Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БДГ: “Украіна на гэтым тыдні рэальна стаіць на парозе грамадзянскай вайны”


Падрыхтавала Галіна Абакунчык Агляд незалежнага друку

“Украіна. Каля небясьпечнай мяжы”. – артыкул пад такім загалоўкам зьмяшчае сёньняшні нумар “Беларускай дзелавой газэты”. Расейскія паліттэхнолягі даўно лічаць гэтую краіну адным з самых “ураджайных месцаў” – піша аўтар. А Крэмль ня проста ня любіць прайграваць, але схільны выйграваць, не зважаючы якім коштам. Украіна на гэтым тыдні рэальна стаіць на парозе грамадзянскай вайны. І толькі аб’яднаная Эўропа можа ўраўнаважыць дэструктыўны ўплыў Расеі, і толькі эўрапейскія структуры заменяць дэградаваныя дзяржінстытуты Ўкраіны пры паўторным галасаваньні”, сьцьвярджае БДГ.

Тэму ўкраінскіх падзеяў таксама закранае сёньняшні нумар “Віцебскага кур’еру”. У артыкуле “Глыбачане падтрымалі Юшчанку” газэта паведамляе, што ў Глыбокім мясцовыя актывісты Беларускага народнага фронту зладзілі акцыю салідарнасьці з украінскай апазыцыяй. Наведнікам мясцовага штотыднёвага кірмашу яны раздавалі аранжавыя балёнікі й сьцяжкі з надпісамі “За нашу й вашу свабоду”. Паводле аўтара паведамленьня, у большасьці глыбачане рэагавалі на акцыю станоўча й непакоіліся ўкраінскімі падзеямі.

У артыкуле “Леанід Козік думае пра нас, альбо прафсаюзны “дах” накрые ўсіх” “Беларуская дзелавая газэта” паведамляе пра ініцыятыву Фэдэрацыі прафсаюзаў узяць пад сваё крыло працаўнікоў прыватнага сэктару эканомікі. Цяпер юрысты распрацоўваюць зьмены ў заканадаўстве, паводле якіх адмовіцца ад так званых “паслуг” афіцыйных прафсаюзаў будзе немагчыма. Прадпрымальнікі, якія ня створаць такіх суполак у сваіх структурах, будуць вымушаныя штомесяц пералічваць сродкі ад свайго прыбытку на рахунак Фэдэрацыі Леаніда Козіка. Паколькі спадар Козік абраўся дэпутатам парлямэнту, то ёсьць вялікая верагоднасьць, што ягоныя задумкі незадоўга набудуць форму заканадаўчага акту.

“Рэгіянальная газэта” з Маладэчна ў рубрыцы “Літоўскі дзёньнік” зьмяшчае артыкул, у якім распавядаецца пра разьвіцьцё сельскай гаспадаркі ў Літве, а таксама пра тое, якую ролю ў гэтым мае Эўразьвяз. Паводле аўтара, праекты экалягічнага фэрмэрства на 25% фінансуе ўрад Літвы, а на 75% Эўразьвяз. Экалягічнае фэрмэрства – гэта такое гаспадараньне на зямлі, якое вымагае ад фэрмэраў вырошчваньня экалягічна чыстай прадукцыі – гэта значыць, без выкарыстаньня хімічных угнаеньняў у расьлінаводзтве й аналягічных сродкаў у жывёлагадоўлі.

“Віцебскі кур”ер” нагадвае, што заўтра, 4 сьнежня, у Кітаі пройдзе усясьветны конкурс прыгажосьці “Міс Сьвету – 2004” у якім Беларусь прэзэнтуе палачанка Вольга Андропава. А “Камсамольская праўда ў Беларусі” у рубрыцы “скандал тыдня” заяўляе, што конкурс яшчэ не прайшоў, а Беларусь пасьпела прайграць. Далей у газэце паведамляецца, што ўвесь сьвет ужо тыдзень галасуе за сваіх канкурсантак праз SMS -паведамленьні, а Беларусь – не. Рэч такая, што галасаваньне праводзіць тэлеканал, які набыў эксклюзіўнае права на трансьляцыю конкурсу. Беларускія ж тэлеканалы чамусьці гэткіх правоў не набылі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG