Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даганяючы не нацалуесься


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Журналістка “Звязды”, пераклаўшы на беларускую рэплікі свайго суразмоўцы, пакінула бязь зьменаў прыказку – насильно мил не будеш. Расійскамоўную прыказку ў газэтным беларускім тэксьце проста ўзялі ў двукосьсе. У нашай мове, вядома, хапае адпаведнікаў той прыказкі, аднак журналістка й рэдактары не парупіліся іх прыгадаць або пашукаць. Паводле перакладных акадэмічных слоўнікаў, расійскаму насильно мил не будеш адпавядае беларускае сілком ня будзеш любы. Праўда, гэты адпаведнік выглядае на сканструяваную лінгвістамі кальку – прынамсі, у даступных мне крыніцах народнае беларускае мовы выразу сілком ня будзеш любы я не знайшоў. Канстатуючы яго й дапускаючы яго ўжываньне, варта ўсё ж прыпомніць традыцыйныя, рэгулярныя ў аўтэнтычным маўленьні адпаведнікі.

Маю найперш на ўвазе прыказку даганяючы не нацалуесься. Вядомы таксама рад яе варыянтаў: даганяючы не пацалуесься, даганяючы не нацалавацца, даганяўшы не нацалавацца. У “Пінскай шляхце” Дуніна-Марцінкевіча чытаем словы Куторгі: “Ну, я гатоў вам удружыць, толькі як ваша дачка захімэрычыцца ды адцураецца ад мяне, то што тады? Вы ж ведаеце прыпавесьць: даганяючы не нацалавацца”. У Барадулінавым “Здубавецьці” заўважыў яшчэ адзін варыянт памянёнае прыказкі: нагінаючыся не нацалуесься. І яшчэ колькі адпаведнікаў, выпісаных з “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем” аўтарства Зьмітра Санька: упрошваючы не намілуесься; не памогуць і чары, як каму хто не да пары; нарэшце, чыста жаночы варыянт – сілаю ня быць мілаю.

Як заўсёды, ёсьць з чаго выбраць – даволі толькі агледзецца. Даганяючы не нацалуесься, упрошваючы не намілуесься – традыцыйныя беларускія адпаведнікі расійскага насильно мил не будеш.
XS
SM
MD
LG