Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі клюб вандроўнікаў “Чароўны ўспамін” вывучае гістарычныя помнікі Беларусі


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў 3 сьнежня сьвяткуе свой юбілей магілёўскі клюб вандроўнікаў “Чароўны ўспамін”. 10 гадоў таму ён аб’яднаў людзей, якія цікавяцца гісторыяй Беларусі й хочуць убачыць усе знакавыя мясьціны сваёй краіны. Якія чароўныя ўспаміны засталіся ў магілёўцаў ад іх наведваньня?

Сябры магілёўскага клюбу “Чароўны ўспамін” гавораць, што 10 гадоў таму вельмі мала ведалі пра сваю Беларусь. Таму і вырашылі ўбачыць на свае вочы ўсе старажытныя замкі, знакамітыя касьцёлы і гістарычныя помнікі сваёй краіны.

Потым магілёўцы пашырылі геаграфію сваіх вандровак, і знаёміліся з Беларусьсю, якая існуе па-за межамі сучаснай беларускай дзяржавы: яны наведалі Смаленшчыну, Пскоўшчыну, Польшчу, Літву і Ўкраіну.

Адным з самых чароўных успамінаў удзельнікаў клюбу – гэта вандроўка у Крым, якая была прысьвечаная Максіму Багдановічу і называлася “Сьцежкамі Максіма-кніжніка”. Магілёўцы наведалі магілу Багдановіча, і за адным разам пазнаёміліся зь беларускімі асяродкамі, якія ёсьць у крымскіх гарадах.

Дарэчы, стварыць свой беларускамоўны асяродак у Магілёве – якраз такая была адна з мэтаў стваральнікаў клюбу “Чароўны ўспамін”. Гаворыць Васіль Аўраменка:

(Аўраменка: ) “У сваіх вандроўках мы ставілі за мэту размаўляць паміж сабой – тыдзень ці два, колькі мы езьдзілі, – толькі па-беларуску. Многім гэта дапамагло, з таго часу яны сталі беларускамоўнымі і добра валодаюць мовай. Гэтую традыцыю мы імкнемся захоўваць”.

Вандроўкі ў Беларусі (а тым больш у замежжы) каштуюць нятанна. Якім чынам сябры клюбу шукаюць сродкі? Сябры клюбу – гэта пераважна магілёўская інтэлігенцыя, людзі творчых прафэсіяў, студэнты, ёсьць і пэнсіянэры. Карацей, ня самыя заможныя людзі Грошы яны бяруць з уласных кішэняў, са складкаў набываюць харчаваньне, шукаюць магчымасьці арэндаваць аўтобус таньней, спыняюцца на ноч на прыродзе, ставяць намёты.

Усе лічаць, што вогнішча, каша з чугунка, шчырыя размовы, сьпевы пад гітару, вершы – гэта яшчэ адзін чароўны ўспамін. Удзень – экскурсіі й лекцыі гісторыі, увечары – беларуская прырода й сяброўская вечарына. Людзі сталі сапраўднымі сябрамі, і гэта яны лічаць самым галоўным вынікам працы сваёй грамадзкай ініцыятывы. Вось што гаворыць Лілія Кузьменка:

(Кузьменка: ) “Мы ж езьдзілі й бачылі Варшаву, мы бачылі Мальброк, бачылі старажытныя замкі. Гэта вельмі цудоўна! І ёсьць нашая краіна, яна прыгожая, і трэба радавацца прыгажосьці ў сьвеце. І гэта ёсьць сапраўднае добрае жыцьцё!”

Сёньня ў Магілёўскай філярмоніі адбудзецца юбілейная вечарына клюбу “Чароўны ўспамін” –там будуць сьпевы, вершы, выступленьні самадзейных артыстаў. Дарэчы, новая мара сяброў клюбу – наведаць магілу Ігнація Дамейкі ў Чылі. Калі і якім чынам – ніхто пакуль не ведае, танным аўтобусам у Чылі не даехаць, аднак мара ёсьць. Можа, калі-небудзь і спраўдзіцца.
XS
SM
MD
LG