Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэратары кабэльнага тэлебачаньня ў Берасьці спынілі рэтрансьляцыю трох польскіх каналаў


Алег Супрунюк, Берасьце Зроблена гэта паводле патрабаваньня Міністэрства інфармацыі Беларусі, якое лічыць, што глядзець тэлебачаньне суседняй дзяржавы можна толькі пасьля атрыманьня адпаведнага дазволу.

Усе берасьцейскія апэратары кабэльнага тэлебачаньня атрымалі ліст за подпісам намесьніка міністра інфармацыі Сяргея Булацкага. У лісьце гаворыцца, што апэратары парушаюць палажэньне аб прыёмных сыстэмах тэлебачаньня і радыёвяшчаньня, зацьверджанага беларускім урадам. Гэтае парушэньне нібыта тычыцца несанкцыянаванай рэтрансьляцыі дзьвюх праграмаў Польскага тэлебачаньня і тэлеканалу “Полсат”. Паводле спадара Булацкага, рэтрансьляцыя згаданых каналаў не была ўзгодненая зь Міністэрствам інфармацыі Беларусі. Калі гэтае патрабаваньне будзе праігнараванае, у міністэрстве пагражаюць пазбавіць апэратараў адпаведнай ліцэнзіі.

Паводле словаў дырэктара аднаго зь берасьцейскіх апэратараў кабэльнага тэлебачаньня Юрыя Галіуліна, ягоная фірма вымушаная цяпер спыніць рэтрансьляцыю польскіх каналаў. Разам з тым польскі бок ніякіх прэтэнзіяў не выстаўляе: пра гэта спадар Галіулін асабіста даведаўся ў Варшаве напачатку гэтага тыдня.

Сваё абурэньне з нагоды немагчымасьці глядзець польскае тэлебачаньне выказваюць многія жыхары Берасьця, якія лічаць, што іх пазбаўляюць права выбару.

(Глядач: ) “Мяне не задавальняе гэты “Лад” і ўвогуле беларускае тэлебачаньне. Яно пустое, грубае, нязграбнае і непрафэсійнае. Вучацца хлопцы, хай вучацца, але пакіньце тое, што ёсьць. Я сам буду выбіраць”.

У Берасьці не выключаюць, што лёс польскіх тэлеканалаў, можа напаткаць і некаторыя ўкраінскія і расейскія каналы, якія пакуль яшчэ трансьлюцца праз кабэльнае тэлебачаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG