Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стрэс прыводзіць да заўчаснага старэньня на генэтычным узроўні


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Новае ў сучаснай мэдыцыне”. Сёньня – пра адкрыцьцё амэрыканскіх мэдыкаў, якія даказалі, што стрэс выклікае паскоранае генэтычнае старэньне чалавека.

Некаторыя стрэсавыя падзеі нашага жыцьця, такія як развод, страта працы або цяжкая хвароба дзіцяці, могуць паскорыць старэньне клетак чалавека на генэтычным узроўні. Да такой высновы прыйшлі мэдыкі з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. Іх дасьледаваньне – першая спроба зьвязаць псыхалягічны стрэс зь біялягічным узростам чалавека.

Навукоўцы знайшлі, што клеткі крыві жанчынаў, якія шмат гадоў клапаціліся аб сваіх цяжка хворых дзецях, прыблізна на 10 гадоў старэйшыя, чым у тых, хто такога стрэсу не перажыў.

Такі вынік дапамагае зразумець мэханізм, пры дапамозе якога стрэс здольны пашкодзіць нашую тканку. Дагэтуль лекары толькі ведалі, што стрэс аслабляе імунітэт і адкрывае шлях інфэкцыям і прастудам.

Камэнтуючы вынікі новага дасьледаваньня, доктар Брус Макуен з Унівэрсытэту Ракфэлера ў Нью-Ёрку, вобразна сказаў, што старэньне – гэта цана сьлёзаў, якія мы праліваем за час свайго жыцьця.

Мэдыкі з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Францыска прааналізавалі ўзоры крыві 58 маладых і сярэдніх гадоў жанчынаў. 39 жанчын з гэтай групы мелі дзяцей, хворых на аўтызм або на дзіцячы цэрэбральны паралюш.

Пра дапамозе генэтычных мэтадаў лекары вывучалі белыя клеткі крыві, якія зьяўляюцца галоўнымі ў працэсе рэакцыі арганізму на інфэкцыю.

Увага лекараў была засяроджана на той частцы ДНК, якая называецца тэлемэрай і знаходзіцца на канцы храмасомаў кожнай клеткі. Пры дзяленьні клетак тэлемэра таксама дзеліцца, і памер яе зьмяншаецца. Клеткі дзеляцца на працягу ўсяго нашага жыцьця, дапамагаючы чалавеку расьці, аднаўляць ці ўмацоўваць той ці іншы ўнутраны орган цела або змагацца зь інфэкцыяй.

І вось каб тэлемэра празь некалькі дзяленьняў ня скончылася наогул, спэцыяльнае хімічнае рэчыва – тэлемэраза, дапамагае ёй часткова аднаўляцца пасьля падзелаў клеткі. Аднак пасьля пэўнай колькасьці падзелаў – у залежнасьці ад тыпу тканкі гэтая лічба вагаецца ад 10 да 50 разоў – тэлемэра робіцца настолькі кароткай, што клетка страчвае магчымасьць дзяліцца. Біёлягі пакуль яшчэ не да канца разумеюць, чаму колькасьць дзяленьняў ў розных клетак розная.

Вывучэньне клетак людзей, хворых на генэтычную хваробу дыскератоз – гэта дачаснае старэньне арганізма, а таксама новае дасьледаваньне каліфарнійскіх мэдыкаў дазваляюць меркаваць, што менавіта даўжыня тэлемэры на канцы кожнай храмасомы зьяўляецца грубай мерай узросту клеткі і яе жывучасьці.

Калі ў Каліфорніі параўналі ДНК жанчынаў, якія клапаціліся аб сваіх хворых дзецях, была выяўленая дзіўная тэндэнцыя: аказалася, чым даўжэй маці апякуецца дзіцем-інвалідам, тым карацейшая тэлемэра і тым меншая актыўнасьць тэлемэразы ў яе клетках. Некаторыя з жанчын, што дзесяцігодзьдзмі апекаваліся дзецьмі-інвалідамі, былі біялягічна на шмат гадоў старэйшыя за свой рэальны ўзрост.

Калі людзі трапляюць у стрэс, яны выглядаюць змучанымі, і мы кажам, што яны пастарэлі на вачах. Цяпер мэдыкі знайшлі навуковае пацьверджаньне гэтага факту. Так пракамэнтаваў вынікі новага дасьледаваньня прафэсар біяхіміі і біяфізыкі Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Блэкбарн.

Аўтары новага дасьледаваньня таксама прапанавалі ўдзельніцам экспэрымэнту запоўніць анкету, дзе яны самі ацэньвалі ступень стрэсу і нэрвовага напружаньня ў мінулыя гады. Аказалася, што чым большаю была нэрвовая нагрузка ў жанчыны, тым меншаю была тэлемэра яе храмасомаў. Разам з тым, у некалькіх жанчын гэтага эфэкту знойдзена не было. Таму мэдыкі мяркуюць, што існуе і нейкі прыродны мэханізм абароны ад стрэсу і яго трэба знайсьці. Гэта будзе наступнай часткай каліфарнійскага дасьледаваньня.

Лекары таксама мяркуюць, што з дапамогай псыхалягічнага трэнінгу можна падвысіць супраціўляльнасьць арганізму да стрэсу і захаваць даўжыню тэлемэры.

Знайшліся ў новага дасьледаваньня і крытыкі. Яны сьцьвярджаюць, што для канчатковых высноваў трэба правесьці дадатковыя і больш шырокія экспэрымэнты, і што пакуль яшчэ нельга адназначна сьцьвярджаць, што ўзровень стрэсу скарачае даўжыню тэлемэры і што гэта, у сваю чаргу, скарачае працягласьць жыцьця людзей.

***

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Чым больш пякучая на смак цыбуля, тым больш яна карысная для здароўя. Жоўтая і чырвоная цыбуля зьяўляюцца самымі багатымі на фляваноіды, якія зьяўляюцца моцнымі антыаксыдантамі, запавольваюць старэньне клеткі і здольныя змагацца з ракам. Салодкая цыбуля мае меншую канцэнтрацыю фляваноідаў. Спрабуйце дадаваць цыбулю да супоў, салатаў і іншых страваў. RealAge нагадвае, што атрыманьне дастатковай колькасьці антыаксыдантаў празь ежу або харчовыя дадаткі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

2. Калі вы абмяжуеце ранішняе піцьцё кавы адным невялікім кубачкам – гэта будзе правільнае рашэньне. Падчас нядаўняга дасьледаваньня высьветлілася, што тыя, хто раніцай выпіваў некалькі кубкаў кавы, мелі ў крыві значна большыя ўзроўні шкодных бялкоў. Гэтыя бялкі выклікаюць запаленьні і алергічныя рэакцыі. RealAge нагадвае, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.

3. Калі падчас фізычных заняткаў вы ня можаце з-за напружаньня нармальна гаварыць, гэта можа азначаць, што вы выбралі сабе неадэкватна высокую нагрузку. Зразумела, што размова ня можа быць і такой жа лёгкай, як падчас адпачынку, але ўсё ж нагрузка павінна вам у патрэбе даваць магчымасьць свабодна размаўляць з партнэрам ці сябрам. RealAge сьцьвярджае, што рэгулярныя спартовыя практыкаваньні могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 9 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG