Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вырак польскага суду: прайсьці курс лячэньня ад кампутарнай залежнасьці


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Суд польскага гораду Еленя Гура выдаў беспрэцэдэнтны вырак, у якім абавязаў адну зь мясцовых жыхарак... пазбавіцца кампутара і разам з трыма дзецьмі прайсьці курс лячэньня залежнасьці ад яго.

У 2003 годзе дзьве дзяўчынкі й хлопчык – усе з адной сям’і – не здалі іспыты, неабходныя, каб трапіць у наступную клясу. Калі дырэкцыя школы вырашыла спраўдзіць, у чым прычына, дык аказалася што ўсе трое разам з маці ўдзень і нават уначы сядзелі каля кампутара, падключанага да інтэрнэту.

“Жанчына разам зь дзецьмі складала графік – калі чый час карыстацца кампутарам. У хаце ўсё пакрылася пылам, дзеці прагульвалі заняткі. А калі бацька, спрабуючы неяк спыніць гэтае шаленства, адключыў электрычнасьць, жанчына накіравала ў суд заяву аб разводзе”, кажа Анджэй Вея з акруговага суду ў Еленяй Гуры.

Суд, аднак, адкінуў яе заяву, а замест разводу прысудзіў пазбавіцца кампутара, а таксама разам з дачкамі прайсьці курс лекаваньня ад кампутарнай залежнасьці. Сын кабеты трапіў нават ў адмысловы рэабілітацыйны цэнтар.

Паводле прафэсара Дарыюша Даліньскага, на залежнасьць ад кампутару хварэюць усё больш людзей. “Калі раніцай такі чалавек не ўключае кампутар, дык адчувае гэтак званы “голад сеціва” – непакой і напружанасьць, дакладна як алькаголік ці наркаман без чарговай дозы”, кажа прафэсар Даліньскі.

Варшаўскія псыхолягі ўжо не зьдзіўляюцца, калі да іх трапляюць пацыенты, якія сядзяць перад маніторам нават 36 гадзінаў запар.

Паводле дасьледаваньняў, сярэдні карыстальнік інтэрнэту ў Польшчы праводзіць у сеціве каля 10 гадзінаў на месяц, а больш за ўсё інтэрнэтам карыстаюцца людзі заможныя, зь месячным заробкам больш за паўтары тысячы даляраў – прычым пераважна жанчыны пасьля 40 гадоў.

Адметна, што практычна няма выпадкаў залежнасьці ад інтэрнэту ў асобаў, якія выкарыстоўваюць кампутар штодня ў працы – журналістаў, інфарматыкаў ці кампутарных графікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG