Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыцьцё Белдзяржфілярмоніі затрымліваецца празь недахоп грошай на завяршэньне рамонту


Юлія Шарова, Менск Фэстываль “Беларуская музычная восень” праходзіць у Менску па-за сьценамі філярмоніі, хоць раней меркавалася, што адкрыцьцё залі прымяркуюць якраз да гэтай культурнай падзеі. Будынак Беларускай дзяржаўнай філярмоніі зачынены на рамонт ужо трэці сэзон запар, і ўсе філярманічныя канцэрты адбываюцца на іншых пляцоўках.

Раней кіраўніцтва філярмоніі заяўляла, што рамонт практычна скончаны, і заля адчыніцца для публікі ў канцы лістапада. Новая затрымка з адкрыцьцём філярмоніі тлумачыцца тым, што на поўнае завяршэньне яе рамонту патрэбныя грошы, а іх яшчэ не перавялі – пра гэта мне паведаміў намесьнік дырэктара філярмоніі Анатоль Кравец. Разам з тым ён спадзяецца, што рамонт усё ж завершыцца ў хуткім часе.

(Кравец: ) “Я мяркую, што дзяржава знойдзе на гэта сродкі. Хоць цяжка. Вы ведаеце, што бібліятэка будуецца, на чарзе опэрны тэатар – такія магутныя аб’екты, якія трэба забясьпечыць фінансаваньнем”.

Між тым, паўтара месяца таму ў залі філярмоніі адбылася вечарына, прымеркаваная да дня работнікаў культуры, хоць усе рамонтныя работы не завершаныя, і акт прыёмкі будынку адміністрацыя не падпісала. Анатоль Кравец кажа, што гэта было зачыненае мерапрыемства, не для шырокай публікі, і таму сваіх людзей у залю пусьцілі.

(Кравец: ) “Папросту сабраліся работнікі культуры з усёй Беларусі й правялі такое мерапрыемства. Тут, прабачце, яшчэ непрыбрана было, ну а ў сваёй хаце можна, як кажуць, пасядзець і калі ня ўсё прыбрана. Нават тэлевізіі не было. Мы папрасілі, каб гэта не афішавалася. Мы зрабілі такі спробны варыянт і паглядзелі”.

Са словаў спадара Краўца, заля цяпер у неблагім стане, але яна яшчэ недаробленая. Калі ўсе фінансавыя сродкі паступяць у бліжэйшы час, то можна спадзявацца, што рамонт скончыцца пасьля новага году, і будынак філярмоніі адчыніцца яшчэ ў гэтым канцэртным сэзоне. Наагул, грошы на гэтыя патрэбы рэгулярна паступаюць, цьвердзіць мой суразмоўца, але ж ня ў тым аб’ёме, каб рамонт ішоў хутка.
XS
SM
MD
LG