Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі застаецца пагроза эпідэміі СНІД з-за нізкай сэксуальнай культуры – сьцвярджае экспэрт


Ганна Соусь, Менск Сёньня – Усясьветны дзень прафіляктыкі СНІД. Паводле апошніх дадзеных, у Беларусі афіцыйна зарэгістравана 6 тысячаў 116 ВІЧ-пазытыўных. Год таму іх было каля 5 тысячаў. Адмыслоўцы кажуць, што ў Беларусі адзначаецца рост заражэньняў ВІЧ-інфэкцыяй праз сэксуальныя кантакты.

Сёлета ў Беларусі было выяўлена 102 новыя выпадкі заражэньня ВІЧ-інфэкцыяй. Большасьць інфікаваных – гэта моладзь ва ўзросьце ад 15 да 29 гадоў, а 75% інфікаваных – мужчыны.

Гаворыць каардынатар Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ/СНІД у Беларусі Аляксей Ільніцкі.

(Ільніцкі:) “Я думаю, што другой хвалі эпідэміі СНІД у Беларусі ня будзе, аднак такая пагроза застаецца ва ўсіх краінах, дзе эпідэмія выйшла за абмежаваныя групы рызыкі і перайшла на групы насельніцтва. У Беларусі такі працэс цяпер адбываецца. Ён яшчэ не завяршыўся. Упершыню за апошнія гады сёлета адразу 50% новых выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі прыходзіцца на сэксуальныя кантакты, а не на ін’екцыйнае ўжываньне наркотыкаў”.

Паводле Аляксея Ільніцкага, пагроза новай хвалі эпідэміі СНІД у Беларусі застаецца з прычыны нізкай сэксуальнай культуры. Многія не засьцерагаюцца і не праходзяць тэставаньне на ВІЧ-інфэкцыю.

Кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня “‘Пазытыўны’ рух” Натальля Каржаева лічыць, што ў Беларусі ВІЧ-пазытыўным людзям вельмі складана сацыяльна адаптавацца ў грамадзтве.

(Каржаева: ) “Праблема адсутнасьці кантактаў і праблема адсутнасьці людзей, якія маглі б падтрымаць у момант атрыманьня дыягназу. Выходзячы з мэдычнай установы, чалавек апынаецца ў ізаляцыі, таму што, як правіла, людзі ня хочуць у першы момант нікому расказваць пра тое, што яны ВІЧ-пазытыўныя, чакаючы нэгатыўнай рэакцыі. Самая складаная праблема – гэта сацыяльная ізаляцыя, і з гэтым мы і спрабуем працаваць, спрабуем дапамагчы людзям адчуць сябе патрэбнымі, адчуць, што жыцьцё працягваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG