Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усім гарадам, пасёлкам даваць герб – гэта дэвальвацыя герба. Герб – гэта перш-наперш сымбаль самакіраваньня”


Галіна Жарко, Менск У мінулым права прысваеньня й зацьвярджэньня гербаў было выключна каралеўскім прывілеем, а сам герб зьяўляўся сымбалем самакіраваньня. З учорашняга дня афіцыйныя геральдычныя сымбалі, паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, займелі мястэчкі Дзятлава й Смаргонь, а таксама пасёлкі Карэлічы й Краснасельскі на Гарадзеншчыне. Навукоўцы да павальнай “гербарызацыі” ставяцца непрыхільна.

Што менавіта насьцярожвае гісторыкаў? Забесьпячэньне гербам кожнага населенага пункта найбольш аўтарытэтны геральдыст Беларусі Анатоль Цітоў параўнаў з колішняй хімізацыяй альбо празьмерным захапленьнем кукурузаю. Вось што ён кажа:

(Цітоў: ) “Ідэя герба – гэта прэзэнт, узнагарода гісторыі. І калі мы будзем усім гарадам, пасёлкам даваць герб – гэта дэвальвацыя герба. Герб – гэта перш-наперш сымбаль самакіраваньня. У нас сёньня іншая структура ўлады”.

Гісторыкі заўважылі, што мода на “гербарызацыю” пайшла зь Берасьцейшчыны. Справа ў тым, што ў суседняй Польшчы вельмі разьвітая геральдыка. Але працуе й сыстэма самакіраваньня. А ў Беларусі, пры цэнтралізаванай уладзе з прэзыдэнцкаю “вэртыкальлю”, ідэя гарадзкога герба губляе сэнс.

Некалі 130 гарадоў на тэрыторыі Беларусі мелі Магдэбурскае права й свае гербы. Іх можна пабачыць у кнізе Анатоля Цітова.

(Цітоў: ) “Зараз я рыхтую перавыданьне кніжкі, і там я зь вялікаю цяжкасьцю дадам яшчэ чатыры гарады, чатыры гербы. Але гэта будуць тыя гербы, якія абгрунтаваныя гістарычна, атрыманыя 200-300 гадоў таму. А тое, што робіцца сёньня – гэта абсурд. Высмоктваюцца з пальца. У геральдычнай камісіі няма аніводнага геральдыста. Прыклад працы геральдычнае камісіі. Быў гістарычны герб Клецка з радзівілаўскай каронай. Яна ўнікальная. Не! Яны скінулі гэту карону і на герб 17 стагодзьдзя паставілі прускую карону 19 стагодзьдзя”.

У Геральдычным савеце пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь паведамілі, што тут распрацавана ўжо амаль 100 гербаў, і падкрэсьлілі, што афіцыйныя геральдычныя сымбалі ў сучаснай дзяржаве зьяўляюцца выражэньнем дзяржаўнай ідэалёгіі й культуры. А да геральдычных сымбаляў адносяцца й розныя апазнавальныя знакі, эмблемы, штандары, а таксама й форма супрацоўнікаў дзяржаўных органаў.

Першыя гербы ў Беларусі зьявіліся ў канцы ХІV ст. Асноўнае правіла геральдыстыкі – чым больш старажытны герб, тым больш павагі да яго ўладальніка. А вось у верасьні 1995 на міжнароднай канфэрэнцыі Акадэміі геральдыкі ў Кракаве геральдысты са славянскіх краінаў абураліся тым, што герб “Пагоня” – адзін са старажытнейшых эўрапейскіх гербаў – быў зрынуты пасьля рэфэрэндуму. Ганаровы сябра ўсерасійскага, а таксама польскага й украінскага геральдычных таварыстваў Анатоль Цітоў:

(Цітоў: ) “Навошта зацьвярджаць гербы вобласьцяў? Што яны там толькі ні лепяць! І божую маці, і нешта яшчэ… Навошта, калі ёсьць Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 г., дзе сказана: кожнаму павету мець пячатку з гербам Пагоняю. Яна адрозьніваецца масьцю каня, афарбоўкаю ўзбраеньня рыцара ці колерам поля. Вось і ўсё. Навошта вынаходзіць ровар?”

Некалі й “Знак якасьці” лічыўся вынаходніцтвам савецкае эпохі. Але спрадвеку на прадукцыю, якая экспартавалася з гораду, ставілі дзьве пячаткі зь гербам, калі яна была вышэйшага гатунку. А ўвогуле разьвіцьцё геральдыкі зьвязанае з культурай рыцарскіх турніраў. Паводле герба можна было адрозьніваць рыцараў падчас турніру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG