Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе беларускім сіротам лепш жывецца: у дзіцячых дамах Беларусі альбо ў сем’ях у Заходняй Эўропе?


Галіна Абакунчык, Менск Зь лістапада спынена прыманьне заяваў на міжнароднае ўсынаўленьне беларускіх дзяцей. Цяпер Міністэрства адукацыі распрацоўвае дапаўненьні ў дзейны закон, якія рэзка ўскладняюць гэтую й так ня простую працэдуру. Падставай для зьменаў стала заява Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта дрэннае стаўленьне да маленькіх беларусаў у сем’ях за межамі краіны. Ці насамрэч сіротаў у Беларусі любяць больш і ці сапраўды ім кепска ў Нямеччыне ці Злучаных Штатах? Тэму дасьледуе наша карэспандэнтка.

Дагэтуль штогод каля 800 беларускіх сіротаў знаходзілі новых бацькоў і паўнавартасныя сем’і, але пераважна ў замежжы. Паводле афіцыйнай статыстыкі, усяго такі лёс напаткаў 6 тысяч малых, паведаміла выканаўца абавязкаў дырэктара Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня Валянціна Бондарава. А ці можа яна пацьвердзіць заяву кіраўніка краіны пра гаротны стан маленькіх беларусаў за мяжой?

(Бондарава: ) “Мы атрымліваем справаздачу пра іхнае жыцьцё, адаптацыю. Нашых усыноўленых дзяцей увесь час кантралююць органы апекі. Таму адмены ўсынаўленьня ёсьць і ў нас, бо немагчыма пазьбегчы памылак. Бываюць розныя сытуацыі: маці памерла, а бацька кажа: “Не магу, і ўсё”. Гэта я да прыкладу кажу. А за мяжой у нас быў адзін выпадак, калі ўсынавілі двух брацікаў. Старэйшаму было 15 – 16 гадоў – ну й ня змог хлопчык прыжыцца, кажа: “Хачу дамоў”. Фактаў забойства й гэтак далей у нас пакуль, дзякаваць Богу, няма”.

Паводле Валянціны Бондаравай, цяпер сіротаў бяруць ня вельмі ахвотна, хоць для стымуляцыі ўсынаўленьня ў Беларусі практыкуюць шмат якія сучасныя формы, у тым ліку дзіцячыя вёскі, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, прыймовыя сем’і... І ўсё ж да поўнага вырашэньня праблемы яшчэ далёка, перакананая загадчыца лябараторыі Цэнтру шлюбу й сям’і Алеся Чарняўская.

(Чарняўская: ) “Панастворвалі прыёмных сем’яў у вёсках. 150 – 200 тысяч заробку за гэтае прынятае дзіця атрымліваюць – шалёныя грошы для іх. А ў яе, гэтай жанчыны, – сьвінкі, у яе агарод, у яе калгас – у яе ўсё. І яна кажа: “А што, мае дзеткі павырасталі сярод бульбы, і вунь якія нармальныя. А гэты што? І гэты выгадуецца”. А дзіця праблемнае – ня выгадуецца. Трэба праца й з гэтымі бацькамі. Ніхто ня кажа, нідзе асабліва інфармацыі няма пра тое, колькі прыёмных бацькоў адмаўляецца ад гэтых прыёмных дзетак праз 3 – 4 гады”.

Меркаваньнямі пра лёс усыноўленых дзяцей я пацікавілася ў мінакоў на вуліцах Менску – вось якімі былі адказы.

(Спадарыня: ) “Мала таго, што ўсялякіх перашкодаў шмат, для ўсынаўленьня і ўдачкаваньня, дык у нас яшчэ вельмі цяжкае эканамічнае становішча, каб дзеці нармальна разьвіваліся ў гэтых сем’ях. Дзяржава мала дапамагае такім сем’ям”.

(Спадар: ) “Пэрспэктывы тут малыя, а там і праца будзе, і кантакты – словам, дзецям лепш будзе там, чым тут”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што дзеці там жывуць добра. Мая сяброўка возіць дзяцей у Італію, і я ведаю, як там італьянцы дрыжаць за нашых дзяцей. Яны іх і кормяць, і пояць, і апранаюць, і ўсё, што хочаце. Мне падаецца, што там да нашых дзяцей ставяцца лепш, чым мы самі”.

Пра якасьць дзяржаўнага кантролю над беларускімі сем’ямі з усыноўленымі дзецьмі шмат гаворыць нядаўняе здарэньне ў Менску: высокапастаўленая чыноўніца пракуратуры цягам некалькіх гадоў катавала свайго непаўналетняга сына-школьніка. Суд пазбавіў яе мацярынскіх правоў, але ніякай адказнасьці так званая маці не панесла. Хлопчыка забрала іншая сям’я.

Гаворыць цяперашняя яго матуля Кацярына Назарэнка:

(Назарэнка: ) “Мяне ўражвае, што за два з паловаю гады з службы апекі ні разу не патэлефанавалі, ні разу не пацікавіліся дзіцем – ці ёсьць такое дзіця на сьвеце, ці яго няма? Дык і думаю, што пры нашай службе апякунства ты яго можаш забіваць ці рабіць што хочаш. Я ўражаная гэткім стаўленьнем да дзяцей: усё нармальна, і усё, – вось як яны клапоцяцца пра дзяцей. Можа, дзецьмі за мяжой яны й цікавяцца, але тут яны ні пра што не клапоцяцца”.

Тым часам адмыслоўцы кажуць, што ў адпаведных дзяржаўных установах даўно кіруюцца неафіцыйнай устаноўкай, каб колькасьць айчыннага ўсынаўленьня не саступала замежнаму. Кіраўніца Беларускага Хэльсынскага камітэту Тацяна Процька – верніца смалявіцкага касьцёлу сьвятога Валянціна, які апякуецца дзецьмі-сіротамі.

(Процька: ) “Наш касьцёл апякуецца інтэрнатам, які ў Жодзіне. Мы ведаем тых дзяцей, якіх узялі. Для дзяцей гэта найлепшы варыянт – тут і думаць няма чаго. Яны ж бяруць дзяцей не здаровых, а любых хворых дзяцей, тых, якіх у нас ня возьмуць. Да прыкладу, з “зайцавымі” вуснамі ці “воўчай” пашчай. Ім там робяць плястычныя апэрацыі. А прэзыдэнт наагул шмат чаго ня ведае з таго, што адбываецца ў жыцьці. Пыха, вось такая пыха, што мы не аддамо нашых дзяцей, што там будуць іх рабамі рабіць, вось такая дурата”.

Меркаваньня, што ўсе дзеці павінны жыць у сем’ях, хай сабе і ў замежных, трымаецца таксама загадчыца лябараторыі Цэнтру шлюбу й сям’і Алеся Чарняўская.

(Чарняўская: ) “У рэальнасьці ў дзяржавы няма грошай на ўтрыманьне гэтых інтэрнатных установаў. І ўсынаўленьне дзяцей за мяжу я лічу выратаваньнем для нашых дзяцей. Замежнікі здымаюць зь дзяржавы неабходнасьць думаць пасьля, як гэтае дзіця ўладкаваць на працу, чаму яго навучыць, неабходнасьць вырашаць ягоныя сацыяльныя праблемы – з кватэрай, вопраткай і г.д. То бок у дзяржавы гэтулькі плюсаў, ня кажучы пра асноўны – дзіця будзе шчасьлівае. І калі ім тут не ўдалося адшукаць нармальнай сям’і, то няхай хоць дзе-небудзь ім будзе шчасьце. Я ня ведаю, чым такое патлумачыць: калі каму-небудзь будзе добра, то я ня дам, каб яму было добра”.

Каб аформіць усынаўленьне беларускага дзіцяці, замежнік мае патраціць паўгоду і заплаціць дзяржаве каля 2 тысяч даляраў. Пасьля ініцыяваных прэзыдэнтам дапрацовак заканадаўства тая працэдура стане яшчэ больш маруднай і дарагой. Між тым у інтэрнатах краіны сёньня жывуць 30 тысяч сіротаў. Кожны год іх колькасьць большае на 10%.
XS
SM
MD
LG