Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хварэць на грып, на кішэнь, на пана


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Ён даўно нічым не хварэў ці ўсё ж даўно ні на што не хварэў? Часам у вуснай мове й на пісьме бачым беспрыназоўнікавую канструкцыю, у якой залежныя ад дзеяслова хварэць назоўнік або займеньнік ставяцца ў творным склоне (напрыклад, хварэць грыпам). Гэтая дапушчаная паваеннымі акадэмічнымі слоўнікамі канструкцыя размывае граматычную спэцыфіку нашае літаратурнае мовы. Дыялектныя крыніцы не пакідаюць сумневу: у традыцыйнай беларускамоўнай прасторы дамінуе канструкцыя з прыназоўнікам на пры дзеяслове хварэць. “Ня так даўно захварэў на гаручку”, – гэты сказ з часта цытаванага ў “Жывой мове” слоўніка Івана Насовіча. Спалучэньням дзеяслова хварэць з прыназоўнікам на аддавалі й аддаюць перавагу аўтарытэтныя носьбіты літаратурнае мовы. “Ужо дзён чатыры, як хварэю на грып. Хвароба пагоршвае настрой”, – чытаем у дзёньніку Кузьмы Чорнага. У беларускіх устойлівых спалучэньнях – фразэмах – пры слове хварэць таксама прыназоўнік: хварэць (захварэць) на кішэнь (кішэню), хварэць на кішаньковыя сухоты. Хварэе на кішэнь, на кішаньковыя сухоты – значыць, ня мае грошай, жыве ў безграшоўі. З Коласавай “Новай зямлі” паходзіць фразэма хварэць на пана. Хварэе на пана – так кажуць пра чалавека, які паводзіць сябе высакамерна, фанабэрыста або проста доўга сьпіць, вылежваецца, унікае работы.

Размаўляючы па-беларуску, не адступайма ад правільнае канструкцыі. Скажам, што нехта захварэў на грып, на сэрца, прызнаем, што сёй-той хварэе на кішэнь, на кішаньковыя сухоты, пажадаем усім ні на што не хварэць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG