Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 2015 году на Магілёўшчыне зьбіраюцца пабудаваць атамную электрастанцыю


Ганна Соусь, Менск На Магілёўшчыне плянуюць пабудаваць атамную электрастанцыю. Навукоўцы Аб’яднанага інстытута энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” кажуць пра тое, што ўжо выкананыя ўсе дасьледчыя працы ў рамках першага этапу абгрунтаваньня інвэстыцыяў у будаўніцтва АЭС. Незалежныя ж экспэрты выказваюцца супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, кажучы пра магчымую небясьпеку й неабходнасьць выкарыстаньня альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі.

На пытаньне “хто ёсьць ініцыятарам будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі?” мне ўчора трапна адказаў намесьнік дырэктара Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў “Сосны” Анатоль Якушаў:

(Якушаў: ) “Скажам так, ініцыятарам стала само жыцьцё, сама энэргетыка, самі ўмовы. Ініцыятарам стала наша незалежнасьць, нашы эканамічныя пляны на будучыню”.

Як адзначыў Анатоль Якушаў, паводле прыродна-геаграфічных, радыяцыйна-экалягічных, дэмаграфічных, эканамічных ды іншых фактараў найбольш прымальным варыянтам разьмяшчэньня атамнай электрастанцыі зьяўляецца Чырвонапалянская пляцоўка ў Быхаўскім пункце, а ў якасьці рэзэрвовай пляцоўкі можа быць разгледжаная Кукшынаўская пляцоўка ў Шклоўска-Горацкім пункце.

Анатоль Якушаў лічыць разьвіцьцё ядзернай энэргетыкі ў Беларусі эканамічна мэтазгодным. Што да магчымых тэрмінаў будаўніцтва АЭС, то вось што сказаў учора спадар Якушаў для Радыё Свабода:

(Якушаў: ) “У 2010-2008 годзе нам АЭС не патрэбная. У нас ёсьць лішак магутнасьцяў. Нам спатрэбіцца яна ў 2015 годзе. Адлічыце 8 гадоў назад ад 2015 і паглядзім”.

Такім чынам, будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі можа распачацца недзе ў 2007 годзе. Паводле навукоўца, надзейнасьць атамнай электрастанцыі, якую плянуюць пабудаваць, будзе значна больш высокай у параўнаньні з Чарнобыльскай атамнай станцыяй. Але канчатковае рашэньне аб будаўніцтве АЭС будзе прымаць найвышэйшая ўлада Беларусі. Меркаваны кошт будаўніцтва – 2, 2 мільярда даляраў.

А што думаюць пра магчымасьць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі незалежныя экспэрты? Член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі прафэсар Іван Нікітчанка, які сёлета быў старшынёй аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху”, катэгарычна супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі:

(Нікітчанка: ) “Я думаю, што гэта інтарэсы не агульнадзяржаўныя, а прыватныя інтарэсы. Ня трэба нам такая станцыя. Гэта авантура, авантурысты чарговыя”.

Скептычна паставіўся да пэрспэктывы пабудовы атамнай электрастанцыі ў Беларусі й кіраўнік беларускага аддзяленьня Міжнароднай акадэміі экалёгіі Яўген Шырокаў:

(Шырокаў: ) “На мой погляд, наўрад ці атрымаецца пабудаваць атамную станцыю, таму што самая танная зь іх, не нашмат лепшая чарнобыльскага тыпу, каштуе 2-2,5 мільярды даляраў, якіх у краіне проста няма. Спадзяваньні на тое, што нехта дасьць крэдыт… А чым расплачвацца? На маю думку, з эканамічнага пункту гледжаньня гэта не зусім апраўдана. А пра экалёгію тут і казаць няма чаго. Праект дастаткова сумнеўны…”

Да таго ж, паводле Яўгена Шырокава, асноўныя энэргетычныя магутнасьці ў Беларусі цалкам не загружаныя. Экспэрт кажа пра ўсясьветную тэндэнцыю укладваць грошы ў альтэрнатыўныя, экалягічна чыстыя віды энэргетыкі, у мясцовыя рэсурсы, а не ў будаўніцтва атамных станцый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG