Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сын забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай у цяжкім стане трапіў у шпіталь


Любоў Лунёва, Менск Сьледчыя менскай пракуратуры дагэтуль не знайшлі забойцу журналісткі Веранікі Чаркасавай. Яе забілі раніцай 20 кастрычніка, калі яна зьбіралася на працу. Цела журналісткі знайшлі ўвечары яе сын і айчым. Цяпер 15-гадовы сын Веранікі ў выніку псыхічнай траўмы знаходзіцца ў шпіталі.

Сьледчую групу ўзначальвае кіраўнік сьледчага аддзелу Сяргей Іваноў. Ён не камэнтуе вынікаў расьсьледаваньня, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Сьледчы пацьвердзіў, што ў шэрагу падазраваных асобаў — сын Веранікі Чаркасавай і яе айчым.

Маці забітай журналісткі абураная мэтадамі сьледзтва. Дыяна Чаркасава канстатуе, што пасьля допытаў, якія праводзіў Уладзімер Чумачэнка, у яе ўнука рэзка пагоршылася здароўе.

Антона шпіталізавалі з дыягназам “пасьлястрэсавы разлад з парушэньнем адаптацыі й пралангаванай дэпрэсіўнай рэакцыяй”. Бабуля 15-гадовага Антона кажа, што ён амаль ня сьпіць, ня есьць, ня можа вучыцца, ні з кім не размаўляе. Мэдыкі папярэдзілі яе, што такі стан можа справакаваць суіцыд. Дыяна Чаркасава знаходзіцца ля ложка свайго ўнука. Мы зьвязаліся зь ёй па тэлефоне:

(Чаркасава: ) “Мала таго, што я страціла дачку, я баюся, што нешта можа здарыцца з маім унукам. Людзі, якія намагаюцца зь яго нешта выціснуць, ня маюць ні сумленьня, ні годнасьці. Яны папросту зьдзекуюцца зь дзіцяці. Самі кажуць: “Мы ня думаем, што ён нешта такое зьдзейсьніў”. Але чаму яго не пакінуць у спакоі? Я ня ведаю, чаму яны ўзялі дзіця ў якасьці закладніка. Ён, калі ўбачыў сваю забітую маму, перажыў моцны стрэс. А потым замест каб яго падтрымаць, яго пачалі выклікаць на допыты. Антон спачатку адказваў, што рабіў, і толькі потым зразумеў, што яго падазраюць у забойстве сваёй маці. Пасьля гэтага, напэўна, кожны нармальны чалавек можа папросту звар’яцець”.

Мэдыкі кажуць, што лячэньне можа зацягнуцца ад шасьці месяцаў да двух гадоў.

Сьледчы Ўладзімер Чумачэнка адкідае абвінавачаньні сваякоў Веранікі Чаркасавай. Ён паведаміў Радыё Свабода, што абыходзіўся з Антонам ветліва і прыязна. Сьледчы запэўнівае, што ніякага ціску на Антона не аказваў. Але адказаць на пытаньне, чаму Антона лічаць падазраваным, адмовіўся, спаслаўшыся на таямніцу сьледзтва.
XS
SM
MD
LG