Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія яны, беларускія “зялёныя”?


Аляксандар Уліцёнак, Менск Сьвет перажывае сёньня сапраўдны экалягічны бум. Хапае падставаў для яго і ў Беларусі. Так, паводле падлікаў навукоўцаў, рэзкі спад сярэдняй працягласьці жыцьця чалавека на 30 – 40 працэнтаў абумоўлены неспрыяльнай экалягічнай сытуацыяй. Пра тое, як рэагуюць “зялёныя” на выклікі часу, пойдзе размова ў чарговай тэматычнай перадачы з сэрыі “Палітычная геаграфія”.

У гісторыі “зялёнага” руху Беларусі хапае яскравых старонак. Дастаткова згадаць барацьбу супраць суцэльнай мэліярацыі Палесься й чарнобыльскі супраціў, пратэст супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Віцебшчыне й занядбаньня “непэрспэктыўных” вёсак... Для дзясяткаў, сотняў тысяч грамадзянаў гэта была сапраўдная школа змаганьня за чыстае, здаровае навакольле. Аднак ці заўсёды “школьныя”, так бы мовіць, веды дапамагаюць далейшаму сталеньню? Які працяг атрымалі “ўрокі” прыродазаступніцтва?

(Шырокаў: ) “У агульным і цэлым, калі параўноўваць з пачаткам 1990-х, то нельга казаць, што экалягічны рух знаходзіцца на піку. Вядома, уплыў не такі вялікі, як хацелася б, але ён ёсьць...”

Так ацэньвае сытуацыю кіраўнік беларускага аддзяленьня Міжнароднай экалягічнай акадэміі Яўген Шырокаў. Сярод здабыткаў – стварэньне ў 2000-м годзе Рады для ўстойлівага разьвіцьця “зялёных”. Супольна яны працуюць сёньня над такой вострай праблемай, як зьмяншэньне выкарыстаньня пенаполістыролу. Надзвычай рэдкай міжнароднай прэміяй уганараваны нядаўна праект экалягічных дамоў на Гомельшчыне. Дзякуючы асьветніцкай працы з дэпутацкім корпусам адпраўлены на дапрацоўку закон пра біябясьпеку.

Паводле спадара Шырокава, у краіне больш-менш актыўна дзейнічаюць каля трох дзясяткаў няўрадавых структур:

(Шырокаў: ) “Колькасьць арганізацыяў зьмяняецца: нехта адкрываецца, нехта закрываецца... Хоць зьявіліся праблемы з адкрыцьцём: калі раней гэта можна было зрабіць за месяц-паўтара, то цяпер даводзіцца чакаць паўгоду, год...”

Якія яны, беларускія “зялёныя”? Тыповы прыклад – магілёўская грамадзкая арганізацыя з расейскай абрэвіятурай ЭНДО, што расшыфроўваецца як “Экалёгія – навука для грамадзтва”. Тут аб’ядналіся настаўнікі, студэнты, краязнаўцы – людзі, так або інакш зьвязаныя з прыродазнаўчымі навукамі. Вось як вызначае задачу ЭНДО яе лідэр Андрэй Пархоменка:

(Пархоменка: ) “У прынцыпе, самая галоўная справа – гэта несьці інфармацыю й экалягічную адукацыю. Важна, каб гэты складнік жыцьця стаў адным з прыярытэтных. Дагэтуль, на жаль, у экалёгіі ня бачаць прыярытэту”.

ЭНДО займаецца маламаштабнымі, не для ўсіх заўважнымі праектамі. Пархоменка зь сябрамі пачынаў з закладаньня ў зелянгасе плянтацыі каштанаў. Пакуль дрэвы расьлі, энтузіясты зьбіралі ў адным з магілёўскіх мікрараёнаў адпрацаваныя аўтаакумулятары, тлумачылі людзям шкоднасьць сьвінцовага лому для здароўя. Далей – чысьцілі славутую ў горадзе палыкавіцкую крыніцу. Сёньня спрабуюць устанавіць шчыльныя кантакты зь дзяржаўнымі прыродаахоўчымі органамі, каб ратаваць ад пераднавагодніх высечак маладыя дрэўцы ў блізкіх да Магілёва лясох. Гаворыць Віталь Дамінікаў:

(Дамінікаў: ) “Як вядома, у гэты пэрыяд на ўскраінах гораду вельмі шмат “энтузіястаў” высякаюць маладыя падлескі, цягнуць дадому і ставяць ялінку. Сьвята сьвятам, але тым самым вялікую шкоду чыняць прыродзе. Мы арганізуем у некаторых раёнах дзяжурства, і будзе рабіцца “адлоў” зламысьнікаў”.

Такая падтрымка з боку грамадзкасьці зусім ня лішняя для дзяржаўных інспэкцыяў па ахове прыроды. Назва ўстановаў гучная, але што за тымі шыльдамі? Усяго тры супрацоўнікі на раён: начальнік, спэцыяліст ды бугальтар... На каго яны абапіраюцца?

(Шаўчук: ) “У асноўным на школы, на грамадзкіх інспэктараў. Яны таксама ў нас актывісты. Там, дзе парушэньні – яны прыходзяць, кажуць. Маюць права пратаколы складаць”.

На нізавым узроўні экалягічнага супрацоўніцтва паразуменьне паміж дзяржаўнымі ўстановамі й грамадзкімі арганізацыямі збольшага ёсьць. Аднак чым вышэй, тым яго меней. Бо ўсё больш разыходзяцца інтарэсы ўлады і “зялёных”: размова ўжо не пра дзесятак незаконна сьпілаваных елак, а пра цэлыя дубровы, пушчы... Так, у Нясьвіжы толькі што фактычна адмовілі энтузіястам, якія хацелі далучыцца да клопату пра захаваньне тамтэйшага пэйзажнага парку. А колькі клопату мелі дый маюць “зялёныя” ў зьвязку з праблемамі Белавежжа? Адзін зь іх лідэраў – Валеры Дранчук – кажа пра “беларускі экалягічны тупік”.

(Дранчук: ) “Беларускія “зялёныя” ня надта ўмешваюцца. А ўва ўсім сьвеце “зялёныя” якраз ініцыююць справы. Я маю на ўвазе крымінальныя і адміністрацыйныя справы – якія хочаш! А нашыя – нідзе нічога...”

(Карэспандэнт: ) “Такія акцыі, мне здаецца, былі толькі падчас Чарнобылю...”

(Дранчук: ) “Нават той жа Чарнобыль магільна забыты... Дзе тая грамадзкая арганізацыя, якая канкрэтна сочыць за радыяцыйнай сытуацыяй? Я вяду да таго, што няма публічнасьці “зялёнага руху”.

(Карэспандэнт: ) “А зялёны рух наагул ёсьць?”

(Дранчук: ) “Кволы, але ёсьць”.

Згаданая Валерам Дранчуком тэма чарнобыльскіх наступстваў ня траціць сваёй актуальнасьці. Літаральна ў дзень нашай размовы беларускія вучоныя завяршылі эканамічнае абгрунтаваньне магчымага будаўніцтва на Магілёўшчыне атамнай электрастанцыі. Гаворым пра тое зь вядомым беларускім палітыкам і эколягам Генадзем Грушавым:

(Грушавы: ) “Абстрактная ідэя, якой у Беларусі рэалізаваць прынцыпова немагчыма. Гэта можа быць палітычнае рашэньне, але яно ні да чаго не прывядзе, апрача выбуху”.

(Карэспандэнт: ) “А ці ня ёсьць абстрактнай ідэяй і гэты “магутны чарнобыльскі, экалягічны супраціў”? Хто на месцах патлумачыць людзям: во, глядзіце, мы яшчэ не пасьпелі ачуняць пасьля той хвалі, а нам прапаноўваюць новы экспэрымэнт? Хто?”

(Грушавы: ) “Па-першае, гэта тыя грамадзкія чарнобыльскія экалягічныя арганізацыі, якія на працягу апошніх 15 гадоў вельмі актыўна працавалі і працуюць у гэтым рэгіёне. Трэба ўлічыць тое, што сёньня ў вобласьці фактычна двое дзяцей з траіх так ці іначай удзельнічалі ў нашых праграмах. Я ведаю, наколькі шчыльныя сувязі паміж сем’ямі, напрыклад, у Нямеччыне і ў Краснапольскім раёне, дзе плянуецца будаўніцтва”.

У адрозьненьне ад Валера Дранчука і Генадзя Грушавога, лідэр экалягічнай акадэміі Яўген Шырокаў больш стрыманы ў ацэнках, хоць таксама не хавае пэўнай заклапочанасьці, калі кажа пра стасункі з уладамі. Пры гэтым ён праводзіць паралелі з Расеяй:

(Шырокаў: ) “Што да Расеі, дык там папросту выдалілі дзяржаўныя арганізацыі, якія перашкаджалі па-варварску зьнішчаць лясы. У Беларусі экалягічная пракуратура была створаная, але апошнім часам пра яе таксама нічога не чуваць. Сытуацыя аналягічная... Ня ведаю, як наконт ціску, хутчэй тут іншае: мы пастаўленыя ва ўмовы, калі ня ведаем, як выжываць. Ніхто асабліва ня рвецца быць спонсарам экалягічнага руху. А магчымасьці атрыманьня заходніх грантаў вельмі моцна абмежаваныя”.

Дарэчы, фінансаваньне сталася для “зялёных”, з дазволу сказаць, “двухвострай” праблемай. З аднаго боку, бяз грошай нічога сур’ёзнага ня вырашыць. З другога, пасьля працяглай атакі афіцыйнай прапаганды на заходніх грантадаўцаў у значнай часткі грамадзтва сфармавалася нэгатыўнае стаўленьне да ўсіх без разбору арганізацыяў, якія выжываюць і працуюць дзякуючы менавіта такой падтрымцы. Вось і эколягі апынуліся залічанымі ў адзін “чорны сьпіс” разам з БНФ... Хоць папраўдзе тых грошай яны практычна ня бачаць, лічыць Валер Дранчук.

(Карэспандэнт: ) “Многія кажуць пра тое, што на сёньня ёсьць небясьпека “гульні ў экалёгію”. Бо за экалёгіяй ёсьць заходнія спонсары...”

(Дранчук: ) “Несумненна. Я памятаю пачатак 1990-х, пачатак сваёй газэты “Белавежская пушча”. Гэта сапраўды былі спонсарскія сродкі. Але сёньня гэтая праблема не стаіць так востра, бо гэтых спонсараў не відаць, і яны не цікавяцца Беларусьсю. У нас не каардынуецца праектная дзейнасьць на спонсарскія грошы...”

(Карэспандэнт: ) “Ёсьць жа Міжнародная экалягічная акадэмія...”

(Дранчук: ) “Гм, баюся, што гэта паўфармальная ўсё ж арганізацыя, як, на вялікі жаль, і ўсе астатнія. Мяне цікавяць тыя трывогі, якія яны павінны агучваць, трывогі й небясьпекі, якія павінны агучвацца гэтымі арганізацыямі. Дзе прэсавыя канфэрэнцыі, прэзэнтацыі іх праектаў?”

За гэтымі словамі – сур’ёзная праблема каардынацыі дзейнасьці “зялёнага” руху ў Беларусі і наагул яго трактоўкі, вызначэньня.

(Несьцераў: ) “Ведаеце, эколяг – гэта вельмі цікавае паняцьце. Я чуў жарт, што эколягі самі ня ведаюць, каго яны абараняюць – ці то трусоў ад елак, ці то елкі ад трусоў”.

Калі Валер Дранчук і яго прыхільнікі ў змаганьні за Белавескую пушчу зьвязваюць грунтоўныя экалягічныя праекты найперш з грамадзкім пратэстам у абарону прыроднага навакольля ад фактычна санкцыяванай дзяржаваю нецывілізаванасьці, дык шмат хто іншых прытрымліваецца тактыкі дробных крокаў для экалягічнай адукацыі насельніцтва. Гаворыць Ігар Малахаў з Магілёўшчыны:

(Малахаў: ) “Няма паняцьця экалягічнай культуры, і, адпаведна, не сказаў бы, што нас ня любяць – нас папросту ігнаруюць”.

У такіх умовах да “зялёных” мясцовыя актывісты схільныя залічаць кожнага, хто з прыродай на падкрэсьленае “вы”. Нават калі гэта дзеці. Разважае эколяг з Чэрвеню Валянціна Латушка, якая стварыла гурток для школьнікаў “Эдэльвэйс”:

(Латушка: ) “Таму што мы бачым, што вакол адбываецца. Як людзі ставяцца да прыроды. І дзеці нават самі кажуць, што трэба аберагаць усё. На іх думку, варта абараняць усё жывое”.

Чаму на месцах баяцца казаць пра арганізацыю грамадзянскага супраціву дзеля высакароднае мэты ўратаваньня прыроды? Таму што за гэтым звычайна стаяць канфлікты з уладамі. І найчасьцей дакараньне вэртыкалі, што тая грэбуе экалягічнымі нормамі, атаясамліваецца з палітычнай нелаяльнасьцю незадаволеных. Вось і лічаць за лепшае засяроджвацца на тым, што нікога асабліва не злуе. Так, фэльчарка зь вялейскай вёскі Любань Яўгенія Цуранава гадамі дбае пра мясцовую сажалку.

(Цуранава: ) “Наш ставок самаробны. На месцы былога балота. За гэтыя 30 гадоў шлюзы ўсе разваліліся, ён пачаў зноў забруджвацца. Забалочвацца. Зарос вакол лазой. Бур’янам. Мы, пэнсіянэры, усю лазу, што павалілася, пагніла, мы яе высеклі, вывезьлі. Я пазьбірала ўсякія шкельцы, дрот. Потым мы добраахвотна склаліся і купілі рыбу запусьціць. Як адкрыўся гэты стаў, стала больш відаць, прыляцелі лебедзі”.

Спадарыня Цуранава й падобныя да яе мясцовыя энтузіясты не атаясамліваюць сябе з экалягічнымі актывістамі. Яны папросту робяць так, як патрабуе душа. Аднак, гледзячы на гэтых людзей, пачынаюць мяняць сьветапогляд іншыя. Сваім рэальным экалягічным энтузіязмам Цуранава зь сябрамі падахвочваюць да змаганьня за прыроду тых, хто побач. Слова Валеру Дранчуку:

(Дранчук: ) “Я проста нізка схіляюся перад тымі людзьмі, энтузіястамі, якія сапраўды на месцы недзе нешта робяць. Любы клопат пра наша жывое, пра наша навакольле, пра тыя ж балотцы, ляскі заслугоўвае на самую высокую ацэнку з боку грамадзтва і, несумненна, дзяржавы. На вялікі жаль, я пры сваім жыцьці яшчэ не дачакаўся такіх адносінаў”.

Пытаюся, што можа пераламаць такі падыход уладаў да эколягаў? Ці здольныя “зялёныя” наагул істотна уплываць на дзяржаўную экалягічную палітыку? Дзе тут пэрспэктыва? І чую ў адказ:

(Дранчук: ) “У нас няма “зялёнай” партыі – самай галоўнай, можа быць, аб’яднаўчай сілы. Яе няма... Яна распалася, і вось гэты вакуўм доўжыцца 3-5 гадоў...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG