Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нача на Гарадзеншчыне – малая радзіма Тэадора Нарбута


Віталь Сямашка, Нача (Воранаўскі раён) (эфір 29 лістапада) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Руль: ) “Ёсьць дзьве вэрсіі назвы вёскі. Нача — ад слова пачатак, традыцыйная высечка лесу для паселішча — “ляда”. Другая ж вэрсія — быў тут шлях гандлёвы, езьдзілі купцы і пачыналіся на дарозе няроўнасьці, трэсла вазы і тавары на іх. Людзі казалі: ну “нача” — пачалося…”

Сёньня словы начаўскага паэта ды краязнаўцы Ўладзімера Руля толькі гістарычная даведка. Бо не адпавядаюць рэчаіснасьці. Справа ня толькі ў далечыні гэтага мястэчка на Воранаўшчыне ад асноўных транспартных артэрыяў. Нача на мяжы зь Літвой. Улічваючы сучасныя палітычныя рэаліі — мёртвая зона, як раней казалі, паміж двума ладамі жыцьця. Вандруючы па мястэчку, некуды збочыў, і хутка ўбачыў як за вокнамі аўтамабіля праплылі зьдзіўленыя твары месьцічаў з апошняй хаты. Усё высьветлілася мэтраў праз дваццаць, калі наштурхнуўся на драўляны слуп з надпісам “Стой! Памежная зона!” Вяртаюся да, можна сказаць, самых ускраінных жыхароў Беларусі. Маё зьдзіўленьне нарастае, калі даведваюся, што гэта сям’я эмігрантаў. Гаспадар — вэтэрынарны лекар Генэгаж Урбановіч, ягоная жонка Тэрэса — дагэтуль зь літоўскім пашпартам.

(Карэспандэнт: ) “А зь Літвы даўно?”

(Тэрэса: ) “Восем гадоў. Назад цягне, але там працы няма. Нам паабяцалі тут дом лукашэнкаўскі — прэзыдэнцкі. Гэта нам часова хату далі, а дзяцей трэба ў школу адпраўляць. Там мы жылі ў засьценку, тут бліжэй садок і школка”.

(Генэгаж: ) “Пакуль Лукашэнка, калгасы былі й будуць. Якія б яны ні былі, але кожны мае працу пры жаданьні. А на Літве пайшоў бы рабіць, дык няма дзе. Пойдзеш да арандатара — за капейчыну папрацуеш толькі ўвесну, а ўвосень ды ўзімку бяз працы. А двое дзетак, маладая сям’я — пражыві паспрабуй!”

Памянёны Ўладзімер Руль — беспрацоўны. На што жыве?

(Руль: ) “Нават цяжка сказаць — я існую. Дапамагае маці, двое сяброў зь Менску. Бывае па два-тры дні хлеба ў хаце не бывае”.

Эканамічную сытуацыю рэзка пагоршыла далучэньне былога начаўскага калгасу “Сьветлы шлях “ да СВК “Доцішкі”. На жывёлагадоўчай фэрме ўдвая скарацілася пагалоўе. Засталося 1000 гектараў неўзаранай зямлі. Узьнікла беспрацоўе. Узмацніўся начальніцкі ціск. Пра ўсё гэта гутару зь Віктарам Браніслававічам Мілянкевічам. У яго 42 гады стажу і ў нядаўнім мінулым пасада калгаснага загадчыка ўчастку.

(Мілянкевіч: ) “А што аб’ядналіся, горш. У кіроўцаў машыны зацягнулі ў Доцішкі й кінулі. А нашыя чалавек дзесяць бяз працы. Мэханізатары абураюцца. Устаюць а шостай, едуць за 17 кілямэтраў. Мо да абеду працы, прыйшоў бы дахаты, а там сядзі да вечара. Не пасьпеў на аўтобус — дабірайся, як хочаш. Старшыня каапэратыву прыяжджае: што ты плуг ці тэхніку бясплатна даеш? Я так разумею, што калі чалавек папрацаваў у калгасе, нічога грэшнага. Гэта амаль яго ўласнасьць. А тут дзяруць грошы! Конікі на фэрме цэлы дзень занятыя. А селяніну дрэнна. Бульбу пасадзіць-выкапаць, трэба прыватніка браць. А той дзярэ за праход тысяч 12. Нача ператворыцца ў вёску, што памірае — дый амаль ужо. Толькі што школа, настаўнікі. Пабягуць людзі”.

У гэтым давялося пераканацца, наведаўшы інтэрнат, дзе й жывуць настаўнікі. Спыніў 20-гадовую тэхнічку Юргіту Нэртавічутэ. Год таму скончыла ПТВ на швачку, але не змагла ўладкавацца. Мовы літоўскай таксама ня ведае.

(Юргіта: ) “У Літве бацька, бабуля і дзядуля ў Стражунах жывуць. Але не прыяжджаюць 14 гадоў”.

(Карэспандэнт: ) “Думаеце заставацца?”

(Юргіта: ) “Не. Паеду ў Горадню. А дзе тут працаваць — у калгасе? Там дзьвесьце тысяч, больш не зарабляюць”.

Адзіная рынкавая праява ў Начы — нядаўняе адкрыцьцё камэрцыйнай прадуктовай крамы. Прынамсі, 21-гадовая Яніна Сабціла зьяжджаць не зьбіраецца.

(Карэспандэнт: ) “Табе пашанцавала, што ў краме камэрцыйнай уладкавалася?”

(Яніна: ) “Так, па заробках тут лепей,чым у дзяржаўнай”.

Зважаю на бедны асартымэнт тавараў. Аднак пасьля размоваў з пакупнікамі разумею, што попыт не спараджае прапановы.

(Спадар: ) “Тут усё таньней ды сьвяжэй. Але я, у прынцыпе, акрамя гарэлкі ды цыгарэтаў нічога не купляю”.

Жорсткія ацэнкі сытуацыі пачуў ад настаўніка Анатоля Куляша:

(Кулеш: ) “Такая вёска — калісьці ў кожнай хаце жылі па 5–6 чалавек, а то і болей. А цяпер адна падсьляпаватая бабуля гадоў 70–80. А калі мужык які, дык п’яніца. Глядзець на гэта балюча!”

Як лічыць спадар Кулеш, калгасныя пэнсіянэры, аднак, самі дазваляюць уладзе зьдзекавацца зь іх.

(Кулеш: ) “Я табе кажу чаму. Ён атрымлівае пэнсію, мае гарод, бульбу, моркву, гурок, крыху грошай. Ён глядзіць уніз — як кажуць у нас на вёсцы, пад боркі глядзіць! Што там будзе праз два гады, яго не цікавіць. Ён дзякуе за тое, што прынесьлі дзясятку рублёў. Калі мужык, дык і выпіць ёсьць за што, а калі жанчына, дык нешта купіць. Хоць два разы на тыдзень прывозяць хлеб туды, дзе яго робяць. У нас статны прынцып жыцьця застаўся. Нас заганялі статкам у калгас, і яны кажуць: а як жа я цяпер супраць усіх?! Так жывуць, так і паміраюць”.

Напрадвесьні быў-такі ў Начы, як яго тут называюць, пэнсіянэрскі бунт. Васьмёра чалавек запатрабавалі надзяляць прысядзібнымі соткамі не зь вясны, калі трэба сеяць, а з восені: маўляў, каб добра падрыхтавацца. Тым болей, вакол няўдобіца: некалі пад савецкі вайсковы аэрадром зьнялі верхні плодны слой зямлі. Старыя нібыта дамагліся свайго. Але… Зрэшты, дамо слова галоўнаму, так бы мовіць, бунтару — Міхаілу Харковічу і ягонай жонцы Тацяне Станіславаўне.

(Харковіч: ) “У гэтым годзе далі з восені, вясной такая ж песьня. Дадуць зямлю за 5 кілямэтраў самую горшую людзям. Чым ты дабярэсься?! Зямля дрэнна ўзараная, пырэй, каня няма. Трэба было мне закультываваць восем сотак. Трактарыст: ідзі да старшыні. Той — ні ў якую. Так і не закультываваў. І камяні зьбіраў, угнаеньне сеяў, і падкошваю. Тысячу ў дзень атрымаю можа. А што рабіць, просяць — дапамажы. Дык іду, стары, памагаю бульбу ім укрываць саломай”.

(Тацяна: ) “Тыя гады буракоў соткі браў. Таму што ня возьмеш, кармоў не дадуць. Кароўку ж трэба трымаць. Пакуль сэрца не схапіла — ня вытрымаў…”

(Харковіч: ) “Я ўзяў ды адмовіўся ад усяго…”

У Начы — кіраўнічы анабіёз. Гэта не маё вызначэньне — ужо знаёмага вам паэта ды краязнаўцы Ўладзімера Руля, які да ўсяго мае і палітычныя амбіцыі. Ён прапануе сябе на пасаду старшыні Начаўскага сельсавету. Але, па праўдзе, галоўным чынам ня дзеля дапамогі такім, як спадар Харковіч.

(Руль: ) “Я канцэнтрую свае сілы на тае ідэі, пра якую заявіў, — стварэньне гістарычна-мэмарыяльнага цэнтру імя Нарбутаў ды Вандаліна Шукевіча. У цэнтар маглі бы ўвайсьці музэй, капліца, дзе пахаваны Шукевіч. Тры лісты адправіў у адміністрацыі прэзыдэнтаў Беларусі, Літвы. Атрымаў, хутчэй за ўсё, адпіскі. Генэральны консул Польшчы прызнаў у лісьце слушнасьць маёй прапановы. Аднак які мой статус — я беспрацоўны. На пасадзе нацкага старшыні была бы магчымасьць уладна зьвярнуцца да аднавяскоўцаў. Я ў Начы з 1976 году — і 2000 чалавек выпусьціла школка. Сярод іх нямала заможных, і ў Літве. Можна было б зьвярнуцца зь лістамі да іх і, калі зьвяртаецца ўлада, у людзей звычка адгукацца на просьбы”.

Патлумачу, што мае на ўвазе спадар Уладзімер. У Начы насамрэч багатае і занядбанае гістарычнае мінулае.

У дзясятку найлепшых у Беларусі ўваходзіць дзейны касьцёл Ушэсьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі. Тут нарадзіўся ды жыў Тэадор Нарбут. Як інжынэр-фартыфікатар, пабудаваў наймагутнейшую ў Эўропе ў першай палове 19 стагодзьдзя Бабруйскую крэпасьць. Атрымаў залаты мэдаль Віленскага ўнівэрсытэту за дысэртацыю пра вырошчваньне льну ды канопляў. Ведаў дзевяць моваў, у тым ліку лаціну ды старагрэцкую. Выкладаў у Санкт-Пецярбурскім кадэцкім корпусе, але перад вайной 1812 году дэманстратыўна вярнуўся ў Начу, бо заўжды пачуваўся ліцьвінам. Што й даказаў удзелам у паўстаньні Кастуся Каліноўскага. Старэйшы сын Людвіг камандаваў паўстанцамі Лідзкага павету. Расейскі генэрал-губэрнатар Мураўёў выдаў нават рашэньне па Нарбутах: “хату спаліць, месца распахаць”. У Начы нарадзіўся мастак ды філёзаф 20 стагодзьдзя Пётра Ўрублеўскі. З Начай зьвязанае імя вядомага археоляга ды публіцыста Вандаліна Шукевіча, які дасьледаваў эвалюцыю пахавальных абрадаў ад курганоў да каменных могілак. Гаворыць спадар Уладзімер:

(Руль: ) “Летась у нас працавала група студэнтаў ды выкладчыкаў гістарычнага факультэту Гарадзенскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Купалы. Раскапалі дзевяць поўных і дзясяты, бяз чэрапа, касьцяк. Прафэсар археалёгіі з Лодзі Магдаліна Бламбергова прыслала зьвесткі пра пахаваных у капліцы, і, аказваецца, Шукевіч пры жыцьці ў 49 гадоў пакінуў антрапалягічныя зьвесткі пра сябе. І антраполяг з Наваполацку дасьледавала рэшткі і вызначыла, што канкрэтны касьцяк належыць Вандаліну Шукевічу2.

Руль сабраў таксама больш як сорак подпісаў аднавяскоўцаў за перайменаваньне адной з начаўскіх вулак імем Станіслава Нарбута, які, скончыўшы Каралеўскі Баварскі ўнівэрсытэт, больш за 30 гадоў працаваў павятовым лекарам у Браславе. Там удзячнымі гараджанамі яму пастаўленая 12-мэтровая стэла з магутным ліхтаром наверсе. Уладзімер Руль верыць, што вуліцы Начы будуць насіць імёны Нарбута, Шукевіча, Урублеўскага. Пакуль жа піша вершы пра сваю малую радзіму.

(Руль: ) “Пра Нарбутаў чыстыя словы кладуцца на белую гладзь, Затым урачыстаю мовай Шукевіча будзьма ўслаўляць. Яны — гонар нашай старонкі. Дудар, гучна гімн ім заграй І песьні мэлёдыяй звонкай на ўсю Беларусь праслаўляй. Пра войны і зьмены ўладаў, пясьняр, не шкадуй горкіх слоў. Бо тыя нялюдзкія звады згубілі маіх землякоў. Даярак, шаўчых не забудзем. Настаўнікаў, жней, каваля. У пояс паклонімся людзям, якіх прывячае ральля. Па-мойму, паэма гатова — мэлёдыя ёсьць для яе, Час прыдзе, хтось вывучыць словы І песьню пра Начу сьпяе…”
XS
SM
MD
LG