Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Беларусі створаны “безбар’ерны асяродак” для інвалідаў?


Ігар Карней, Менск Cёньня міжнародны Дзень інвалідаў. Як пачуваюць сябе гэтыя людзі ў Беларусі, зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца і як іх пераадольваюць?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі 480 тысячў інвалідаў, зь іх блізу 30 тысяч дзяцей. Бальшыня мае фізычныя адхіленьні ад нараджэньня, але шмат хто атрымаў вытворчыя траўмы альбо пацярпеў у аварыях ці катастрофах ужо ў сталым узросьце. Апавядае прадстаўніца Міністэрства працы і сацыяльнага забесьпячэньня Галіна Трафіменка:

(Трафіменка: ) “Ёсьць інваліды ня толькі па апорна-рухальным апараце, але і паводле агульных захворваньняў. Прыкладам, чалавек у нейкім узросьце атрымаў прафэсійнае захворваньне, і яму далі групу інваліднасьці. Ён таксама адносіцца да групы інвалідаў, мы тады пераглядаем памеры пэнсіяў, льготаў і г.д. Раскладка ўвесь час зьмяняецца, але агульная колькасьць вагаецца ў межах 480 тысяч чалавек”.

Самі інваліды лічаць такую статыстыку моцна заніжанай і кажуць пра 10% ад агульнай колькасьці жыхароў Беларусі — іншымі словамі, амаль пра 1 мільён інвалідаў. Аднак у мэдыкаў ёсьць уласнае плянаваньне адсотку рэабілітаваных, якое часам даходзіць да абсурду. Прыкладам, чалавеку з ампутаванай нагой даводзіцца раз на два гады прыходзіць на абсьледаваньне з тым, каб пацьвердзіць сваю інваліднасьць. Пры абсалютна розных лёсах, адзінае, што цяпер яднае пакалечаных — гэта немагчымасьць адчуваць сябе на роўных зь людзьмі фізычна здаровымі. Грамадзкі транспарт у Беларусі ніяк не прыстасаваны да перамяшчэньня людзей у вазках, крамы ды ўстановы сацыяльна-культурнага прызначэньня праектуюцца і будуюцца бяз пандусаў, з вузкімі ліфтамі, няма адпаведных прыбіральняў. Беларускаму інваліду практычна наканавана жыць у чатырох сьценах, — канстатуе інвалід-вазочнік Сяргей Драздоўскі.

(Драздоўскі: ) “Маса фактаў — а ня тое, што голых словаў кшталту “будуецца, будзе рабіцца”, сьведчаць пра іншае: людзі ня могуць выйсьці з дому некалькі гадоў. Проста знаходзяцца ў палоне. Па-другое, бальшыня вазочнікаў — гэта маладыя людзі, у якіх не было вялікіх заробкаў да траўмы. Пэнсія, зыходзячы з гэтага, складае 130–150 тысяч рублёў на месяц. Гэтага хапае на аплату кватэры, тэлефона ды, уласна кажучы, усё”.

Вядомая паэтка Ніна Мацяш гэтаксама пакутавала з вузкімі калідорамі сваёй кватэры, вазком, які быў шырэйшы за дзьверы. Але ў сярэдзіне 1990-х нямецкія калегі падарылі ёй сучасны вазочак, які зьмяніў усё яе жыцьцё.

(Мацяш: ) “Дагэтуль у мяне быў ручны вазочак, які Рада пісьменьнікаў выстаралася, а гэта дапамаглі немцы. Мы ў Нямеччыне выступалі, быў тыдзень беларускай літаратуры. І сябры нямецкія зрабілі такую вось “гуманітарку”. Вазочак вельмі зручны, кампактны. У мяне рукі слабыя, дык ужо ня трэба круціць, а толькі націснуў на кнопку — і паехаў. Па кватэры ўжо ў кожны куток дапнуся, дый па вуліцы. Праўда, у нас дарогі жахлівыя, але нічога. Ужо, дзякаваць Богу, я з нагамі. І для мяне адкрыўся сьвет”.

Часам здараюцца і парадаксальныя сытуацыі. Неаднаразовы чэмпіён паралімпійскіх гульняў, 20-гадовы плывец Раман Макараў — інвалід па зроку. Заробленых падчас спаборніцтваў грошай хапіла б, каб зрабіць апэрацыю. Аднак у Рамана свая лёгіка: цяпер ён запатрабаваны, у яго пік спартовай формы. А вось гарантыяў на пасьпяховы зыход апэрацыі ніхто не дае. І калі згадзіцца на апэрацыю, можна заўчасна разьвітацца са спортам, і пры гэтым яшчэ нашкодзіць здароўю. Як выйсьці з зачараванага кола — Макараў пакуль ня ведае.
XS
SM
MD
LG