Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мечаслаў Грыб: “Найноўшая гісторыя” тэлеканалу ОНТ створаная дзеля інтарэсаў аднаго чалавека


Ігар Карней, Менск Увечары 30 лістапада тэлевізійны канал ОНТ паказаў першую частку 12-сэрыйнага дакумэнтальнага фільму “Найноўшая гісторыя”. Раней гэтая спроба асэнсаваньня апошніх дзесяцігодзьдзяў беларускай гісторыі шырока рэклямавалася на беларускіх тэлеканалах. Як да ўбачанага паставіліся героі стужкі, якіх у якасьці экспэртаў запрасілі тэлевізыйшчыкі?

Аўтарам тэлевэрсіі найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі – генэральны дырэктар канала ОНТ Юрый Казіятка. Кіраўніком праекту – старшыня гэтага ж канала Рыгор Кісель. Тэкст за кадрам чытае вядучы праграмы навінаў Аляксандар Аверкаў.

(Аверкаў: ) “Сёньня аналітыкі сыходзяцца ў меркаваньні: беларускі палітычны лад ўзору 1991-1994 гадоў прынёс краіне калясальныя страты. Сыстэма кіраваньня краінай, у якой не было адзінага цэнтру цяжару, у прынцыпе не магла быць эфэктыўнай”.

Адзін з такіх аналітыкаў, былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб кажа, што падобныя адно на другое меркаваньні экспэртаў сталіся вынікам звычайнага тэлевізійнага мантажу.

(Грыб: ) “Прыехалі, запісалі. Паабяцалі са мной матэрыял узгадніць. Мы разьвіталіся, але яны як зьехалі, так і зьехалі. Звычайнае “кідалава”: паабяцаць і не зрабіць. Што да маіх выступаў, то яны ўзялі толькі тое, што ім было патрэбна. Назва “Найноўшая гісторыя” была б нядрэнная, але ствараецца гэтая “гісторыя” ўдзелам аднаго чалавека і дзеля гэтага ж чалавека. І напісаная яна, як і ўсе падобныя гісторыі – суб’ектыўна і пад інтарэсы аднаго чалавека”.

Спадар Грыб зазначае, што стужка перапоўненая няпраўдай.

І найвялікшай ён лічыць культывацыю міту пра пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі падчас ратыфікацыі ў Вярхоўным Савеце Белавескіх пагадненьняў.

(Аверкаў: ) “Вынікі галасаваньня: 263 “за”, два устрымаліся, адзін – “супраць”. Гэтым адзіным дэпутатам, прагаласаваўшым супраць развалу СССР, быў дэпутат Аляксандар Лукашэнка. Ён і дагэтуль адстойваў у парляманце пазыцыю на захаваньне Саюзу”.

Былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, якому за “развал Саюзу” у стужцы Юрыя Казіяткі “дасталася” больш за астатніх, мае на гэты конт іншае меркаваньне.

(Шушкевіч: ) “Вынікі захаваліся, пратакольна занатаваная прысутнасьць дэпутатаў. Галасаваньне было таемным, але я перакананы: так як “супраць” – адкрыта, з грунтоўнай матывацыяй выступіў Валерый Ціхіня, то я думаю, што гэта менавіта ён галасаваў супраць. А далей – два чалавекі сапраўды ўстрымаліся і некалькі адсутнічалі, у тым ліку і Лукашэнка. Яго не было. Але хлусьня – гэта спосаб ягоных дзеяньняў”.

Бальшыня апытаных экспэртаў сыходзіцца ў меркаваньні, што “Найноўшая гісторыя” зробленая дзеля таго, каб чарговы раз пераканаць беларускі электарат, нібы альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку не было ў 1994 годзе і няма цяпер.
XS
SM
MD
LG