Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Багданкевіч: “Калі ва Ўкраіне пераможа дэмакратыя, гэта будзе вялікім плюсам для эканамічнага разьвіцьця і дэмакратычнай пэрспэктывы Беларусі”


Ганна Соусь, Менск Як паўплывае ўкраінскі крызыс на беларускую эканоміку? Якім чынам адаб’ецца на двухбаковых эканамічных кантактах? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да прадстаўнікоў Нацыянальнага банку Беларусі і да незалежных экспэртаў.

На прапанову Нацыянальнага банку Беларусі Беларуская валютна-фондавая біржа спыніла таргі па грыўні. Але купіць ці прадаць украінскую валюту па-ранейшаму можна ў абменных пунктах. Як патлумачыў Радыё Свабода прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Беларусі Міхаіл Журавовіч, спыненьне таргоў на біржы зьвязана з тым, што на міжбанкаўскім рынку Ўкраіны цяпер увогуле не праводзяць таргоў. Як толькі яны адновяцца, абмежаваньне будзе адмененае і ў Беларусі. Паводле прадстаўніка Нацбанку, спыненьне таргоў ня можа нэгатыўным чынам паўплываць на беларускую эканоміку, бо разьлікі паміж дзяржавамі вядуцца ў далярах ЗША, а не ў нацыянальных валютах.

Доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба кажа, што памеры гандлю Беларусі з Украінай непараўнальна меншыя, чым з Расеяй, і не адпавядаюць маштабам краінаў, і таму вялікіх стратаў ад крызысу ва Ўкраіне эканоміка Беларусі не адчуе.

(Жаліба: ) “Што тычыцца канкрэтных прадпрыемстваў, то туды экспартуе трактары Менскі трактарны завод, і ён можа сутыкнуцца зь неаплатай сваіх паставак. Што тычыцца нашага насельніцтва, то мы атрымліваем шмат харчоў з Украіны. Могуць быць праблемы з алеем, з сокамі, зь вінамі, каньякамі… Тое, што церпіць ужо эканоміка Ўкраіны, — гэта відавочна”.

Незалежны экспэрт эканаміст Леанід Злотнікаў таксама мяркуе, што палітычны крызыс ва Ўкраіне істотна не паўплывае на беларускую эканоміку.

(Злотнікаў: ) “Я мяркую, што адносіны паміж суб’ектамі гаспадараньня залежаць ад эканамічнай выгады ў першую чаргу, таму я ня думаю, што нешта зьменіцца”.

А вось меркаваньне экс-старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Станіслава Багданкевіча:

(Багданкевіч: ) “У нас Украіна ўсё яшчэ на нейкім далёкім 5–6 месцы сярод партнэраў… Калі ўкраінскі крызыс скончыцца перамогай дэмакратыі, то гэта будзе вялікім плюсам у тым ліку й для эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Украіна акажа вялікі ўплыў і ў пляне дэмакратыі, і рынкавых пераўтварэньняў”.

***

Украіна займае пятае месца сярод гандлёвых партнэраў Беларусі – пасьля Расеі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і Польшчы. Доля Ўкраіны ў беларускім замежным гандлі складае 3,4%. Варта адзначыць, што яшчэ шэсьць гадоў таму Ўкраіна займала другое месца ў зьнешнегандлёвым абароце Беларусі. З таго часу, аднак, аб''ём узаемнага гандлю рэзка падаў, і гэтая праблема нават стала галоўнай тэмай некалькіх сустрэчаў прэзыдэнтаў Леаніда Кучмы і Аляксандра Лукашэнкі. У выніку таваразварот Беларусі з Украінай вырас за першае паўгодзьдзе гэтага году ў паўтары разы і склаў 578 мільёнаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG