Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе беларускае мастацтва?


Севярын Квяткоўскі, Менск На нядаўнім аўкцыёне антыкварыяту і твораў мастацтва ў Менску карціны клясыкаў беларускага жывапісу і маладых творцаў прадаваліся па адных коштах: ад 100 – да 300 даляраў. Прыблізна такія ж кошты можна пабачыць на вулічным мастацкім кірмашы, дзе гандлююць карцінамі на патрэбы турыстаў ды незаангажаваных у мастацтва абываталяў. Многія беларускія мастакі зьвязваюць спадзевы на сур’ёзныя заробкі толькі з замежжам. А нешматлікія галерэі зачыняюцца. Ці беларусы ня здатныя ствараць добрыя творы, ці ня ўстане іх купіць? Адкуль бяруцца й куды зьнікаюць мастацкія галерэі?

Установаў са словам “галерэя” ў назьве ў краіне даволі шмат. Але галерэя як такая – гэта ня толькі салён, дзе выстаўленыя карціны на продаж. Такі салён – гэта фактычна крама. Галерэя – гэта і культурніцкі асяродак, і прадусарскі цэнтар. Прафэсійны галерэйнік гадуе і пакупніка, і мастака.

Галерэяў у непасрэдным сэнсе слова ў краіне няма. Сёлета ў Менску адкрылася галерэя “ЛяСандр”, якая спэцыялізуецца на рэалізьме й нэарэалізьме. Але ж дырэктарка Ларыса Бортнік кажа, што ёй шкада прадаваць творы:

(Бортнік: ) “Асноўнае зьвяно гэтай калекцыі ня хочацца прадаваць. Бо гэта вельмі добрыя работы, вельмі каштоўныя”.

Папросту “ЛяСандр” існуе пры камэрцыйнай фірме, якая мае мажлівасьць займацца дабрачынным асьветніцтвам у выглядзе ўласнай галерэі – выставачнай залі.

Адносна нядаўна – год таму – фактычна зачынілася галерэя “Зямля Людзей”. Гаспадар француз Іў Прудом мусіў перапрафіляваць свой бізнэс. “Зямля Людзей” паўтарыла лёс большасьці галерэяў, што існавалі ад пачатку 1990-х і цяпер зачыненыя.

Чаму беларусы перасталі ўкладаць грошы ў творы мастацтва? Вось вэрсія Мікалая Халезіна, які разам зь сябрамі заснаваў адну зь першых прыватных галерэяў у Беларусі, якая звалася “Vita Nova”:

(Халезін: ) “Бізнэсоўцам стала страшна дэкляраваць падтрымку мастацтва. Пакупка карціны стала на мяжы з крыміналам”.

На нядаўнім аўкцыёне антыкварыяту і твораў мастацтва толькі адзін чалавек наважыўся заплаціць за карціну Юдаля Пэна 22 тысячы даляраў. А за клясыкаў пасьляваеннага пэрыяду давалі па некалькі соцень.

Што можа зьмяніць сытуацыю? Вось меркаваньне Міколы Паграноўскага, дырэктара галерэі “Онік”, якая існуе пры Музэі кіно, а той, у сваю чаргу, пры дзяржаўным прадпрыемстве “Беларусьфільм”:

(Паграноўскі: ) “Калі б была спрыяльная эканамічная сытуацыя ў краіне, то і арт-рынак меў бы магчымасьць і пашырацца, і паглыбляцца, і стала б шмат галерэяў. Бо мастакі ж працуюць”.

“Онік” – адна з тых галерэяў, якая насамрэч можа ладзіць толькі выставачную дзейнасьць, а не камэрцыйную. Тым часам, арт-рынак у Беларусі існуе, толькі ў шэрай зоне. Пакупнік прыходзіць на выставу, а пасьля дамаўляецца з мастаком.
XS
SM
MD
LG