Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кучма паехаў да Пуціна, не падпісаўшы указа аб адстаўцы ўраду Януковіча


Валер Каліноўскі, Кіеў Дзейны прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма ў разгар палітычнага крызысу пасьля выбараў прэзыдэнта і масавых акцыяў апазыцыі па ўсёй краіне, якія адбываюцца 11 дзён адбыў з аднадзённым візытам у Расею да Ўладзімера Пуціна.

Камітэт нацыянальнага выратаваньня, сфармаваны апазыцыяй, прапанаваў Службе бясьпекі Ўкраіны і Генэральнай пракуратуры завесьці супраць прэзыдэнта Леаніда Кучмы крымінальную справу за бязьдзейнасьць, што ўспрымаецца апазыцыяй як дзяржаўная здрада.

Камітэт нацыянальнага выратаваньня патрабуе ад Леаніда Кучмы неадкладна падпісаць указ пра адстаўку ўраду Януковіча згодна з рашэньнем Вярхоўнай Рады.

Адзін зь лідэраў апазыцыі Юлія Цімашэнка заявіла, што цяпер ўрад Януковіча згодна з дзейнай Канстытуцыяй не існуе. Леанід Кучма ўчора абяцаў, што будзе ў гэтым пытаньні прытрымлівацца Канстытуцыі, аднак з падпісаньнем указу прамаруджвае.

Тым часам прыхільнік Януковіча ў парлямэнце Нестар Шуфрыч паведаміў, што рашэньне Вярхоўнай рады аб адстаўцы ўраду Януковіча абскарджана ў Канстытуцыйным судзе.

Заяву падпісалі 60 праўладных дэпутатаў. Сам Леанід Кучма тым часам тэрмінова адбыў у Маскву для палітычных каснультацыяў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. Кіраўнік кааліцыі “Сіла народу” Віктар Юшчанка выказаў сумнеў, што кансультацыі Кучмы з Пуціным паспрыяюць ўрэгуляваньню канфлікту, паколькі спрэчкі трэба вырашаць ўнутры краіны.

Тым часам Вярхоўная Рада ўжо рыхтуе прапановы па завяршэньні выбараў прэзыдэнта і ўрэгуляваньні сытуацыі, прычым, як паведаміў сьпікер парлямэнту Ўладзімер Літвін, разглядаюцца розныя варыянты магчымага рашэньня Вярхоўнага суда па справе аб фальсыфікацыі выбараў, каб пасьля яго абвяшчэньня можна было пачаць актыўна дзейнічаць. У групе экспэртаў рыхтуюцца прапановы адносна магчымых датаў перагаласаваньня другога туру прэзыдэнцкіх выбараў, наконт новага складу Цэнтарвыбаркаму і ўраду. Адначасова вядзецца праца па зьмяненьні Канстытуцыі ў рамках палітычнай рэформы, якая сёлета была запачаткаваная.

Пад час масавых акцыяў апазыцыі злачыннасьць у Кіеве зьнізілася на 30%,– паведаміла галоўнае ўпраўленьне ўнутраных справаў Кіева. Мэр Кіева Аляксандра Амекльчанка выказаў спадзеў на завяршэньне масавых акцыяў пратэсту ў Кіеве да 5 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG