Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дапаможа Літва Эўразьвязу ў вырашэньні праблемаў зь Беларусьсю?


Ул. інф. Нямеччына разглядае Літву як аднаго з асноўных пасярэднікаў у дачыненьнях паміж краінамі Эўразьвязу і іх суседзямі на ўсходзе –Беларусьсю, Украінай, Расеяй. Паводле сёньняшняй "Frankfurter Allgemeine", гэтыя надзеі назіральнікі не ў апошнюю чаргу зьвязваюць з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам.

Як піша "Frankfurter Allgemeine", няма нічога дзіўнага ў тым, што і прэзыдэнт, і ўрад, і апазыцыя Ўкраіны побач з Квасьнеўскім, Кубішам і Салянам захацелі ўбачыць на перамовах кіраўніка Літвы Адамкуса.

Гэта рэдкі палітык, у якім спалучаюцца такія якасьці, як кураж, адчуваньне сябе грамадзянінам сьвету і адначасна патрыётам радзімы. Апошнім часам Літва адыгрывае ўсё большую ролю ў спробах прымірыць краіны, разьмешчаныя між Захадам і Ўсходам, ды таксама наблізіць для іх дэмакратыю.

Калі ўзяць дачыненьні Літвы зь Беларусьсю, то, з аднаго боку, бачым літоўскія спробы на шляху аб’яднаньня беларускай апазыцыі супраць дыктатара Лукашэнкі, а з другога, арыентацыю Вільні ў тым ліку й на супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам.

Паводле "Frankfurter Allgemeine", уплыў Літвы на ўкраінскую сытуацыю больш сьціплы, што можа, аднак, дапамагчы вырашэньню такой задачы, як стабілізацыя ў дачыненьнях зь вялікім суседам. У адрозьненьне ад Рыгі й Таліну, Вільня мае менш напружаныя адносіны з Масквой, – піша нямецкае выданьне.

Тым часам, паводле БелаПАН, старшыня Сэйму Літвы Артурас Паўлаўскас заявіў, што не выключае магчымасьці ўстанаўленьня дачыненьняў з новым складам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ў выпадку яго дэмакратычнай працы.

Паводле словаў Паўлаўскаса, эўрапейскія інстытуты павінны зьвяртаць больш увагі на Беларусь, і ня столькі санкцыямі, колькі пазытыўнымі мэтадамі. “Як суседзі мы будзем заўсёды выказваць гэтую пазыцыю ў Эўрапарлямэнце”, – заявіў Паўлаўскас.
XS
SM
MD
LG