Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Украіна пакажа нам шлях да свабоды”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Мільёны грамадзянаў Украіны, якія пратэставалі ў гэтыя дні супраць несправядлівых выбараў, урэшце прымусілі ўладу лічыцца са сваім меркаваньнем. За падзеямі ў Кіеве ды іншых украінскіх гарадах пільна сочаць многія ў Беларусі. Некалькі мінулых стагодзьдзяў лёс беларусаў і ўкраінцаў быў вельмі падобны. Падзелы Рэчы Паспалітай, уваходжаньне ў склад Расейскай імпэрыі, кароткая вясна нацыянальнага адраджэньня ў 1918 годзе — і зноў семдзесят год у імпэрыі, гэтым разам савецкай. Назіраючы за тым, як украінцы адстойваюць сваё права на сумленныя выбары, многія беларусы задаюць сабе пытаньне: ці стане гэта прыкладам для беларускага грамадзтва. Пра гэта і значная частка нашай пошты апошніх дзён.

Пачну з электроннага ліста ад праваабаронцы Аксаны Новікавай зь Менску:

“Я ня раз бывала ва Ўкраіне, і ў Данецку, і ў Львове. Там няма такой татальной дыктатуры, як у нас — шмат розных газэтаў, на тэлеканалах гучаць розныя меркаваньні. Кантроль грамадзтва за ўладай значна большы, чым у Беларусі. У нас у параўнаньні зь імі — могілкі. Заўважце, хоць Кучма і імкнуўся з дапамогай расейскіх сяброў забясьпечыць так званую “пераемнасьць” улады, але арганізаваць сабе бестэрміновае прэзыдэнцтва нават не спрабаваў.

І фальсыфікацыі там у параўнаньні з нашымі таксама нейкія дзіцячыя. Як я зразумела, найбольш распаўсюджаным было тое, што бралі адмацавальныя талёны і разьяжджалі па ўсёй Украіне. Гэта значыць, улада не кантралявала ўсіх участковых камісіяў. Вось і змаглі “нацягнуць” Януковічу не 80%, а ўсяго 3 працэнты зьверху. У нас жа галоўным паліттэхнолягам — старшыня ўчастковай камісіі, які паказвае тры аднолькавыя стосы паперы, і кажа, што ў адным зь іх 300 галасоў, у другім — таксама 300, а ў трэцім — 900! І езьдзіць нікуды ня трэба! Януковічу застаецца только вучыцца, вучыцца і вучыцца.

І тым ня менш, украінскі народ разбурыць усе гэтыя задумы, а Юшчанку можна віншаваць зь перамогай. Перамовы выгадныя толькі ўладзе, але, дасьць Бог, апазыцыя не дазволіць іх зацягнуць. Пра што размаўляць з учорашнімі прайгралымі? Я думаю, што Ўкраіна пакажа нам шлях да свабоды, і ўсе шматгадовыя планы Лукашэнкі акажуцца марнымі. Калі на вуліцу выйдзе 100 тысяч народу,то не дапаможа ні служба бясьпекі прэзыдэнта, ні КГБ, ні МУС”.

У гэтыя дні мы праводзілі шмат апытаньняў на вуліцах розных беларускіх гарадоў. Амаль усе людзі, калі ў іх прасілі выказацца наконт таго, ці магчымае паўтарэньне ўкраінскіх падзеяў у Беларусі ў 2006 годзе, адказвалі адмоўна. Многія спасылаліся на адрозьненьні ў мэнталітэце, але насамрэч, выглядае, галоўная прычына — у непараўнальных палітычных сыстэмах, у ступені грамадзянскай свабоды, у становішчы дэмакратычнай апазыцыі. Дэмакратычныя сілы ва Ўкраіне ўсё апошняе дзесяцігодзьдзе мелі ўплывовыя парлямэнцкія фракцыі, доступ да мэдыяў, у тым ліку электронных. Грамадзяне Ўкраіны не баяліся ўдзельнічаць у масавых вулічных акцыях — за гэта іх не зьбівалі дубінкамі, не аддавалі пад суд і не звальнялі з працы. У сёньняшняй Беларусі іншыя ўмовы, якія зусім не спрыяюць зьяўленьню свайго, беларускага Віктара Юшчанкі.

Ліст ад Міколы Чыбісава зь мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Слухач адгукнуўся на нядаўна агучаны намер улады забараніць аздараўленьне беларускіх дзяцей за мяжой, якое паўтара дзясятка гадоў праводзяць заходнія дабрачынныя арганізацыі. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Прэзыдэнт спалохаўся, што дзеці пабачаць нармалёвае жыцьцё на Захадзе і задумаюцца над тым, чаму ў Беларусі ўсё па-іншаму. Дык няхай гэтыя дзеці замест заходняй раскошы назіраюць за так званай “гераічнай” працай сваіх бацькоў на калгасным полі, за якую тыя атрымліваюць мізэрны заробак, якога хапае на кавалак хлеба ды бутэльку гарэлкі. Нядаўна я прачытаў: у Эўропе бамжу плацяць пяць эўра на дзень. А калі прыйдзе па дапамогу з сабакам — будзе мець сем з паловай эўра. Пералічыце на нашы грошы. Гэта ж атрымліваецца, што эўрапейскі беспрацоўны жыве за кошт сацыяльнай дапамогі лепш за нашага рабочага”, — напісаў у сваім лісьце на Свабоду Мікола Чыбісаў з Казлоўшчыны Дзятлаўскага раёну.

Дапамога беспрацоўным у большасьці краінаў Эўропы, спадар Чыбісаў, вымяраецца зусім не пяцьцю эўра на дзень. Напрыклад, у Нямеччыне і Францыі штомесячная выплата чалавеку, які не па ўласнай віне страціў працу, складае больш як тысячу эўра. Тут увогуле ня можа быць ніякага параўнаньня з заробкамі ў беларускіх калгасах альбо на заводах. Вы, напэўна, маеце на ўвазе беспрытульных бадзягаў, якія і не імкнуцца шукаць працу, не стаяць на ўліку на біржах. Такія людзі на Захадзе таксама маюць права на дапамогу, якой хапае на харчаваньне. І гэтая дапамога, сапраўды, сувымерная зь сярэднімі заробкамі ў Беларусі.

Ліст ад Міхаіла Адаркіна з Гомелю. Слухач піша:

“Марксісцка-ленінская ўтопія так заблытала наш народ, што ён ня ведае, куды ісьці. Чым хутчэй мы забудзем гэтую ўтопію, тым хутчэй узаб’емся на правільную дарогу. У нас вельмі недасканалая сыстэма галасаваньня: бюлетэні, скрынкі, ручны падлік. Усё гэта лёгка падрабіць, што паўсюль і робіцца. Вось калі б была электронная сыстэма галасаваньня — асабістыя плястыкавыя карткі, электронныя сеткі, маніторы… Зрабіць такую сыстэму лёгка могуць нашы навукоўцы.

А ўвогуле, беларусам патрэбна парлямэнцкая рэспубліка. Бо якога б прэзыдэнта мы ні выбралі, усё роўна застанемся дзецьмі ўтапічнага камунізму. І толькі парлямэнцкая рэспубліка магла б паступова паляпшаць нашае жыцьцё. Вунь, у Вялікабрытаніі парлямэнт кіруе ўжо колькі стагодзьдзяў — і ніякай дыктатуры. Дзеля гэтага трэба правесьці ў Беларусі рэфэрэндум — і тады мы назаўсёды пазбавімся ад пагрозы дыктатуры і адновім добрае імя беларусаў”.

А як, спадар Адаркін, на вашую думку, паставіўся б да такога рэфэрэндуму Аляксандар Лукашэнка, які мае сёньня ў Беларусі фактычна неабмежаваную ўладу? Ці спадабалася б яму пэрспэктыва перадаць гэтую ўладу парлямэнту, у якога ён яе з такой цяжкасьцю адабраў у 1996 годзе і зрабіў пажыцьцёвай у выніку нядаўняга кастрычніцкага рэфэрэндуму?

Што да электроннай сыстэмы галасаваньня — то, на жаль, яна не дае ніякіх гарантыяў ад фальсыфікацыяў. Усё залежыць ад людзей, якія арганізоўваюць выбары і лічаць галасы. Напісаць непраўдзівыя лічбы на паперы ці ў кампутары — прынцыповай розьніцы няма.

На заканчэньне ліст ад Міколы Канаховіча з Пружанаў. Слухач піша:

“Неяк перад жнівом Лукашэнка праводзіў чарговую сэлектарную нараду са сваімі “вэртыкальшчыкамі”. І вось тады мяне вельмі ўразіў адзін эпізод, які не дае спакою і па сёньняшні дзень. Адзін з буйных начальнікаў раптам параўнаў Лукашэнку з Богам. Гэта прагучала так ашаламляльна, што ў мяне ледзь мову не адняло. Думалася: вось-вось Лукашэнка дасьць добры адлуп за такое параўнаньне. Але ён прамаўчаў — значыць, напэўна, пагадзіўся з такім узьвялічваньнем. А можа, гэта было проста замбаваньнем электарату перад рэфэрэндумам, каб людзі прагаласавалі, не асэнсаваўшы, што робяць, каму аддаюць пажыцьцёвую ўладу?”

І асобнымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, і некаторымі пісьменьнікамі ды мастакамі ня раз за апошнія дзесяць год рабіліся спробы ў той ці іншай форме ўзьвялічыць ды ўвекавечыць вобраз першага прэзыдэнта Беларусі. Але самім Аляксандрам Лукашэнкам гэтыя спробы ні ўхваленыя, ні падтрыманыя не былі. Калі б здарылася па-іншаму — на вуліцах беларускіх гарадоў ужо даўно стаялі б бронзавыя скульптуры і віселі партрэты з выявамі, так бы мовіць, “мудрага кіраўніка” і “геніяльнага палітыка”.

Створаная ў Беларусі сыстэма ўлады вельмі спрыяе зьяўленьню і разьдзьмуваньню культу асобы. Але пры адной умове: што гэтая асоба дасьць на тое дазвол. Дазволу такога няма. Чаму? Адказ нібыта відавочны. Большая палова беларускага народу памятае, як узрывалі помнікі Сталіна на гарадзкіх плошчах, як расказвалі анэкдоты пра залатыя зоркі Брэжнева і ягоныя “геніяльныя” літаратурныя здольнасьці. Сапраўдная цана прыжыцьцёвых помнікаў так званым “геніяльным правадырам” становіцца відавочнай адразу пасьля таго, як правадыр сыходзіць у нябыт альбо страчвае пасаду.

Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Васіль Вакулін зь вёскі Нямержа Драгічынскага раёну, Леанід Хруцкі зь вёскі Новазаслонава Лепельскага раёну, Пётар Кір’янаў зь Берасьця, Васіль Куніцкі і Мікалай Волін зь Менску і Міхаіл Леках з Рыгі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
XS
SM
MD
LG