Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: “Што думаюць беларускія ўкраінцы пра падзеі ва Ўкраіне?”


Міхал Стэльмак, Менск Паводле статыстыкі, у Беларусі жывуць 237 тысяч грамадзян украінскага паходжаньня. Як ставяцца яны да сытуацыі ва Ўкраіне? Што думаюць наконт пазыцыі Беларусі ў дачыненьні да апошніх украінскіх падзеяў? Адказы на гэтыя пытаньні высьвятляў наш карэспандэнт.

Ігар Захарыя ўжо чвэрць стагодзьдзя жыве ў Беларусі, сам ён ураджэнец Івана-Франкоўскай вобласьці. Палітычны крызіс ва Ўкраіне ён лічыць наступствам адміністрацыйнага ціску і махлярства ўладаў:

(Захарыя: ) “Я за Юшчанку. Мае родныя кажуць, што быў вельмі моцны ціск у Заходняй Украіне, фальшаваньні ва Ўсходняй Украіне”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы думаеце пра пазыцыю беларускіх уладаў у дачыненьні да падзеяў ва Ўкраіне?”

(Захарыя: ) “Для Лукашэнкі выгадны і той бок, і той. Ён зрабіў рэвэранс у бок Януковіча”.

(Карэспандэнт: ) “Зь якіх крыніцаў вы атрымліваеце інфармацыю пра Ўкраіну?”

(Захарыя: ) “Я не гляджу беларускага тэлебачаньня. Гляджу НТВ. І чытаю “Народную волю”. Заўчора паглядзеў канал “Расея”, дзе паказвалі фільм пра бандэраўцаў. І падумаў: вось смалы ў агонь падліваюць. Стары савецкі фільм, дзе вельмі ўсё тэндэнцыйна падаецца”.

Тацяна Славінская жыве ў Слоніме. Як і спадар Захарыя, з Украіны пераехала сюды ў савецкі час. І яна таксама ня цураецца сваіх украінскіх каранёў:

(Славінская: ) “Уся мая сям’я, дзе ўсе украінцы, уважліва сочыць за гэтымі падзеямі. І, вядома, вельмі трывожымся. Непакоімся, каб не пачалася грамадзянская вайна. Родзічы ў нас у заходняй Украіне — з таго боку, які падтрымлівае Віктара Юшчанку. Але самі мы больш сымпатызуем Януковічу”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму?”

(Славінская: ) “Мне здаецца, што зь ім будзе спакайней. Мне б не хацелася, каб Украіна ператварылася ў анкляў Захаду”.

Сяргей Голік — студэнт аднаго зь менскіх каледжаў. Яго бацька — ураджэнец Цярнопальскай вобласьці. Украінскія падзеі выклікалі зрух у нацыянальнай самасьвядомасьці Сяргея:

(Голік: ) “Некалькі год таму я пачаў вызначаць сябе як беларуса. Перайшоў на беларускую мову. Я пачаў уліваццца ў беларускамоўную супольнасьць. Але пасьля гэтых падзеяў я пачаў адчуваць, што мае карані ня толькі ў Беларусі, што Ўкраіна для мяне таксама родная. І я пачаў адчуваць сябе ў нейкай частцы ўкраінцам. Стаўлюся больш прыхільна да незалежнай Украіны. Можна зразумець да якога кандыдата — да Юшчанкі”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы думаеце пра пазыцыю Беларусі ў дачыненьні да Ўкраіны?”

(Голік: ) “Улады нашы ня вельмі падтрымліваюць, каб Украіна стала заходняй дзяржавай. Але гэта ўлады. А сьвядомая частка насельніцтва — канечне, за Юшчанку”.
XS
SM
MD
LG