Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У нас пакуль няма салідарнасьці ані ў прамым, ані ў пераносным сэнсе, і няма свайго Валэнсы”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 1 і 2 сьнежня 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Варыянт Грузіі, Югаславіі, Украіны ў нас немагчымы. І дарэмна на гэта спадзявацца ў 2006-м годзе. Гэта ад беларускай талерантнасьці, якая выпрацавался на працягу стагодзьдзяў. Пачатак гэтай талерантнасьці засноўваў, напэўна, яшчэ Мураўёў-вешальнік. Бо ён ня толькі вешаў, але літаральна навадніў Беларусь рускімі школамі, праваслаўнымі цэрквамі. І ў народа выпрацаваўся такі, калі можна сказаць, умоўны рэфлекс самазахаваньня. У нас магчымы польскі варыянт, але пакуль няма салідарнасьці ані ў прамым, ані ў пераносным сэнсе, і няма свайго Валэнсы. Існыя дзеючыя палітыкі больш мараць пра ўладу, пра прэзыдэнцкае крэсла, і менш за ўсё думаюць пра лёс Беларусі й народа. Большасьць зь іх – рускамоўныя таварышы, і ад уласных амбіцыяў яны ніколі не адмовяцца. І генэралы не захочуць быць радавымі”.

(Ліна Масалкова: ) “Добры дзень, шаноўная Свабода! Шчыры дзякуй вам за ўсё, што вы робіце для нас у сваіх перадачах! Заўсёды цікава, заўсёды надзённа, і заўсёды чакаю наступнай сустрэчы з вамі! А паколькі вы такія любімыя, зьвяртаюся да вас з такой просьбай. Падрыхтуйце, калі ласка, адмысловую перадачу ў рубрыцы “Партрэт на Свабодзе” пра віцебскіх патрыётаў, вельмі адданых, мужных, нязломных, сумленных і адданых той справе адраджэньня: Уладзімера Плешчанку й Барыса Хамайду. Усе ведаюць, колькі душэўных і фізычных сіл трацяць яны на абуджэньне гонару беларусаў у нядаўна яшчэ абыякавай Віцебшчыне, дзе скрозь квітнела русыфікацыя. Нягледзячы на жорсткасьць шматразовых пакараньняў, адсідак, яны застаюцца ўзорам для тых, хто чакае дабрабыту, седзячы ціха па сваіх вуглах ці замірае ад абяцанак правадыра. Жадаю ім моцнага здароўя, якое нахабна адбірае ў іх улада рукамі міліцыі і судзьдзяў. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Добрай раніцы, паважаная Свабода! Перш за ўсё, што паказалі ўкраінцы беларусам і маскалям – што яны людзі, а не маўклівае і пакорлівае быдла і не нявольнікі. Хай дапаможа неба атрымаць ім перамогу! А нашы хай трасуцца ад страху, што хутка прыйдзе і іх час! Кучмам не дапамагло, што яны забілі Чарнавіла, не дапаможа і нашым. І яшчэ. У ўкраінцаў сапраўды апазыцыя, а ў нас гэтыя балбатуны Статкевічы, Шушкевічы, Вячоркі. Гэта сьмех нейкі! Можа што зьявіцца ў маладых “Зуброў”, альбо Зянон Пазьняк вернецца? Дзякуй”.

2 сьнежня 2004г.

(Мікола Саскевіч: ) “На вашае пытаньне “Ці могуць адбыцца такія самыя падзеі, што ва Ўкраіне?” я адкажу: могуць! Але толькі пры адзінай для нас умове. Вы можаце са мной не пагаджацца, крытыкуйце мяне, але гэта адзіны шанец выратаваць нашую нацыю ад зьнішчэньня шматвякавога каварнага да нас ворага, які на працягу ўсей нашай гісторыі спрабуе поўнасьцю зьнішчыць наш ліцьвінскі народ, цяпер ужо беларускі. Гэта маскальскі, цяпер ужо расейскі рэжым і іх нязьменная імпэрская палітыка.

Каб захаваць нашую краіну і нацыю трэба ўсім апазыцыйным палітыкам і ўсім вядомым дзеячам культуры правесьці перамовы з польскім прэзыдэнтам і яго кіраўніцтвам аб далучэньні Беларусі да брацкай Польшчы і стварэньне Польскай Федэратыўнай рэспублікі з захаваньнем нашых нацыянальных сымбаляў, нашай мовы і г.д. І гэта трэба зрабіць хутчэй, бо кэгэбэшны рэжым Расеі нас даб’е канчаткова. А ў складзе Польшчы мы захаваем сваю нацыю, падымем свой эканамічны ўзровень і здабудзем правы чалавека.

Калі Польшча пагадзіцца, то тады абавязкова нам дапаможа ЗША. Толькі так мы здолеем зьнішчыць гэты калгасны камуністычна-фашысцкі-лукашэнкаўскі рэжым.

Зразумейце, што сваймі сіламі мы ня здольныя скінуць гэты рэжым, які поўнасьцю навязаны нам КГБ Расеі. Сёньняшняя Беларусь – гэта не Ўкраіна. Калі ў цяперашніх умовах за Ўкраіну яшчэ будуць змагацца, то за Беларусь – не! Украінскі народ быў пастаўлены на калені кэгэбэшнай расейскай мафіяй і з Божай дапамогай амаль што ўвесь украінскі народ узьняўся з кален і стаў ва ўвесь рост. Толькі некаторыя, падманутыя кэгэбэшнай прапагандай, людзі з усходняй Украіны, засталіся паслухмяна стаяць на каленях перад маскальскімі чэкістамі. А наш ліцьвінскі народ нават на каленях не стаіць. Нас усіх маскальскія чэкісты сілай паклалі тварам у гразь. І аб нас яны і іхнія шасьцёркі выціраюць ногі. Яны проста нас за нацыю ня лічаць. Так што дзеля нашага ратаваньня трэба ісьці да далучэньня да Польшчы, як гэта ўжо было ў нашай гісторыі. Толькі цяпер ужо назаўсёды! Дзякуй за ўвагу. І дапаможа нам пан Бог!”

(Пэнсіянэр Канстанцінавіч:) “Хачу працягнуць размову наконт беларускай мовы ў цэрквах. На шыльдзе царквы “Благадаць” у Менску ўнізе напісана: “Беларускамоўнае набажэнства ў аўторак а 19-й.” Наведаў. І, аказалася, трапіў на апошні сход невялікай купкі вернікаў, чалавек 25-30. Сход адбываўся ў цесным пакойчыку. Сьпевы, малітвы, казаньні па-беларуску, была і трасянка. А ў канцы падняліся два пастары ці кіраўнікі цэрквы і паведамілі, зразумела, па-расейску, што не дазваляюць праводзіць беларускамоўныя сходы ні ў гэтым, ні ў іншым памяшканьні. Таму, як вынікала зь іх слоў, супрацьпастаўляецца беларуская мова расейскай. І, ўрэшце, гэта дух бунту ўнутры царквы.

Прапанова для “Сымбаля веры”, тэма: “Роля пратэстанцкіх цэркваў у русыфікацыі Беларусі” або “Пратэстанцкія цэрквы як асяродак русыфікацыі”. Мо пачуюць…”

(Спадар: ) “Шаноўны спадар Лябедзька! Вы не адказалі на пытаньне “Ці разглядаеце вы магчымасьць вылучэньня адзінага, але часовага прэтэндэнта на адзін-два гады?” З майго пункту гледжаньня так было б лягчэй знайсьці кансэнсус электарату. А там і ў нас зьявіўся бы і “пяты канал”, на які вы самі спасылаецеся”.

(Пэнсіянэр Канстанцінавіч: ) “Радыё Свабода! Беларуская Свабода! Чаму ты зьнікаеш і куды? З 20-й да 21-й гадзіны цябе вельмі добра чутна ў дыяпазоне 31 мэтра. Роўна ў 21 гадзіны літаральна на паўслове – пстрык і зьнікла. І ўжо няма цябе ні ў дыяпазоне ні 31, ні 49 мэтраў. Такая ж сытуацыя і ў 18 гадзіне толькі з той розьніцай, што а 19-й ты пачынаеш патанаць у памехах і на працягу лічаных хвілін зьнікаеш і на 31 і на 19 мэтраў. І гэта паўтараецца штодня. Пакайся і больш не зьнікай!”

(Мікола Саскевіч: ) “Шаноўнае панства! Вельмі цікавая ў вас праграма “Сучасныя мэмуары”. З задавальненьнем слухаю. Вялікі дзякуй усім паважаным людзям, якія выступаюць і сьмела расказваюць пра свае ўспаміны. І дзякуй вам, Радыё Свабода!”

(Лусевіч Міхаіл: ) “Жадаю зьвярнуцца да тых, хто крытыкуе, ці так ці інакш абмяркоўвае гэты фільм “Найноўшай гісторыі”, якая ходзіць у нас у касках па БМЗ, на вуліцах прымае парады. Гэта яна, найноўшая гісторыя. Вось я раю ўсім тым, хто так ці інакш гэта крытыкуе, а проста не глядзець!

Людзі! Я не гляджу ніколі ні навіны гэтыя бэтэшныя, ні камэнтары, ні гэтыя фільмы. Бо яны былі і застануцца, прабачце, скоцкімі. І нармальнаму чалавеку глядзець гэта проста немагчыма, калі ён сябе хоць трошкі паважае. Хай глядзяць палітолягі. Але ня трэба выносіць гэта на абмеркаваньне: якім быў Лукашэнка, такім ён і застанецца.

Дарэчы, зьвяртаюся да тых, хто абмяркоўвае і хоць неяк спрабуе рабіць выгляд, што змагаецца зь ім. Лукашэнка ўжо сёньня актыўнейшым чынам рыхтуецца да 2006 года. Ён ужо сёньня выганяе ўсіх тых, хто можа хоць неяк яму замінаць. Нават гаворка ідзе пра тых, хто знаходзіцца ў яго адміністрацыі – вядомы Ўрал Латыпаў. А нашая апазыцыя да сёньняшняга дня толькі лясы точыць. Прабачце, але нашая апазыцыя – ужо сорамна глядзець. І людзі хоць маюць хоць жменьку надзеі на яе, дык вы ж ужо не апаганьцеся канчаткова, спадарства!”

(Банкевіч Генадзь: ) “Чаму Радыё Свабода за апошнія часы дапускае выступы на расейскай мове? Вось, напрыклад, сёньня раніцай падаюць выказваньне супрацоўніцы мэтэаслужбы на расейскай мове і без перакладу. Чаму не выконваецца прынцып – перадаваць усё па-беларуску? Калі набярэш 095, то нават дзяржаўная служба адказвае па-беларуску. Што робіцца са Свабодай?”

(Спадар: ) “Пракамэнтуйце, калі ласка, такое пытаньне. Цяпер паўсюль, па радыё і тэлебачаньні, усе клоўны лукашэнкаўскія кажуць, што ў Беларусі нараджаецца найноўшая гісторыя. Зьвярніце ўвагу – найноўшая гісторыя. Ён выказаў дзесьці, што ён заснавальнік найноўшай гісторыі! Вы ж толькі падумайце! А цяпер па беларускаму радыё размова ідзе, што вы павінны выхоўваць патрыётаў. Ніколі ў жыцьці мы не выхаваем патрыётаў, бо яны бачаць, што людзі замардаваныя!

Каб вырашыць нейкае пытаньне ў райвыканкаме ці яшчэ дзе-небудзь – вы хутчэй тубэркулёзам захварэеце, а пытаньне не вырашыце! Ён у барацьбе быццам бы за парадак, за дысцыпліну ўвёў такія абмежаваньні, спраўкі і г.д.! Усё гэта моладзь бачыць, і ніколі яны патрыётамі ня стануць! Патрыётамі чаго? Вось гэтай замардаванай радзімы?”

(Спадар: ) “Мы ня быдла! Улады павышаюць цэны, зьніжаюць узровень нашага жыцьця, а мы маўчым, бо мы – ня быдла! Улады фальсыфікуюць вынікі выбараў як на Ўкраіне, а мы гэтага не заўважаем і маўчым, бо мы – ня быдла! Урад зьнішчае ўсё беларускае, а мы не рэагуем, бо мы – ня быдла! Мы жадаем у Эўропу, а паводзіны нашыя нагадваюць стан абыякавай жывёліны. Беларусам прыклад Украіны і карысны, і неабходны!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG