Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Селянін з Бялыніцкага раёну займаецца радыёаматарствам дзеля свабоды зносінаў


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць У вёсцы Малы Кудзін у Бялыніцкім раёне жыве чалавек, які можа ў любы момант зьвязацца ледзь не зь любым месцам ў сьвеце. Ігар Духовіч – адзіны радыёаматар у сваім сельскім раёне, які мае зарэгістраваную кароткахвалевую радыёстанцыю. Навошта селяніну радыётэхніка і якую карысьць ён мае ад такога “хобі”, спрабавала даведацца ў бялыніцкага радыёаматара наша карэспандэнтка.

Хата Ігара Духовіча вылучаецца сярод іншых у вёсцы Малы Кудзін вялікай колькасьцю розных антэнаў. У гаспадара ёсьць шмат тэхнічных прыстасаваньняў, дзякуючы якім радыёпазыўныя Ігара ведаюць, напрыклад, у Нью-Ёрку і Лёндане. Таму самую галоўную карысьць ад даволі незвычайнага для селяніна “хобі”спадар Духовіч бачыць у свабодзе зносінаў.

(Духовіч: ) “Я вельмі проста магу цяпер (проста ў гаспадарцы шмат спраў) сесьці на асобныя ўчасткі дыяпазону, дзе дальнія экспэдыцыі працуюць, і ўжо дзе-небудзь на Карыбскіх выспах апынуцца ў размовах”.

Прабачце за даволі дрэнную тэлефонную сувязь з вёскай... Дарэчы, з пошукаў сродкаў сувязі і пачалося захапленьне Ігара радыётэхнікай, калі яму было 10 гадоў. Потым Ігар вывучаў радыёэлектроніку ў авіяцыйнай вучэльні і з войска вярнуўся ў сваю вёску, дзе яму паабяцалі жыльлё. Цяпер Ігар Духовіч выкладае асновы радыётэхнікі дзецям у Кудзінскай сельскай школе, а ў вольны час размаўляе з калегамі ва ўсім сьвеце.

Пра што ён размаўляе з людзьмі ў іншых краінах, і хто гэтыя людзі? Радыёаматараў вельмі шмат – гэта вельмі папулярная справа у сьвеце. У Беларусі, сказаў Ігар, іх тысячаў дзесяць. А размаўляць можна з кім заўгодна. Гэта робіцца з дапамогай “марзянкі” альбо голасам.

(Духовіч: ) “З расейскімі станцыямі, дальнеўсходнімі, эўрапейскімі можна “балбатаць” колькі заўгодна. Можна і пра палітыку – раней было забаронена, а цяпер можна што хочаш. Усе скардзяцца – расейцы ды беларусы. Ніхто не пахваліць, скардзяцца”.

Аднавяскоўцы спадара Ігара да радыёаматарства ставяцца насьцярожана. Найбольш “пільныя” людзі зьвяртаюцца ў розныя інстанцыі на вялікую колькасьць антэнаў і выкарыстаньне электрычнасьці – падазраюць нейкі непарадак. Многім незразумела: ну жыве чалавек, ёсьць сям’я, праца, гаспадарка: ну што, маўляў, гэтаму дзіваку яшчэ трэба?

Праўда, Ігар Духовіч ня вельмі хвалюецца з гэтай нагоды. Дзеці, якія займаюцца ў яго гуртках, задаволеныя. Дый такое хобі можа потым у жыцьці дапамагчы зарабіць капейчыну. Сам Ігар стаў майстрам у радыёэлектроніцы, можа адрамантаваць ці зрабіць нейкія рэчы сваімі рукамі. Гэты вясковец-радыёаматар лічыць, што чым скардзіцца на дрэннае жыцьцё і піць горкую, трэба займацца любімай справай і імкнуцца да лепшага жыцьця.
XS
SM
MD
LG