Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі замоўчвае інфармацыю пра праблемы зь Міжнароднай арганізацыяй працы


Галіна Абакунчык, Менск Урад Беларусі накіраваў у Міжнародную арганізацыю працы (МАП) паведамленьне ў якім заяўляе пра намер выконваць рэкамэндацыі МАП па выпраўленьні становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Адпаведны ліст ад імя ўраду краіны падпісала міністар працы й сацыяльнай абароны Антаніна Морава. Аднак пракамэнтаваць гэты факт у міністэрстве адмаўляюцца, спасылаючыся на забарону распаўсюджваць адпаведную інфармацыю.

Паведамленьне пра афіцыйны адказ ураду Беларусі на адрас Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) быў зьмешчаны на англамоўным інтэрнэт-сайце гэтай міжнароднай арганізацыі. Пасьля адвольнага перакладу яго распаўсюдзілі некаторыя беларускія інтэрнэт-выданьні.

Для грамадзянаў Беларусі гэта сталася адзінай магчымасьцю даведацца пра рэакцыю афіцыйнага Менску на факт прызнаньня Міжнароднай арганізацыі працы парушэньня правоў прафсаюзаў з боку ўладаў.

У міністэрстве працы, кіраўніца якога рэпрэзэнтавала ўрад Беларусі на паседжаньні МАП у Жэнэве, ад камэнтароў адмаўляюцца. Вось што паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка Галіна Трафіменка.

(Трафіменка: ) “Ніякіх камэнтароў. Нават у нас на плянёрках міністар ніколі нічога не паведамляе. І я нікому, нават БелТА, якому мы надаём першачарговы прыярытэт у атрыманьні інфармацыі, ім нічога, ніводнага слоўца не сказалі. Вам міністар тое самае скажа – гэта адназначна”.

Гаварыла прэсавая сакратарка міністэрства працы Галіна Трафіменка.

Паводле апублікаванага ў інтэрнэце дакумэнту, урад Беларусі ня згодны з усімі заўвагамі Міжнароднай арганізацыі працы, але рэкамэндацыі па выпраўленьні становішча з правамі прафсаюзаў намерваецца выконваць.

Паводле лідэраў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, нядаўні судовы працэс у справе аднаўленьня на працы актывіста руху Алега Долбіка, які прафсаюз прайграў, паказвае на тое, што абяцаньні афіцыйных уладаў могуць застацца толькі на паперы.

Нагадаем, што Міжнародная арганізацыя працы 17 лістапада прыняла справаздачу Адмысловай камісіі, якая дасьледавала становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Гэты дакумэнт утрымлівае 200 старонак тэксту ў якім гаворыцца пра перашкоды ў справе рэгістрацыі незалежных прафсаюзаў, пра нежаданьне ўладаў наладжваць трохбаковае сацыяльнае партнэрства, пра перасьлед лідэраў і актывістаў незалежнага руху. У выніку ўраду Беларусі выстаўленыя рэкамэндацыі па выпраўленьне гэткага становішча, якія складаюцца з 12 пунктаў. Калі яны ня будуць выкананы да 1 чэрвеня 2005 году, МАП пакідае за сабой права ініцыяваць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з боку краінаў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG