўлады маюць рацыю заўсёды”.

(Спадарыня: ) “Усё ідзе згодна з сцэнарам. Няма ніякай свабоды, і людзі баяцца ў нас сказаць, калі б і хацелі. Вось украінцы мне падабаюцца, яны арганізаваныя: дамогуцца альбо не, ня ведаю, але народ паказвае, што ён хоча сказаць сваё слова, а ў нас баяцца людзі, заціснутыя”.

(Спадарыня: ) “Усе фразы й ідэі праглядаюцца, адна лінія. Расейскія таксама падтрымліваюць кагосьці, яны таксама маюць пэўныя мэты”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, што расейскія каналы абсалютна не даюць аб’ектыўнай інфармацыі. Яўна іх стаўленік Януковіч, і яны яго рухаюць далей”.

(Спадар: ) “Я ня ведаю. Я ўвогуле толькі замежныя СМІ глядзеў, украінскія ў тым ліку. Кожны ўсё роўна са свайго боку глядзіць заўсёды, правільна?”

(Спадарыня: ) “Я заўсёды гляджу Ўкраіну, цяпер у нас кабэльнае, мне падабаецца, як яны паказваюць. Там больш праўдападобна”.

(Спадарыня: ) “Не, неаб’ектыўна распавядаюць, не заўсёды. Ня кожны карэспандэнт распавядае правільна, ня кожны”.

(Спадарыня: ) “Якія за аднаго прэзыдэнта, якія за іншага. Кожны ж мае сваю палітыку”.

(Спадарыня: ) “Я, канечне, лічу, што кожная краіна з ухілам у свой бок дае, натуральна. Таму калі там сам знаходзісься і бачыш — адно, а калі табе нехта кажа з боку — абсалютна па-свойму”.

(Спадарыня: ) “Мне падаецца, што дастаткова аб’ектыўна для таго, каб зразумець. Магчыма, таму, што ў мяне проста спадарожнікавае тэлебачаньне, там украінскія каналы”.

(Спадар: ) “Таму што гэта, ва ўсякім выпадку, падобна на праўду. Ёсьць сябры, зь якімі я перапісваюся, ёсьць незалежныя інтэрнэт-выданьні, у якіх інфармацыя у прынцыпе падобная”.

(Спадар: ) “Я сам был нядаўна ва Ўкраіне, і ў мяне зусім іншы пункт гледжаньня. Скажэньне вельмі вялікае. Таму ў Беларусі ўсе недастаткова разумеюць, што адбываецца ва Ўкраіне”.
XS
SM
MD
LG