Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каб выйсьці на міжнародны ўзровень, беларускім харчовым прадпрыемствам патрэбныя замежныя інвэстыцыі


Міхал Стэльмак, Менск 3 сьнежня ў Менску завяршаецца выстава “Белпрадукт-2004”. Мэта трохдзённага мерапрыемства – дэманстрацыя посьпехаў беларускай харчовай прамысловасьці. Ці ёсьць, насамрэч, гэтыя посьпехі? Адказ на гэтае пытаньне высьвятляў наш карэспандэнт, які пабываў на згаданай выставе.

Паводле намесьніка міністра гандлю Міхаіла Сьвянціцкага, выстава мусіць пераканаць яе наведнікаў у плённасьці палітыкі ўладаў у аграрнай сфэры. Беларусь, як вынікае зь яго тлумачэньня, знаходзіцца на парозе вырашэньня праблемы харчовай бясьпекі краіны. 86 працэнтаў харчовых тавараў на беларускім рынку – айчынныя. Тварог, сьметанковае масла, вяндліна, хлеб – гэтыя й іншыя прадукты, паводле арганізатараў мерапрыемства, ёсьць доказам умелага кіраваньня.

Між тым, арыентацыя на айчынны рынак стрымлівае вытворчы прагрэс беларускіх таваравытворцаў. Далёка ня кожны зь іх займаецца экспартам. Напрыклад, гарадзенскае акцыянэрнае таварыства “Малочны сьвет”, як зазначыла мне яго прадстаўніца Тацяна Росэль, спрабуе гандляваць у Расеі:

(Росэль: ) “Самы вялікі аб’ём продажу займае сыр і масла”.

(Карэспандэнт: ) “За кошт якіх кампанэнтаў беларуская прадукцыя выйграе і карыстаецца попытам у спажыўцоў на тым жа расейскім рынку?”

(Росэль: ) “Якасьць прадукцыі ў параўнаньні з расейскай. У нас выкарыстоўваюцца больш натуральныя прадукты й інгрэдыенты”.

Экспартная дзейнасьць патрэбна беларускім таваравытворцам для папаўненьня валютнай касы. Рэч у тым, што тэхналягічны стан прадпрыемстваў харчовай галіны – вельмі адсталы. Састарэлае абсталяваньне не дазваляе вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю.

Што тычыцца замежных інвэстыцыяў, то разьлічваць на іх не выпадае. Падчас нядаўняга наведаньня менскай кандытарскай фабрыкі “Камунарка” Аляксандр Лукашэнка заявіў пра нямэтазгоднасьць прыватызацыі перапрацоўчых прадпрыемстваў. Ён падкрэсьліў, што беларускія хлебазаводы, кандытарскія прадпрыемствы, малаказаводы будуць знаходзіцца ў руках дзяржавы, паколькі, маўляў, яны забясьпечваюць харчовую бясьпеку.

Ахвярамі гэтай палітыкі лічаць сябе й беларускія пчаляры. Паводле словаў старшыні грамадзкай арганізацыі “Беларускія пчолы” Ўладзімера Камянкова, пчаляры з прычыны адміністрацыйных перашкодаў ня маюць магчымасьці прадаць замежным спажыўцам мёд. Чаму?

(Камянкоў: ) “Мы гатовыя прадаваць, калі Міністэрства сельскай гаспадаркі нам дазволіць. Такога дазволу на экспарт прадуктаў пчалярства і мёду, у прыватнасьці, у іншыя краіны няма. Яе трэба вырашаць на дзяржаўным узроўні. Мы толькі адно ведаем: што наш прадукт больш якасны за любы іншы мёд”.
XS
SM
MD
LG