Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урал Латыпаў: “Сёньня ня той настрой. Буду шукаць працу”


Юры Сьвірко, Менск Аляксандар Лукашэнка ў сераду ўручыў новым кіраўнікам парлямэнту, Пракуратуры й прэзыдэнцкай адміністрацыі службовыя пасьведчаньні, а былому кіраўніку адміністрацыі Ўралу Латыпаву — ордэн Дружбы народаў. Новы кіраўнік Віктар Шэйман спаслаўся на падзеі ва Ўкраіне, дзе, паводле яго, былі прынесеная звонку паліттэхналёгія і слабая ўнутраная кіраванасьць, і заклікаў умацоўваць прэзыдэнцкую вэртыкаль.

Пасьведчаньні атрымалі сьпікеры абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу й прызначэнцы гэтага тыдня — генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Віктар Шэйман. Уручаючы папярэдніку апошняга Ўралу Латыпаву ордэн, Аляксандар Лукашэнка абняў яго, а таксама заявіў, што спадар Латыпаў “практычна дзесяць гадоў працаваў побач” зь ім.

“Я хацеў бы адразу спыніць пустыя размовы, што ён, маўляў, ня даў рады, што ягонай працай ня быў задаволены прэзыдэнт. Усё гэта абсалютна ня так. Цяперашняя падзея даўно плянавалася намі абодвума”, — заявіў спадар Лукашэнка й падзякаваў Уралу Латыпаву за добрасумленную й прынцыповую працу цягам апошняй палітычнай кампаніі.

“Яна была няпростая, і шмат у чым дзякуючы яму яна прайшла спакойна — бязь нэрватропкі й нейкіх перакручваньняў, і гэта вялікая заслуга палітычнага штабу, які ачольваў Урал Рамдракавіч Латыпаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У адказ спадар Латыпаў заявіў, што для яго як чалавека, які нарадзіўся не ў Беларусі, было вялікім гонарам працаваць на высокіх пасадах, і ён прыкіпеў да працы й людзей, але “ёсьць лёгіка жыцьця, у тым ліку палітычная, і трэба ёю кіравацца”.

Урал Латыпаў на разьвітаньне зазначыў: “Скажу шчыра, ніколі ня думаў, што так цяжка давядзецца разьвітвацца з вамі. Усё беларускае я ўспрымаю як сваё роднае. Хачу пажадаць Аляксандру Рыгоравічу посьпехаў ва ўмацаваньні Беларусі”.

Шмат хто зразумеў гэтыя словы спадара Латыпава як разьвітаньне зь Беларусьсю, таму я патэлефанаваў яму й спытаўся, ці сапраўды ён зьбіраецца зьяжджаць.

(Латыпаў: ) “Чаму я павінен зьяжджаць, калі я жадаю ўмацаваньня Беларусі?”

Аднак на пытаньне, ці значыць гэта, што ён усё ж застанецца ў Беларусі, спадар Латыпаў адказаў гэтак:

(Латыпаў: ) “Я буду шукаць працу. Пакуль канкрэтнай, вызначанай працы няма — адзінае, што я магу сказаць”.

Я спытаўся таксама, ці з уласнай ініцыятывы ён пайшоў з адміністрацыі прэзыдэнта, і вось які адказ даў спадар Латыпаў:

(Латыпаў: ) “Пройдзе нейкі час — калі ў вас будзе цікавасьць да мяне, мы пагаворым, добра? Цяпер проста крышачку ня той настрой”.

Віктар Шэйман, які заняў месца Ўрала Латыпава, заявіў на цырымоніі пра высокую ступень падтрымкі народам курсу Аляксандра Лукашэнкі, але падкрэсьліў: “Замежнапалітычная сытуацыя, найперш апошнія падзеі ва Ўкраіне, паказваюць, што сучасная палітычная тэхналёгія, прыўнесеная звонку, і слабая кіраванасьць унутры краіны носіць у сабе сур’ёзныя наступствы”.

Паводле спадара Шэймана, сыстэма дзяржаўнага кіраваньня павінна быць гібкай, мабільнай, хутка адаптавацца да сучасных умоваў, а адміністрацыя прэзыдэнта — гэта “палітычны штаб рэспублікі”.
XS
SM
MD
LG