Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць рашэньне Вярхоўнай Рады адправіць у адстаўку кабінэт Януковіча


Любоў Лунёва, Менск Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла пастанову аб стабілізацыі палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сытуацыі й прадухіленьні антыканстытуцыйных дзеяньняў і сэпаратысцкіх праяваў, якія пагражаюць сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны. Дэпутаты прагаласавалі за адстаўку кабінэта прэм’ер-міністра Віктара Януковіча. Наша карэспандэнтка зьвярнулася па камэнтар да беларускіх палітыкаў.

Лідэры апазыцыйных партыяў разглядаюць рашэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны як крок да перамогі дэмакратыі ў дзяржаве. Лідэр “Народнай Грамады” Мікола Статкевіч лічыць, што на рашэньне дэпутатаў, безумоўна, паўплывалі вулічныя дэманстрацыі, а таксама прычыны эканамічнага характару.

(Статкевіч: ) “Украіна ў значнай ступені ўжо інтэграваная ў эўрапейскую эканамічную прастору. Я мяркую, што ёсьць адпаведныя крокі эканамічнага ціску, якія ў адрозьненьні ад Беларусі для Украіны аказваюцца дастаткова дзейнымі. Усё гэта задзейнічана. Ніякія высілкі, ніякая імітацыя расколу Ўкраіны на ўсходзе, не дзейнічаюць. Апроч таго, гэта, безумоўна, вялізны дадатак да моцнага ціску з боку ўкраінскага грамадзтва, які выяўляецца праз вуліцу”.

На думку лідэра Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі рашэньне Вярхоўнай Рады ёсьць узнагародай удзельнікам вулічных акцыяў.

(Лябедзька: ) “Ва Ўкраіне мы бачым той нячасты выпадак, калі палітыкі ідуць за народам. Вярхоўная Рада не можа ігнараваць мільён кіеўлянаў і людзей у іншых рэгіёнах, якія які ўжо дзень запар стаяць на вуліцы і патрабуюць ім вярнуць права справядлівага выбару. Палітыкі паварочваюцца тварам да выбаршчыкаў. Гэта абсалютна пазытыўны працэс. Гэта ёсьць узнагарода простым звычайным людзям, кожны з якіх убачыў асабіста ў сабе асобу, ад якой нешта залежыць у краіне.”

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што менавіта пагроза сэпаратызму канчаткова паўплывала на рашэньне Вярхоўнай Рады.

(Вячорка: ) “Зьвязана гэта не ў малой ступені з тым, што ўкраінскаму грамадзтву адкрылася бездань палітычнага падзеньня сілы другой. Сілы, якая арыентуецца на ўсход. Бо, калі кандыдат у прэзыдэнты краіны і людзі, якія яго падтрымліваюць і арганізоўваюць яму кампанію, у тым ліку і кампанію, зьвязаную з масавымі фальсыфікацыямі на ўсходзе дзяржавы, гатовыя пайсьці на яе, дзяржавы, падзел і зьнішчэньне – гэта іх канчаткова нішчыць у вачох, нават мне здаецца, найбольш памяркоўных, найбольш спакойных, ці схільных да кампрамісу ўкраінцаў. І гэта, па-мойму, пераламіла сытуацыю”.

Гэта былі меркаваньні лідэраў апазыцыйных партый Міколы Статкевіча, Анатоля Лябедзькі і Вінцука Вячоркі.
XS
SM
MD
LG