Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто стаў ляўрэатам сёлетняй прэміі імя Барыса Кіта?


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбылося ўручэньне штогадовай прэміі імя Барыса Кіта, заснаванай “Рабочай групай беларуска-нямецкіх сустрэч”. У гэтым годзе яе ляўрэатамі сталі былы віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Беларусі Радзім Гарэцкі і пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Арганізацыя “Рабочая група беларуска-нямецкіх сустрэч”, якой кіруе прафэсар Свабоднага ўнівэрсытэту Бэрліна Яганэс Шлёц, спрыяе абменам паміж навукоўцамі і студэнтамі беларускіх і нямецкіх унівэрсытэтаў.

Амбасадар Нямеччыны ў Беларусі, які браў удзел у імпрэзе, адзначыў, што паглыбленьне стасункаў паміж людзьмі – гэта асноўная мэта нямецкай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі.

Амэрыканец беларускага паходжаньня, вядомы навуковец у галіне касманаўтыкі Барыс Кіт пагадзіўся на ўжываньне ягонага імя ў назьве прэміі, якую штогод уручае “Рабочая група беларуска-нямецкіх сустрэч”.

Яе ляўрэатамі становяцца вядомыя сваёй дэмакратычнай дзейнасьцю ў Беларусі пісьменьнікі, навукоўцы, журналісты. Сярод сёлетніх ляўрэатаў – пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які нагадвае, што ў Францыі існуе больш за тысячу прэмій, якія могуць атрымаць літаратары.

(Арлоў: ) “Ня менш гэтых прэміяў існуе і ў Нямеччыне, дзе жыве спадар Кіт. Мы, беларусы, крыху адстаём, але ўсё роўна, як сёньняшняя імпрэза сьведчыць, бываюць шчасьлівыя хвіліны ганараваньня прэміямі і ў беларускіх пісьменьнікаў. Прэмія мае імя Барыса Кіта, які для мяне зьяўляецца жывой легендай”.

Яшчэ адну сваю прэмію, якая носіць імя вязьня менскага гета Ганны Краснапёркі, “Рабочая група беларуска-нямецкіх сустрэч” уручыла генэрал-маёру ў адстаўцы Яўгену Якушэнку з Масквы. Гэтага ляўрэата на імпрэзе ў Менску прадставіў Аляксандр Нікіцін, якога расейскія ўлады вінавацілі ў здрадзе радзіме і разгалошваньні дзяржаўнай таямніцы. Спадар Якушэнка атрымаў прэмію за свае дасьледаваньні тэмы прыходу Гітлера да ўлады і стварэньня аўтарытарнай дзяржавы. Аляксандар Нікіцін:

(Нікіцін: ) “Гэта тая пагроза, якой мы павінны пастаянна баяцца. Нам вельмі добра трэба ведаць гісторыю, каб пазьбегнуць прыходу новых дыктатараў і зьяўленьня новых аўтарытарных краін. Гэта тэма застаецца актуальнай і сёньня для нашых краін, асабліва такіх як Расея і Беларусь”.
XS
SM
MD
LG