Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міністэрства інфармацыі хоча кантраляваць праграмы кабэльнага тэлебачаньня, у Берасьці забаранілі польскае TV


Ігар Карней, Менск Міністэрства інфармацыі Беларусі папярэдзіла некаторых апэратараў кабэльнага тэлебачаньня, што пазбавіць іх ліцэнзіяў, калі яны без узгадненьня міністэрства будуць працягваць рэтрансьляваць замежныя тэлеканалы. Адмыслоўцы не выключаюць, што такім чынам чыноўнікі змогуць кантраляваць вяшчаньне перадусім польскіх, украінскіх ды расейскіх каналаў.

Пакуль лісты зь Міністэрства інфармацыі атрымалі апэратары кабэльнага вяшчаньня памежных з Польшчай рэгіёнаў. 1 сьнежня “Свабода” паведамляла пра сытуацыю ў Берасьці, дзе ўсе апэратары папярэджаныя, што ў іх адбяруць ліцэнзіі, калі яны будуць несанкцыянавана рэтрансьляваць дзьве праграмы Польскага тэлебачаньня і тэлеканал “Полсат”.

Паводле дырэктара аднаго зь берасьцейскіх апэратараў кабэльнага тэлебачаньня Юрыя Галіуліна, ягоная фірма вымушаная цяпер спыніць рэтрансьляцыю польскіх каналаў. Хоць польскі бок ніякіх прэтэнзіяў не выстаўляе: пра гэта спадар Галіулін асабіста даведаўся ў Варшаве на пачатку гэтага тыдня.

У офісе найбуйнейшага ў Беларусі апэратара кабэльнага тэлебачаньня, кампаніі “Космас TV”, ня выключаюць, што дробныя апэратары кабэльнага вяшчаньня сапраўды могуць быць пазбаўленыя ліцэнзіі на вяшчаньне. Гаворыць прадстаўнік фірмы Аляксандар Карнаўх:

(Карнаўх:) “Мы такіх лістоў не атрымлівалі, але не сакрэт, што ў нас з усімі праграмадаўцамі ёсьць афіцыйныя дамоўленасьці. І мы дастаткова даўно змагаемся за тое, каб усе апэратары працавалі ў адной праўнай зоне”.

Адмыслоўцы ў галіне мас-мэдыяў не ўхваляюць падобных захадаў з боку Міністэрства інфармацыі. Кіраўнік цэнтру прававой абароны СМІ Беларускай асацыяцыі журналістаў Міхаіл Пастухоў жаданьне дзяржавы цалкам кантраляваць інфармацыйную прастору называе недапушчальным.

(Пастухоў: ) “У нас такое ўмяшальніцтва дапушчальнае з гледзішча “Закону аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”. Але я перакананы: у сучасным сьвеце трэба забясьпечыць самастойнасьць, незалежнасьць мас-мэдыяў. Каб нікому ў галаву нават не прыходзіла цэнзураваць тое, што будуць паказваць на кабэльных каналах. Мне падаецца, Міністэрства інфармацыі занадта глыбока ўмешваецца ў сфэру тэлерадыёвяшчаньня. Дзяржава ня мае права навязваць якіясьці пакеты вяшчаньня ці нават патрабаваць узгадненьня праграмаў кабэльнага тэлебачаньня”.

У Міністэрстве інфармацыі захады, накіраваныя на абмежаваньне трансьляцыяў кабэльнага вяшчаньня тлумачаць тым, што апэратары кабэльнага вяшчаньня, якія згодна з палажэньнем гэтага ведамства зьяўляюцца сродкамі масавай інфармацыі, мусяць узгадняць сваю дзейнасьць зь Міністэрствам.

Гл. таксама • Апэратары кабэльнага тэлебачаньня ў Берасьці спынілі рэтрансьляцыю трох польскіх каналаў
XS
SM
MD
LG