Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь 1 студзеня 75% музычнага эфіру ўсіх беларускіх FM станцыяў будуць належаць беларускім выканаўцам


Іна Студзінская, Менск Міністэрства інфармацыі прыняла канчатковае рашэньне: ўсе FM станцыі зь 1 студзеня 2005 года абавязаныя трансьляваць 75% беларускай музыкі. Міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч патлумачыў гэта рашэньне клопатам пра беларускіх выканаўцаў: “Разам з FM станцыямі мы павінны гадаваць сваіх папулярных сьпевакоў”. Як на такое ўказаньне звыш адрэагавалі самі FM станцыі?

Ні адна радыёстанцыя ня мае ніякага прадузятага стаўленьня да нацыянальнай музыкі, да беларускіх выканаўцаў – запэўнілі мяне ўсе праграмныя дырэктары й музычныя рэдактары, зь якімі я размаўляла: з радыё “Альфа”, “Юністар”, “ВА”, нават з “Русского радио”. І вымушаныя будуць выконваць загад.

Гаворыць праграмны дырэктар “Русского радио” Антон Славін:

(Славін: ) “Нескладана гэтае рашэньне выканаць, таму што наш фармат – гэта “national” фармат. І тая музыка, якая робіцца ў нашай краіне, яна на 90% расейскамоўная музыка. Гэта будзе больш праблемай для станцыяў, якія арыентаваліся на заходнюю музыку. У нас і зараз гучыць 62-66% музыкі беларускіх аўтараў і выканаўцаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Але на расейскай мове?”

(Славін: ) “Так, гэта наш фармат – песьні на дзяржаўнай расейскай мове. А ў тым рашэньні нічога не гаворыцца пра мову, там гаворыцца пра беларускіх выканаўцаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці лічацца беларускімі выканаўцамі быццам бы расейскія выканаўцы, але беларускага паходжаньня?”

(Славін: ) “У нас любы выканаўца, у якога ў кар’еры адбываецца посьпех, адразу становіцца расейскім ці ўкраінскім. Гурт “Лепрыконсы” зараз працуе ў Кіеве, дзе ёсьць грошы. Натальля Падольская на “Фабрыцы зорак” у Маскве. Гэта нармальна, у нас адзіная інфармацыйная прастора”.

Такім чынам, у пэўнай ступені сытуацыю крыху могуць “выратаваць” нашыя славутыя землякі, у якіх ёсьць беларускія карані – да прыкладу, Алена Сьвірыдава, Андрэй Макарэвіч, Барыс Маісееў… Іх FM станцыі лічаць таксама беларускімі. І нават калі аранжыроўшчык – беларус, гэта ўжо беларуская музыка.

Справа, наогул, ня ў тым, што мала беларускіх выканаўцаў – уся праблема ў якасным прадукце, якога катастрафічна не хапае, лічыць намесьнік дырэктара радыё “Альфа” Сяргей Ражкоў. Ну а загад выканаць…

(Ражкоў: ) “Канешне, можна. Тэхнічна нічога складанага няма. Пытаньне ў тым, ці страцяць нашыя слухачы ў якасьці – я перакананы, што, безумоўна, страцяць. Калі ёсьць якасны прадукт, мы з задавальненьнем яго круцім. Ёсьць два выйсьця: той якасны прадукт, які, дзякуй Богу, ёсьць – яго круціць 75%. Але пройдзе пэўны час, і ў слухачоў будзе “дзень сурка”. Альбо ставіць усё запар – і гэта будзе жах”.

Але міністар Уладзімер Русакевіч сказаў, што Міністэрства інфармацыі нават можа прапанаваць станцыям запісы беларускіх выканаўцаў і кампазытараў. Што канкрэтна міністэрства прапаноўвае? Гэтае пытаньне задавала кіраўнікам станцыяў. Пакуль гэта, на жаль, толькі словы – ніякіх прапановаў, ніякіх фанаграмаў Міністэрства інфармацыі не мае. А тое, што прыносяць на станцыі самадзейныя кампазытары й выканаўцы, паводле меркаваньня намесьніка дырэктара “Альфы” Сяргея Ражкова, у бальшыні сваёй – “проста жах”.

Дарэчы, спадар Русакевіч – вялікі аптыміст. Цытую міністра: “Я спадзяюся, што расейскія выканаўцы будуць стаяць у чарзе за песьнямі беларускіх аўтараў”. Аптымісты й кіраўнікі станцыяў – ім проста нічога не застаецца. Але дыктатам Міністэрства, калі шчыра, яны не задаволеныя. Ізноў меркаваньне праграмнага дырэктара “Русского радио” Антона Славіна.

(Славін: ) “Мы таксама скардзімся, таму што ёсьць прыклад Польшчы, дзе 10% павінна быць музыкі польскіх аўтараў, і дзе музыка квітнее. І ёсьць музыка Казахстана, дзе 80% музыкі павінна быць казахскай, і там усе пабеглі скупляць пірацкія дыскі расейскіх выканаўцаў, і радыё ніхто ня слухае. І ўсе пераключыліся на “Радыё Свабода”.

А вось выканаўца абавязкаў праграмнага дырэктара Радыё “Рокс” Іна Васільева з карэспандэнтам “Свабоды” размаўляць адмовілася.

(Васільева: ) “Мяне крышачку палохае менавіта тое, як вы пазыцыянуецеся, вы апазыцыйныя, у вас статус такі… вельмі сьлізкі. Я размаўляю толькі з дзяржаўнымі ліцэнзаванымі суб’ектамі”.

Паводле міністра інфармацыі спадара Русакевіча, “пэрыяд росту FM станцыяў завяршыўся, прыйшла пара сталасьці, час вырашаць агульнадзяржаўныя задачы”. А на незадаволенасьць кіраўнікоў радыёстанцыяў адказаў так: “Хто хоча працаваць – працуе, хто ня хоча – той шукае апраўданьняў”, і дадаў, што ў краіне дастаткова патрыётаў, каб слухаць сваё.
XS
SM
MD
LG