Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску распачаўся фэстываль студэнцкага кіно “Птушка Фэнікс”


Галіна Абакунчык, Менск У менскім кінатэатры “Цэнтральны” адбылася цырымонія адкрыцьця Міжнароднага фэстывалю студэнцкага кіно “Птушка Фэнікс”. Яго ўдзельнікамі ёсьць маладыя кінэматаграфісты з краінаў Балтыі, Заходняй Эўропы й СНД. Ініцыятарам фэстывалю выступіла незалежная студыя “Тацяна” пры падтрымцы Міністэрства культуры й гарадзкіх уладаў Менску. Ён ладзіцца пяты раз, аднак упершыню арганізатары ня мелі пэўнасьці да апошняга дня, што імпрэза адбудзецца.

Сярод асноўных праблемаў сябры аргкамітэту называюць фінансавыя цяжкасьці. Фэстываль быў заплянаваны яшчэ на пачатак году, але адбыўся толькі напрыканцы.

Цяпер узьніклі іншыя складанасьці: да прыкладу, маладыя кінэматаграфісты Ўкраіны й Малдовы паведамілі, што ня могуць быць у Менску з прычынаў палітычных падзеяў у Кіеве.

Уплывала таксама нэгатыўнае стаўленьне ўладаў да незалежнай студыі “Тацяна” – паведаміла сябра аргкамітэту, кінакрытык Ала Бабкова.

(Бабкова: ) “Уплывала. Былі праблемы ў гэтым напрамку.”

Паводле спадарыні Бабковай, у гэтым зьвязку прагназаваць далейшы лёс фэстывалю не выпадае, хоць гэта адна зь нешматлікіх магчымасьцяў для маладых заяўляць пра сабе ў кінэматографе. Цяперашні фэстываль будзе доўжыцца ў Менску да 5 сьнежня.

Нагадаю, што рэжысэры незалежнай студыі “Тацяна” ёсьць аўтарамі дакумэнтальнага кінафільму “Васіль Быкаў. Рэквіем.” Аднак пракат гэтага фільму на тэрыторыі Беларусі Міністэрства культуры забараніла.
XS
SM
MD
LG