Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрыемства “Белая Русь” патрабуе ад Галіны Жураўковай і яе суўдзельнікаў больш як 3 мільёны даляраў


Алег Грузьдзіловіч, Менск На працэсе над Галінай Жураўковай і яе суўдзельнікамі выступіў прадстаўнік прадпрыемства “Белая Русь”, які заявіў пазоў на суму больш за 3 мільёны даляраў. Пры гэтым з вуснаў прадстаўніка “Белай Русі” не прагучала новых доказаў віны абвінавачаных.

“Крадзяжу не было, дзейнічалі іншыя схемы атрыманьня грошай, якія былі на балянсе прадпрыемства”, — гэтак ацаніў дзеяньні Галіны Жураўковай ды іншых былых кіраўнікоў “Белай Русі” Максім Рабец, які ўзначальвае юрыдычны аддзел гэтага прадпрыемства. 2 сьнежня Максім Рабец ад імя “Белай Русі” заявіў грамадзянскі пазоў Галіне Жураўковай і яе суўдзельнікам. Усяго прад’яўлена прэтэнзіяў на 3 мільёны 626 тысяч даляраў. З гэтых грошай нібыта больш за 260 тысяч было незаконна зароблена на ўгодах з нафтапрадуктамі. 118 тысяч даляраў забясьпечылі махінацыі з тытунём, а асноўны незаконны заробак далі апэрацыі з цукрам — больш за 3 мільёны даляраў.

Максім Рабец, аднак, не прад’явіў суду новых доказаў віны абвінавачаных. Галоўны юрыст “Белай Русі” спаслаўся на закон, які не абавязвае гэта рабіць грамадзянскага абвінаваўцу. Пры гэтым Максім Рабец прызнаў, што ніводзін з нафтавых, тытунёвых ці цукровых кантрактаў “Белай Русі” ня быў стратным, але ён лічыць, што “дзяржава магла атрымаць з гэтых угодах нашмат большы прыбытак”.

Адно з пытаньняў Максіму Рабцу задала і Галіна Жураўкова. Яна цікавілася, ці не аказвала сьледзтва ціску на цяперашняе кіраўніцтва “Белай Русі”, каб быў выстаўлены грамадзянскі пазоў. Максім Рабец ціск сьледзтва абверг. Ён паведаміў суду, што “Белая Русь” дагэтуль не расплацілася за крэдыты, якія брала на кантракты з нафтай і цукрам. Гэта некалькі мільёнаў даляраў. Паводле загадчыка юрыдычнага аддзелу “Белай Русі”, з гэтай прычыны рахунак фірмы часткова заблякаваны.

У перапынку я спытаўся ў Максіма Рабца, чаму ён ня лічыць крадзяжом зьнікненьне больш як 3 мільёнаў даляраў з балянсу “Белай Русі”:

(Рабец: ) “Я ўжо стаміўся ад размоваў”, — адказаў прадстаўнік фірмы.

Галіна Жураўкова таксама адмовілася камэнтаваць тое, што сёньня прагучала ў судзе на яе адрас.

Былая кіраўніца справаў прэзыдэнта Галіна Жураўкова абвінавачваецца ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці ды іншых эканамічных злачынствах. Галіну Жураўкову амаль пяць месяцаў пратрымалі ў ізалятары КГБ, адкуль яна выйшла пасьля таго, як яе сваякі й знаёмыя заплацілі больш за мільён даляраў нібыта ў якасьці кампэнсацыі за нанесеныя дзяржаве страты. Вінаватай сябе Галіна Жураўкова не прызнае. Між тым, некаторыя яе суўдзельнікі прызналі сваю віну і далі паказаньні супраць Галіны Жураўковай.
XS
SM
MD
LG