Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я ганаруся, што ў маіх жылах цячэ частка ўкраінскай крыві! Я ганаруся ўкраінскім народам, які адстойвае дэмакратыю”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 30 лістапада 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Падставай для хваляваньня ў насельніцтва Ўкраіны паслужыла злачынная фальсыфікацыя выбараў, іх вынікаў, дзеючымі ўладамі. Фальсыфікацыя выбараў – гэта і ёсьць спроба дзяржаўнага перавароту. Мэта фальсыфікацыі – ня даць адбыцца перабудове, пераменам на Ўкраіне і застацца ў сфэры ўплыву Расеі. За фальсыфікацыю выбараў трэба ісьці ў адстаўку і пад суд. А як інакш? На шляху да перамен у якасьці перашкодаў ва Ўкраіне выкарыстоўваюцца працоўныя Данбаса. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Антыўкраінскія сілы са шчырай душой з усходу навязваюць украінскаму грамадзтву грамадзянскую вайну, каб адкалоць усходнія раёны краіны. А гэта палова тэрыторыі. Толькі дапамога эўрапейскіх краінаў можа прадухіліць раскол Украіны на дзьве часткі. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Падзеі ва Ўкраіне – гэта працяг барацьбы народу былой Расейскай імпэрыі за незалежнасьць. Гэта ня просты і ня лёгкі шлях. Па БТ і Расеі ідуць камэнтары аб тым, што Сорас і іншыя сваімі грашамі стварылі такую сытуацыю. Але ж ці можна купіць амаль 5 мільёнаў чалавек? Зразумела ж, не. Проста частка насельніцтва Ўкраіны ўжо зразумела, што справядлівыя й адкрытыя выбары – гэта яшчэ адзін крок да свабоды, а значыць і да лепшага жыцьця.

На Беларусі закон аб выбарах ня дзейнічае, галасаваньне ператворанае ў фарс. Вось украінцы малайцы! Хай дапаможа ім Бог!”

(Віктар Бутто, Менск: ) “Такі шум па беларускай праграме Радыё Свабода, што немагчыма ніводнага слова зразумець.

Нашыя менскія альбо расейскія карупцыянэры паказваюць сябе. Вельмі ім не падабаецца, што адбываецца ва Ўкраіне, што абмяркоўваецца вакол гэтага. Дзіўная нашая дзяржава… Усяго добрага”.

(Спадар: ) “Шаноўныя ўкраінцы! Сумленныя беларускія людзі ганарацца вашай мужнасьцю і барацьбой супраць фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта Ўкраіны. Мы душой з вамі, дарагія браты-ўкраінцы! Трымайцеся да канца! Ня дайце ўсталявацца шавінісцкаму рэжыму Расеі, які ўсталяваўся ў Беларусі ў выглядзе Лукашэнкі з дапамогай некаторых расейскіх палітыкаў і алігархаў. Яны пужаюць нас з вамі Захадам. Але Захад не адключае ад сваіх людзей электраэнэргію і газ без суда і сьледзтва, як робяць гэта ў Расеі. І абяздоленыя людзі згараюць жывымі ў бараках. Ганьба ім! Толькі расейскія назіральнікі не прызналі фальсыфікаваныя выбары!”

(Віктар Бутто: ) “Падобна, што Віктар Юшчанка будзе прэзыдэнтам ва Ўкраіне! Што б ні рабілі карупцыянэры з выканаўчай улады са сваімі прадстаўнікамі, якія выкарыстоўваюць шантаж, пагрозы, запалохваньне і іншае падобнае, што выкарыстоўваюць у багатых ці жабрацкіх, прававых ці таталітарных дзяржавах, але ў больш нахабнай і адкрытай форме гэта імі ажыцьцяўляецца ў былых краінах СССР”.

(Аляксандар, Ліда: ) “Добры дзень, Радыё Свабода! У мяне ёсьць пытаньне да Вас. Я не служыў у ўзброеных сілах РБ па стану здароўя. Але хацелася б пачуць больш кампэтэнтныя думкі наконт наступнага. Мне здаецца, што абавязковая служба ў арміі – прымусовая служба. Гэта і ёсьць парушэньне правоў чалавека. Калі б мяне прызвалі ў армію, я б, напэўна, сам адмовіўся ад гэтага, таму што я не лічу сябе нечым абавязаным гэтай краіне, прынамсі ў сёньняшнім варыянце. Гэтая краіна нічога мне не дала, а хутчэй наадварот забрала ад мяне і маіх бацькоў маю будучыню й будучыню маіх бацькоў і дзядоў, калі наогул казаць. Дык вось, гэтая краіна нічога мне не дала. Дык чаму я павінен займацца гэтай справай? Чаму я павінен абараняць гонар маёй краіны?

Напэўна, хутка роднаму брату прыйдзецца ісьці ў армію. І я вельмі абураны гэтай сытуацыяй. Мяне хвалюе, што мой родны брат, блізкі мне чалавек, павінен згубіць некалькі сваіх гадоў маладосьці. Калі ласка, разглядзіце гэтае пытаньне. Напэўна, будуць вельмі цікавыя разважаньні другіх людзей. І, наогул, якая сытуацыя ў гэтым пытаньні ў нашай краіне? Дзякуй вялікі”.

(Спадар: ) “Паважаная Радыёстанцыя Свабода! Вас не чуваць! Ідзе нейкае глушэньне! Немагчыма слухаць! Раней жа так добра было чуваць Вас, усе пытаньні магчыма было разабраць, паслухаць і ацэніць. Цяпер слухаць немагчыма! Да вас просьба, каб наладзілі вашую перадачу”.

(Саскевіч Мікола: ) “Ня бойцеся, народ Украіны! Увесь украінскі свабодны народ благаславіў духоўны бацька ўсіх хрысьціянаў Ян Павал 2. Так што з Богам! І толькі наперад!

Я ганаруся, што ў маіх жылах таксама цячэ частка ўкраінскай крыві! Я ганаруся ўкраінскім народам, які выбраў сабе прэзыдэнта Віктара Юшчанку! Я ганаруся ўкраінскім народам, які адстойвае дэмакратыю, свабоду і проста існаваньне Ўкраіны як краіны! Я ганаруся, што сярод украінскіх палітыкаў ёсьць такая дэмакратычная, сьмелая, пісьменная, прыстойная і прыгожая жанчына Юлія Цімашэнка! Я ганаруся, што прэзыдэнт Віктар Юшчанка – сумленны, пісьменны і мужны чалавек! Ня тое, што самазванец Януковіч, які працуе на маскоўскае крывавае КГБ.

Вялікі дзякуй ЗША, Польшчы, Літве і ўсёй Эўропе за падтрымку чалавечага жыцьця ва Ўкраіне, а значыць – падтрымку Юшчанкі! І, канечне, вялікае дзякуй дэмакратычным расейскім палітыкам: Барысу Нямцову і Грыгорыю Яўлінскаму! І вялікі дзякуй нашым беларусам, якія ў горадзе Кіеве падтрымліваюць Віктара Юшчанку! І ганьба расейскай уладзе, якая ператварыла расейскі народ і наш народ Беларусі ў рабоў, а цяпер хоча ператварыць у рабоў народ Украіны. Не атрымаецца! І хачу сказаць усім украінскім казакам, якія падтрымалі Януковіча. Якія вы казакі? Вы проста лялькі пераапранутыя! Сапраўдны казак перш за ўсё любіць волю, свабоду. І гэтай волі і свабоды дамагаецца й даможацца для вас і усяго ўкраінскага народу толькі Віктар Юшчанка!”

(Спадар: ) “Па тэлебачаньні паказваюць падзеі ва Ўкраіне. І я ніяк не магу зразумець, навошта нашыя апазыцыянэры прымаюць там удзел? Навошта? Дзеля чаго? Як можна падтрымліваць апазыцыянэраў, калі яны так сябе паводзяць?

Там бяда адбылася, трэба разабрацца. Хай самі і разьбіраюцца! Нам там няма чаго рабіць! А то нашыя туды паехалі ды яшчэ азіяты-псіхі, хворыя грузіны. Больш ніхто! Гэта па-першае.

Па-другое. Нядаўна Лукашэнка нараду праводзіў са спартоўцамі. І ён “мардаваў”, іншага слова ня знойдзеш, як наш народ, так і кіраўнікоў спорту: “Сякія-такія вы … Я патрабую тое і тое…” Простую рэч ня можа зразумець Аляксандар Рыгоравіч, што гэтыя людзі ня могуць даць больш за тое, што ад іх патрабуецца. Мардуй ты іх не мардуй, яны большага даць ня здольныя. Усё! Яны мяжу маюць. Што маглі, тое далі. Таму тое, што яны плянавалі на Алімпіядзе ў Грэцыі – нічога выканана не было. Толькі два выпадковых спартоўцы ўзялі першыя месцы. Выпадкова, бо на іх не разьлічвалі. А вось нашыя паралімпійцы – гэта героі!”
XS
SM
MD
LG