Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўная Рада накіравала ў адстаўку ўрад і прэм''ера Януковіча, які сёньня сябе дрэнна адчувае


Валер Каліноўскі, Кіеў Вярхоўная Рада Ўкраіны пры падтрымцы соцень тысячаў дэманстрантаў, якія стаялі ля сьценаў парлямэнту, сёньня прыняла рашэньне выказаць недавер і адправіць у адстаўку дзейнага старшыню ўраду Віктара Януковіча. Рада зьвярнулася да прэзыдэнта з прапановай сфармаваць урад народнага даверу.

Учора парлямэнт Украіны з-за пазыцыі фракцыі камуністаў ня змог ухваліць пастанову пра адстаўку ўраду Януковіча. Сёньня сытуацыя кардынальна зьмянілася, але ўсё роўна рашэньне далося складана. Праўрадавыя фракцыі і дэпутаты ад КПУ, за выключэньнем пісьменьніка Барыса Алійныка праігнаравалі паседжаньне, рэшта адчувала моцны ціск з боку адміністрацыі дзейнага прэзыдэнта.

Тым ня меней, агульная сытуацыя зьмяняецца не на карысьць Януковіча, усё новыя і новыя дэпутаты пакідаюць праўрадавыя фракцыі. Гэтаму моцна паспрыяла пазыцыя Віктара Януковіча, які падтрымаў зьезд сэпаратыстаў у Северскаданецку.

Галоўнае ж, што апазыцыі ўдалося дамагчыся таемнага галасаваньня па пастанове. Тым ня меней, дэпутатам давялося перагаласоўваць і атрымалі яны мінімальны запас галасоў. Пры неабходных 226 за адстаўку кабінэту Януковіча і фармаваньне ўраду народнага даверу прагаласавала 229 дэпутатаў.

Агітуючы за гэтае рашэньне, прадстаўнікі апазыцыі зазначалі, што ўрад народнага даверу, які будзе дзейнічаць да прысягі новага прэзыдэнта, прапанавана ўзначаліць цяперашняму сьпікеру Рады Ўладзімеру Літвіну, і што ўсе тыя добрыя спэцыялісты, якія працуюць у цяперашнім кабінэце, застануцца.

Такім чынам, Вярхоўная Рада накіравала ў адстаўку ўраду Януковіча і зьвярнулася да дзейнага прэзыдэнта Кучмы з прапановай разам з спадаром Літвіным сфармаваць новы ўрад з улікам меркаваньняў парлямэнцкіх фракцыяў. Сёньня ж дэпутаты хацелі накіраваць ў адстаўку пракурора Генадзя Васільева, але для гэтага ім не хапіла 20 галасоў.

Вярхоўная Рада таксама прыняла рашэньне аб разблякаваньні адміністратыўных будынкаў у Кіеве. Тым часам Леанід Кучма паведаміў, што Віктар Януковіч сябе дрэнна адчувае, у яго высокая тэмпэратура, і ён не прысутнічаў на сёньняшняй нарадзе кабінэту зь дзейным прэзыдэнтам па праблемах эканомікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG