Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна чакае рашэньня Вярхоўнага суду


Валер Каліноўскі, Кіеў Сёньня чацьверты дзень ідзе паседжаньне грамадзянскай калегіі Вярхоўнага суда Украіны па заяве даверанай асобы Віктара Юшчанкі аб непрызнаньні рашэньня ЦВК наконт вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Сёньня суд закончыў допыт сьведкаў і пачаў вывучэньня пісьмовых матэрыялаў справы. Закон патрабуе ад Вярхоўнага суда прыняць рашэньне ў пяцідзённы тэрмін.

Працэс упершыню транслюецца ў наўпростым эфіры асноўных тэлеканалаў і выклікае надзвычайную цікавасьць. Дэманстранты на майдане Незалежнасьці глядзяць паседжаньне суда на вялікіх маніторах. Як яны ацэньваюць ход працэсу, пра гэта іх распытваў наш карэспандэнт.

Мсьціслаў, юрыст з Кіева, зьяўляецца спэцыялістам па грамадзянскім заканадаўстве, зараз піша доктарскую дысэртацыю. У яго працэс у Вярхоўным судзе выклікае не толькі палітычную, але і прафэсійную цікаваць.

(Мсьціслаў: ) “На гэты момант цяжка сказаць, у які бок схіліцца суд, але відавочна, што прадстаўнікі ЦВК і Януковіча, аб’яднаўшыся, ўсяляк намагаюцца зацягнуць працэс. Яны замінаюць пераходзіць да новых стадыяў працэсу, заяўляюць новыя і новыя хадайніцтвы.

Судзьдзі зараз перад вельмі сур’ёзным выбарам, мне падаецца, на іх вельмі моцна ціснуць. Ім складана. Такі цяжар цяпер ляжыць на Вярхоўным судзе, што я не ўяўляю, які ў іх маральны ды і фізычны стан”,– сказаў кіеўскі юрыст Мсьціслаў.

Іншы ўдзельнік маніфэстацыі Міхаіл, распрацоўшчык электроннай тэхнікі з Адэсы, лічыць, што яшчэ некалькі месяцаў таму Вярхоўны суд быў вельмі заангажаваны, фактычна працаваў на ўладу Кучмы і ягонае атачэньне.

(Міхаіл: ) “Зараз яны напэўна адчуваюць, што народ паўстаў, і цяпер яны зусім іначай сябе паводзяць, і на мой погляд, паводзяць сябе досыць незалежна ад канаючай улады”.

Міхаіл кажа, што сам быў назіральнікам пад час выбараў і можа засьведчыць пра шматлікія фальсыфікацыі.

Сьведкамі фальсыфікацыяў былі і іншыя ўдзельнікі акцыі пратэсту, таму яны і прыехалі на Майдан незалежнасьці.

(Кійко: ) “Такога жаху, які адбываўся ў сапраўднасьці, яшчэ тут не бачна, на гэтым судзе. Гэта было гвалтаваньне волі народу”,– сказаў лекар Фёдар Кійко зь Цярнопаля. Ён лічыць, што прадстаўнікі Юшчанкі на працэсе больш пераканаўчыя, і што суд схіляецца на іх бок. Гэткай жа думкі і іншыя.

(Хмяльніцкая: ) “Больш аргумэнтаваны бок Юшчанкі, а прадстаўнікі ЦВК паказалі сваю некампэтэнтнасьць, неабазнанасьць у законах. Што да судзьдзяў Вярхоўнага суду, то яны дэманструюць высокі прафэсіяналізм і аб’ектыўнасьць. Гэта мая думка і думка людзей, зь якімі я абмяркоўвала гэтую тэму”, – сказала настаўніца Сьвятлана Далінская з Хмяльніцкага.

Прагназаваць рашэньне суду, яна не гатовая. Іншыя ж маюць надзею:

(Спадар: ) “Я думаю, Юшчанка выйграе”.

(Спадарыня: ) “Хоць у нас кажуць, што ў нас ўся ўлада купленая, і Вярхоўны суд таксама, але я думаю, што Вярхоўны суд не рашыцца пайсьці супраць народу”.

Сёньня Вярхоўны суд Украіны зноў адхіліў шэраг хадайніцтваў адвакатаў Януковча, якія былі зробленыя з мэтай зрыву альбо зацягваньня працэсу.

Тым часам сябра ЦВК Князевіч у судзе заявіў, што вынікі выбараў сфальсыфікаваныя менавіта з прычыны таго, што “ЦВК разьвязала рукі для маніпуляцыяў”, адмовіўшыся ад кантролю за выбарчым працэсам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG