Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве за год пабывала 4 мільёны турыстаў, у Беларусі – 60,000


Галіна Абакунчык, Менск Распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі аб разьвіцьці ўязнога турызму ў Беларусь Міністэрства спорту намерваецца выканаць коштам разьвіцьця экалягічнага турызму. Паводле адказных чыноўнікаў, міжнародных стандартаў у турыстычнай галіне можна дасягнуць цягам двух гадоў. Аднак незалежныя адмыслоўцы заяўляюць, што замежных турыстаў цяжка завабіць туды, дзе пануе дзяржаўны сэрвіс савецкага ўзору.

Разьвіцьцё экалягічнага турызму — адна зь нямногіх магчымасьцяў прыцягнуць у краіну замежных турыстаў, — заяўляюць у Міністэрстве спорту. Паколькі ў захаваньні помнікаў гісторыі й культуры Беларусь ня можа спаборнічаць зь іншымі краінамі Эўропы. Да прыкладу, калі ў Літве летась пабывалі 4 мільёны турыстаў, дык у Беларусі — толькі 60 тысяч. Улады прызнаюць, што прычынай гэткага становішча таксама ёсьць неразьвітасьць інфраструктуры, неабгрунтавана дарагія ўязныя візы й іншыя праблемы. Іх можна вырашыць цягам двух гадоў, а сёньня найперш неабходна разьвіцьцё сацыяльнай рэклямы, — заявіў у інтэрвію Свабодзе генэральны дырэктар Нацыянальнай агенцыі турызму Часлаў Шульга.

(Шульга: ) “Для гэтага патрэбна, каб у кожным аэрапорце, цягніку, амбасадах была рэкляма, што менавіта Беларусь — гэта рай зямны. Затым турыстычныя фірмы пад гэты рай зямны будуць рэклямаваць Нарач, Браслаў і гэтак далей — і турыст пойдзе”.

Паводле спадара Шульгі, экалягічны турызм у Беларусі будзе разьвівацца з аднаўленьня водных турыстычных шляхоў: Аўгустоўскага, Дняпроўска-Бускага ды іншых каналаў. Менавіта замежным экалягічным турызмам па тэрыторыі палескіх балотаў ня першы год займаецца сябра асацыяцыі экскурсаводаў, пінчук Аляксей Дуброўскі. Вось што ён сказаў у інтэрвію “Свабодзе”:

(Дуброўскі: ) “Якія дурні сюды паедуць? Я многа размаўляў, сюды прыяжджалі датчане, швайцарцы, галяндцы, яны кажуць: па-першае, у вас няма гатэляў, дзе можна нармалёва пераначаваць, яны дарагія. Мяжу цяжка пераехаць, бо трэба 180 даляраў плаціць — нідзе такога няма. І на кожным кроку ўсялякія перашкоды — гэта бюракратыя сацыялістычная, абслуга дзяржаўная, ім гэта брыдка. Яны прама пра гэта й кажуць — колькі тут будзе камунізм будавацца, гэтулькі яны сюды й не паедуць. Хіба толькі вельмі апантаныя людзі, чалавек сто за год — прыедуць, каб паглядзець на дзікую прыроду ў нас”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, днямі ў Міністэрстве спорту і турызму адбудзецца нарада адпаведных службаў у справе лібэралізацыі візавага рэжыму для замежных турыстаў.
XS
SM
MD
LG